Вы тут

Як вырашаецца праблема бяспекі ў школах Гродзеншчыны


Рэзанансная трагедыя ў Стоўбцах, дзе загінулі настаўніца і вучань, прымусіла прадстаўнікоў розных структур не толькі задумацца, чаму гэта здарылася, але і прыняць меры па прадухіленні падобных жудасных фактаў.


Вахцёр, кнопка, турнікет...

Трэба сказаць, што сістэмная работа па павышэнні бяспекі ўстаноў адукацыі пачалася на Гродзеншчыне яшчэ ў канцы мінулага года. З ініцыятывай выступіла абласная пракуратура. Пасля яе зацвярджэння абласным выканаўчым камітэтам трывожныя кнопкі з'явіліся ў школах і садках. Такім чынам быў ахоплены 371 аб'ект, які знаходзіцца ў зоне ўвагі Дэпартамента аховы. Цяпер гэта работа працягваецца. Ужо ўстаноўлены 450 званкоў выкліку, якія абсталяваны на вахце і схаваны ад старонніх вачэй. Як паведамілі ў абласной пракуратуры, ніводная кнопка пакуль не спрацавала.

У школах пачалася работа па абсталяванні турнікетаў, праз які можа прайсці толькі той, хто мае спецыяльны электронны «ключ». А яны выдаюцца выключна школьнікам і работнікам установы. Гэта дазваляе кантраляваць усіх, хто праходзіць.

Нягледзячы на тое, што такая сістэма і паказала сябе найбольш эфектыўна, пакуль фінансавае становішча не дазваляе ўкараніць яе масава. Гэта датычыцца і трывожных кнопак. Школы, якія аддалены ад зоны рэагавання Дэпартамента аховы, наймаюць вартаўнікоў.

Разглядаецца пытанне аб увядзенні ў школах пастоў пазаведамаснай аховы. З такой прапановай выступіла абласная пракуратура.

Увогуле, у рэгіёне рыхтуюцца да маштабных і скрупулёзных аператыўных мерапрыемстваў. У першую чаргу спецыяльныя камісіі правядуць рэвізію ўсіх ахоўных сістэм навучальных устаноў. Будзе праверана, наколькі якасна працуюць трывожныя кнопкі. Напрыклад, пракуратурай выяўлены факты, калі дагаворы на іх работу заключаны на пэўны адрэзак часу — з 24 да 6 гадзін раніцы, калі ў школе і так няма дзяцей.

Будуць узяты пад кантроль і пазашкольныя ўстановы — дзіцячыя цэнтры, спартыўныя секцыі. Іх таксама правераць на бяспеку.

У дапамогу — педагогі і псіхолагі

Праблема бяспекі гучала ў розных кантэкстах і на абласной калегіі сістэмы адукацыі, якая адбылася на мінулым тыдні. Удзельнік калегіі, начальнік упраўлення Камітэта дзяржбяспекі па Гродзенскай вобласці Аляксандр Невяроўскі, зрабіў акцэнт на ўзаемадзеянні ўсіх службаў па папярэджанні сітуацыі. На яго думку, недастаткова ўстанавіць трывожныя кнопкі ва ўстановах адукацыі, камеры відэаназірання, арганізаваць электронную прапускную сістэму. Работа павінна выйсці на новы ўзровень. Педагогам, псіхолагам варта звяртаць увагу на дзяцей, схільных да жорсткасці ці, наадварот, вельмі замкнутых.

Як было агучана на калегіі, ва ўстановах адукацыі вобласці ёсць праблема з сацыяльнымі педагогамі і педагогамі-псіхолагамі. Часцей за ўсё на гэтых пасадах пачынаюць сваю адпрацоўку маладыя спецыялісты, якія не заўсёды застаюцца на сваіх рабочых месцах. Ёсць дэфіцыт вопытных кадраў.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі, намеснік старшыні профільнай камісіі Аляксандр Сягоднік падчас калегіі параіў педагогам цясней працаваць з бацькамі. Яны могуць больш актыўна ўдзельнічаць у жыцці школы, а галоўнае — у жыцці сваіх дзяцей.

Бацькі нясуць адказнасць, але...

Ролю бацькоў адзначылі ў абласной пракуратуры падчас сустрэчы з журналістамі, якая днямі адбылася ў наглядным ведамстве. Па словах намесніка пракурора Святланы Рахман, у адміністрацыйным заканадаўстве існуе толькі адзін артыкул, які дазваляе прыцягнуць бацькоў да адказнасці за невыкананне абавязкаў па выхаванні дзяцей. Гэта можа адбыцца ў двух выпадках — калі непаўналетні здзейсніў адміністрацыйнае правапарушэнне альбо злачынства, але не дасягнуў узросту прыцягнення да крымінальнай адказнасці. Аднак існуе нямала іншых сітуацый, калі бацькі павінны быць адказнымі за сваіх дзяцей, лічыць работнік пракуратуры.

Каб замацаваць гэтую адказнасць заканадаўча, ведамствам не аднойчы ставілася гэта пытанне перад дэпутатамі. Гэты заканадаўчы прарэх таксама варты разгляду, лічыць намеснік пракурора вобласці.

Святлана Рахман расказала аб суіцыдзе, які нядаўна адбыўся ў адным з каледжаў Лідскага раёна. Хлопец у запісцы паведаміў, як ён жыў у сям'і, з якім «пеклам» у душы. І невядома, на каго мог «выліцца» такі стан падлетка. Альбо супраць сябе, альбо супраць тых, хто яго атачае. Пракуратура будзе разбірацца ў тым, што праглядзеў педагагічны калектыў, псіхалагічная служба. У той жа час узнікае пытанне: чаму ўся адказнасць кладзецца толькі на педагогаў? Як сведчыць ліст, многія факты якраз сведчаць супраць бацькоў...

«Нас трэба ўспрымаць усур'ёз»

А што аб мерах бяспекі і яе прафілактыцы лічаць самі падлеткі? Я пагутарыла з вельмі актыўнай 16-гадовай дзяўчынай, навучэнкай 11-га класа гродзенскага ліцэя Таццянай Жукавец. Нядаўна яна была абрана старшынёй маладзёжнага парламента Гродзенскай вобласці.

Таццяна не спрачаецца з тым, што ў падлеткаў нестабільная псіхіка. Таму меры бяспекі лішнімі не будуць. У тым ліку і дапамога псіхалагічнай службы. Сама Таццяна не бачыць нічога ганебнага ў тым, каб абмеркаваць сваю праблему са спецыялістам, яна не аднойчы звярталася па параду да свайго школьнага псіхолага, якога лічыць сапраўдным прафесіяналам. Але ён не так даўно звольніўся і на яго месца прыйшла малады спецыяліст. Яе падыход да справы Таццяна ацэньвае як фармальны.

З другога боку, не ўсе бацькі імкнуцца скарыстацца падтрымкай псіхалагічнай службы. Сярод старэйшага пакалення існуе кансерватыўны падыход да гэтай сферы. А між іншым, вопытны спецыяліст здольны падказаць бацькам, як не прапусціць той момант, калі пачне браць верх падлеткавы максімалізм. І калі на гэта не звярнуць увагу, малады чалавек сам пачне шукаць выйсце, нярэдка ў агрэсіі, — робіць свой вывад Таццяна. «Вельмі важна ісці разам, — дзеліцца яна сваім уласным вопытам. — Многія не ўспрымаюць падлеткаў усур'ёз. А між тым яны, як ніхто, адчуваюць крывадушнасць дарослых, не хочуць з гэтым мірыцца. Разуменне павінна культывавацца ў грамадстве». Дарэчы Таццяна, як старшыня абласнога маладзёжнага парламента, хоча правесці ў найбліжэйшы час пасяджэнне на тэму бяспекі. І такая размова будзе максімальна адкрытай, запэўніла дзяўчына.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.