Вы тут

Якія працэдуры неабходны, каб нарадзіць здаровае дзіця


...32-гадовая жыхарка Жлобіна нарадзіла дзіця, дзяўчынка аказалася з сіндромам Даўна. Жанчына абвінаваціла ўрачоў у тым, што своечасова не выявілі парок развіцця, адмовілася ад дзіцяці ў раддоме, не жадае плаціць на яго ўтрыманне аліменты і збіраецца падаць на медыкаў у суд. Маўляў, з магчымасцямі сучаснай медыцыны гэта памылка цалкам на сумленні ўрачоў. Выпадак выклікаў вялікі рэзананс у СМІ. Ці ёсць імавернасць прапусціць прыроджаныя парокі развіцця, якія абследаванні павінна зрабіць цяжарная жанчына і чаму сіндром Даўна ў многіх краінах свету не з'яўляецца абавязковым паказаннем для перарывання цяжарнасці, мы распыталі ўрача з 34-гадовым стажам, гінеколага медыцынскага цэнтра «Ладэ» Марыю ВАРАБ'ЁВУ.


— Марыя Станіславаўна, якія аналізы дазваляюць выявіць прыроджаныя парокі?

— Найперш біяхімічны скрынінг, які выконваецца на тэрміне ад 10 з паловай да 13 з паловай тыдняў цяжарнасці. Гэта аналіз крыві на вызначэнне альфа-фетапратэіну — асаблівага бялку, які выпрацоўваюць тканкі эмбрыёна. У кожны тэрмін цяжарнасці ён мае адпаведны ўзровень. І на названым тэрміне найбольшая імавернасць паставіць дакладны дыягназ. У Мінску для такога скрынінгу жанчына накіроўваецца ў перынатальныя цэнтры, якія працуюць на базе РНПЦ «Маці і дзіця», 2-га раддома і 1-й гарадской клінічнай бальніцы. Яна праходзіць ультрагукавую дыягностыку і біяхімічны скрынінг. Калі выяўляюцца рызыкі, жанчыну запрашаюць на дадатковае абследаванне. Рызыкі вызначае камп'ютарная праграма: яна аналізуе такія параметры, як узрост цяжарнай, біяхімічныя паказчыкі і даныя ультрагукавога даследавання. Нават калі паасобку паказчыкі ў межах нормы, у комплексе яны могуць сведчыць аб пэўнай небяспецы, пра што і паведаміць даследаванне. У такім выпадку жанчыне прапануецца прайсці амніяцэнтэз — атрыманне каляплодных вод для далейшага іх даследавання на наяўнасць маркёраў парокаў развіцця.

Трэба сказаць, што ў Беларусі біяхімічны скрынінг робяць усім цяжарным жанчынам, якія своечасова становяцца на ўлік да гінеколага. У некаторых краінах свету, напрыклад у Англіі, яго праходзяць толькі жанчыны з груп рызыкі, бо гэта нятанны аналіз.

— Калі прайсці ўсе гэтыя працэдуры, ці ёсць рызыка прапусціць парокі?

— Асабіста я не ведаю выпадкаў, калі б быў выкананы амніяцэнтэз, які не выявіў сіндрому Даўна, але нараджалася б дзіця з гэтым сіндромам. Не выключана, што можа развіцца іншая паталогія — за кошт інфекцыі ці, напрыклад, пнеўманіі, якія здарыліся падчас цяжарнасці. Гэта таксама будзе прыроджаная паталогія, але не генетычна дэтэрмінаваная.

— Якія парокі, акрамя сіндрому Даўна, выяўляюцца падчас такіх абследаванняў?

— Прыроджаныя парокі нервовай трубкі, а гэта ўся прыроджаная паталогія нервовай сістэмы, таксама сіндромы Эдвардса, Патау. Амніяцэнтэз дастаткова адчувальны і да іншых прыроджаных парокаў. Акрамя таго, да 22 тыдня цяжарнасці прызначаецца яшчэ адно ультрагукавое даследаванне, бо ёсць парокі, якія развіваюцца на раннім этапе, а ёсць тыя, што з'яўляюцца пазней — у працэсе росту плода. Іх можна ўбачыць у 20 тыдняў. Спецыяліст ультрагукавой дыягностыкі павінен быць вопытным прафесіяналам, дакладна ведаць, якую карціну на маніторы мае той ці іншы парок.

Што датычыцца сіндрому Даўна, то ва ўсім свеце ён не з'яўляецца абавязковым паказаннем да перарывання цяжарнасці. Бо ўжо прызнана, што такія дзеці жыццяздольныя, паддаюцца навучанню, не ўяўляюць небяспекі для грамадства. У многіх еўрапейскіх краінах, напрыклад у Швецыі, такія людзі нават працуюць.

— Якія жанчыны знаходзяцца ў групах рызыкі?

— Задача доктара, які назірае цяжарную, накіраваць яе на ультрагукавы і біяхімічны скрынінгі. І звярнуць увагу на тое, што іх абавязкова неабходна прайсці. А спецыяліст, які робіць УГД, сарыентуе жанчыну далей. У групе рызыкі па ўзросце — дзяўчаты да 18 гадоў уключна і жанчыны, старэйшыя за 35 гадоў. Ёсць групы рызыкі па паталогіі сэрца, калі ў жанчыны, яе блізкіх сваякоў ці ў мужа і яго сваякоў былі парокі сэрца, прыроджаныя анамаліі. Жанчынам з груп рызыкі абавязкова робіцца амніяцэнтэз.

Сёння, дарэчы, з'явіліся цэнтры, якія абследуюць на розныя генетычныя паталогіі, праводзяць так званы генетычны аналіз крыві. Такое даследаванне дазваляе ацаніць стан храмасом, выявіць у іх пашкоджанні ці анамаліі і вызначыць дастаткова вялікі пералік паталогій. Гэта абследаванне можа замяніць амніяцэнтэз. Нягледзячы на тое, што ў дзяржаўных установах генетычны аналіз крыві не робіцца, яго вынікі прымаюць да ведама ў жаночых кансультацыях. Даследаванне нятаннае, і не кожны можа яго сабе дазволіць, гэта і не заўсёды патрэбна. Але гэта альтэрнатыва амніяцэнтэзу.

— Падводзячы вынік, пералічыце абследаванні, якія павінна прайсці жанчына, калі хоча нарадзіць здаровае дзіця?

— Спачатку трэба своечасова стаць на ўлік па цяжарнасці — да 12 тыдняў. Пры гэтым жанчына здае шэраг клінічных аналізаў, кансультуецца ў розных спецыялістаў. Важна, каб яна была здаровай. Калі ёсць нейкія хваробы, трэба выявіць, у якой яны ступені і які ўплыў могуць аказаць на цяжарнасць. У скрынінгавыя тэрміны жанчыну накіроўваюць у перынатальны цэнтр. Па выніках скрынінгу яна атрымлівае заключэнне з далейшымі рэкамендацыямі. Калі няма неабходнасці наведваць генетыкаў паўторна і рабіць амніяцэнтэз, то яна назіраецца ў сваёй кансультацыі ці прыватным медыцынскім цэнтры. Паўторную ультрагукавую дыягностыку цяжарная праходзіць да 22 тыдняў. У 28 тыдняў жанчыне могуць прызначыць дадатковую доплераграфію, а ў тэрміны з 34 да 36 тыдняў праводзіцца абавязковае трэцяе УГД, дакладней ультрагукавая доплераграфія: абследуюцца стан плода, плацэнтарныя цячэнні крыві, высвятляецца, ці дастатковая колькасць крыві паступае да плода, ці няма парушэнняў фетаплацэнтарнага цячэння крыві, як функцыянуе плацэнта. Па гэтых параметрах можна зрабіць выснову, ці правільна развіваецца дзіця. Гэта працэдура не прадугледжвае выяўлення парокаў, бо яны павінны быць знойдзены ў раннія тэрміны. Яна ставіць за мэту выявіць стан плода. Канешне, і на гэтым этапе нельга выключыць паталогію, але яна звязаная з ускладненнем цяжарнасці, калі ў жанчыны назіраецца, скажам, высокі артэрыяльны ціск, імклівы набор вагі, ацёкі, нізкі гемаглабін. Гэта ўсё мае наступствы: плацэнта таксама ацякае, не праводзіць неабходную колькасць крыві, багатай на кісларод, дзіця можа пакутаваць ад гіпаксіі — нястачы кіслароду, ці недахопу харчавання.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Для будучых мам

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.