Вы тут

Як перажыць страту?


Усе мы рана ці позна сутыкаемся ў сваім жыцці са стратамі: развод, расставанне з каханым чалавекам, звальненне з працы, цяжкая хвароба, страта ранейшага сэнсу свайго існавання і, безумоўна, смерць блізкіх. Здаецца, свет разбурыўся, і мы задаём сабе пытанні: «За што мне гэта?», «Чаму гэта здарылася са мной?», «Навошта мне жыць далей?».


— Асноўным ядром псіхалагічнага перажывання з'яўляецца менавіта страта, — тлумачыць урач-псіхатэрапеўт Гарадскога клінічнага псіхіятрычнага дыспансера Наталля СЯДАЧ. — Мы жывём у свеце, дзе ўсё калісьці заканчваецца. Гэта данасць нашага існавання. Людзі паміраюць, адносіны заканчваюцца, нешта губляецца. І гэта натуральна — неяк рэагаваць на страту. Было б дзіўна, калі б нехта, страціўшы блізкага, не пакутаваў. Для таго каб чалавек правільна і не разбуральна для сябе перажыў гора, ён павінен разумець, што само гора і пакуты ў ім — гэта таксама частка жыцця.

Існуюць нават паняцці нармальнага гора і паталагічнага. І вось апошняя форма гаравання — гэта «завязнуць» на нейкай стадыі. І тут важна звяртацца да спецыялістаў — псіхолагаў, псіхатэрапеўтаў — па дапамогу.

Традыцыйна вылучаюць чатыры асноўныя этапы гаравання. Першы — шок ці аняменне, калі чалавек даведваецца аб сваёй страце. Гэта першая рэакцыя, якая выступае ў якасці абароны арганізма, каб уся жудасць ад таго, што здарылася, не абрынулася на псіхіку і не раздавіла яе. Гэта самы кароткі этап, які доўжыцца ад некалькіх хвілін да некалькіх дзён, як правіла, не больш за дзевяць. У гэты перыяд наша свядомасць адмаўляецца верыць. Чалавек альбо знаходзіцца ў ступары, проста застывае, у яго няма мімікі і слёз (замарожаны стан), альбо, наадварот, пачынае вельмі актыўна дзейнічаць. Часцей за ўсё гэта арганізацыйная праца па пахаванні ці нейкая іншая кіпучая дзейнасць, якая хавае пад сабой пакуль яшчэ не праяўленае перажыванне. Яно ўтрымліваецца гэтай актыўнасцю і пакуль не выйшла вонкі. На першым этапе нельга казаць пра нейкае ўсведамленне страты. Чалавек разумее, што нешта здарылася, але ўнутры пакуль прызнання няма. І на гэтым этапе важна не прымаць ніякіх важных рашэнняў, проста разумець, што гэты стан, хутчэй за ўсё, доўга не працягнецца. У гэты час нельга заставацца аднаму, нехта абавязкова павінен быць побач.

Потым пачынаецца наступны этап — адмаўленне ці адхіленне. Гэта этап, які ў норме доўжыцца 40 дзён. Часцей за ўсё чалавек кажа сабе такія словы: «Я не магу ў гэта паверыць, гэта не павінна было здарыцца». Гэта перыяд, калі немагчыма пакуль прызнаць той факт, што страта адбылася. Чалавек можа адчуваць слабасць, знясіленне, парушэнне сну (бяссонніцу ці санлівасць), немагчымасць выконваць звыклыя справы, чаканне, што памерлы вернецца.

Наступны этап — прызнанне і боль. Гэта самы цяжкі працэс ва ўсім гараванні. Тут пачынаюцца самыя вялікія пакуты, калі мы прызнаём, што страта ёсць, яна рэальная, і імкнёмся неяк ужыцца са сваёй сітуацыяй. У гэты час чалавек можа пакутаваць ад цэлай гамы пачуццяў: крыўда, віна, сорам, душэўны боль і іншыя. Часцей за ўсё менавіта на гэтым этапе можа праявіцца агрэсія (як супраць сябе, так і супраць іншых), можа развіцца дэпрэсія.

— Лічыцца, што падчас дэпрэсіі чалавек перажывае разбурэнне ўнутранага свету, — кажа Наталля Сядач. — Няправільнае перажыванне гора і вядзе да дэпрэсіі. І ў выніку, калі распазнанне спазняецца, дэпрэсія можа прывесці як да яўнага суіцыду, так і да схаванага, які ў народзе называюць «смяротнай тугой».

Прызнанне болю доўжыцца ад трох да шасці месяцаў, хоць гэта вельмі індывідуальна. Яно можа цягнуцца і год, калі чалавек рухаецца па шляху прызнання сітуацыі, але зноў адкочваецца ў нежаданне адпускаць свайго блізкага. Гэта самы цяжкі перыяд у працэсе гаравання, і ад яго людзі больш за ўсё хочуць пазбавіцца. І часта кажуць, што раней, калі не верыў у страту, было лягчэй жыць, але гэта ілюзія не мае нічога агульнага з рэальнасцю. І тут важна асэнсаваць: або мы пакутуем і застаёмся ў рэальнасці і тым самым маем шанц ісці далей у гэтым жыцці, або мы застаёмся ў ілюзіі і таксама пакутуем.

— Увогуле, любы пераход на наступны этап можа быць толькі пры адной умове: калі ты яго пражыў, — тлумачыць спецыяліст. — А каб нешта перажыць, трэба гэта перажываць, каб адгараваць, трэба гараваць. Іншых варыянтаў няма. Часта сваё гора людзі хочуць заглушыць, пазбавіцца ад яго хутчэй, але гэта не садзейнічае добраму перажыванню страты. Тое, што заглушаецца, застаецца ўнутры і ў нейкім выглядзе жыве. Пры нармальным перажыванні гора, калі чалавек беражліва да сябе ставіцца, боль паціху павінен сыходзіць.

Падчас пакут мы знясілены, і таму важна беражліва да сябе ставіцца — як клапатлівая маці да дзіцяці. Калі хочацца паспаць — трэба дазваляць сабе гэта. Хочацца паленавацца — даць сабе такую магчымасць і не караць сябе за ляноту. Такая беражлівасць да сябе і аднаўляе сілы.

І калі вы прайшлі праз увесь боль, наступае чацвёртая стадыя — прыняцця ці адраджэння. Гэта час, калі чалавек не проста прызнае той факт, што страта здарылася, але і кажа сабе: «Гэта здарылася ў маім жыцці, і я іду далей».

— Праскочыць праз усе гэтыя этапы немагчыма, можна толькі зрабіць выгляд, што іх няма. Тады яны паселяцца ўнутры і будуць жыць разам з чалавекам, напрыклад у выглядзе псіхасаматычных праяў, — кажа Наталля Сядач.

Заўсёды важна памятаць, што ўсё праходзіць і гора — таксама. І гэта дае сілы яго пераадолець. Таму трэба напамінаць сабе: «Я зараз перажываю гора, і пакутаваць у гэты час — нармальна», «Я не заўсёды буду адчуваць сябе так, як зараз». Пакуты і гора не забіваюць чалавека. Гэта цяжка, але гэта можна перажыць.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Ад шоку да адраджэння

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».