Вы тут

Як выратаваць пакаёвую расліну, у якой жоўкне лісце?


Пажаўценне лісця з'яўляецца адной з першых прыкмет таго, што расліна дрэнна сябе адчувае. Прычыны могуць быць розныя — ад недахопу вільгаці або празмернага паліву да з'яўлення шкоднікаў.


Праверка на стрэс з-за вільгаці

Калі вы заўважылі, што лісце расліны жоўкне, неабходна ўпэўніцца ў адсутнасці прыкмет стрэсу. Найбольш распаўсюджаным стрэсавым фактарам для раслін з'яўляецца занадта вялікая ці занадта малая колькасць вады. Каб даведацца, колькі вільгаці атрымлівае расліна, апусціце палец на 2-3 сантыметры ў яе глебу (не правярайце паверхню глебы, яна звычайна высыхае хутчэй).

Дыягназ: калі глеба на глыбіні 2-3 сантыметраў сухая, то, магчыма, расліна адчувае смагу. Напаіце яе як мага хутчэй і пастарайцеся паліваць больш рэгулярна. А калі глеба на глыбіні 2-3 сантыметраў будзе вельмі вільготнай, то расліна атрымлівае занадта шмат вады. Неабходна ўпэўніцца ў адсутнасці прыкмет гнілі каранёў, напрыклад паху цвілі. Калі ёсць падазрэнне, што расліна пераўвільготнена, адрэгулюйце графік паліву і пастарайцеся перасадзіць яе ў кантэйнер з лепшым дрэнажом.

Шукаем шкодных стварэнняў

Недастатковае ці празмернае ўвільгатненне глебы — найбольш распаўсюджаная прычына пажаўцення лісця. Але калі яна выключана, то, магчыма, вінаватыя шкоднікі. Напрыклад, павуцінныя кляшчы могуць лёгка загубіць расліну.

Звярніце ўвагу на змяненне колеру і формы лістоў. Аглядзіце іх уважліва з абодвух бакоў. Ці ёсць на іх малюсенькія адтуліны і дробныя насякомыя? Павуцінныя кляшчы абцягваюць расліну тонкай павуцінай. А калі заўважылі на лісці расліны пухнаты белы налёт, то вінаватымі могуць быць мучністыя чарвяцы. Паспрабуйце прамыць расліну, абрэзаць пашкоджанае, завялае лісце, а затым апырскайце расліну набытым у краме інсектыцыдным спрэем.

Даць доступ да сонца

Яшчэ адна магчымая прычына, што лісце расліны жоўкне, у тым, што ёй не хапае сонечнага святла. Калі ў вашай кватэры не вельмі шмат натуральнага святла, то, відаць, прыйшоў час для сонечных ваннаў.

Калі расліна стаіць у цёмным куце, разгледзьце магчымасць перасяліць яе ў светлае месца або давайце ёй штодня пару гадзін знаходзіцца на сонцы каля акна. Пры гэтым уважліва назірайце, як яна спраўляецца з пастаянным перасоўваннем, таму што некаторым адчувальным раслінам можа быць цяжка да гэтага прыстасавацца.

Абараніць ад скразнякоў

Многія пакаёвыя расліны з'яўляюцца трапічнымі і, адпаведна, не любяць халоднага надвор'я і скразнякоў. Калі вы трымаеце пальму побач з пастаянна прыадчыненым акном, то не здзіўляйцеся, калі яе лісце пажоўкне.

Падумайце, ці можа расліна застудзіцца, і памятайце, што скразнякі магчымыя не толькі ўзімку. Расліне можа шкодзіць і празмерна актыўны кандыцыянер. Таксама майце на ўвазе, што чым халаднейшае паветра ў кватэры, тым радзей трэба паліваць расліну, таму што вільгаць будзе выпарацца больш павольна. У адваротным выпадку вы яшчэ і затопіце сваю расліну.

Пераканацца, што не галадае

Можна думаць, што расліна атрымлівае ўсе неабходныя пажыўныя рэчывы з глебы, але калі лісце жоўкне, магчыма, гэта паказвае на недахоп пажыўных рэчываў, які перашкаджае фотасінтэзу.

Калі старэйшае лісце на расліне жоўкне, а маладыя лісточкі вырастаюць светла-зялёнымі, гэта можа быць прыкметай дэфіцыту азоту. Шукайце падкормку з гэтым рэчывам і прытрымлівайцеся рэкамендаванай нормы, каб пазбегнуць апёку ўгнаеннем. Пры правільнай колькасці «ежы» расліна зноў стане зялёнай і прыгожай.

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.