Вы тут

Ці можна садзіць елку побач з хатай?


Спадарыня Ляшковіч Т. М. з Мінска задае такое пытанне: «Ці могуць елкі, якія растуць каля плота вакол хаты, пашкодзіць здароўю?».


Елка — дрэва, вакол якога ў беларусаў і іншых славянскіх народаў сфарміравалася шмат супярэчлівых уяўленняў. Яна заўсёды стаяла ў пэўным сэнсе асобна, таму што ў славянскіх народаў лічылася негатыўным дрэвам, дрэвам-энергавампірам. Нават само яно «сканструявана» прыродай так, што самыя вялікія галіны знаходзяцца знізу, каля самай зямлі, тым самым як быццам адштурхоўваюць (адганяюць) чалавека ад сябе, не даючы дакрануцца да свайго ствала.

Елку, жывую або штучную, нясуць перад Новым годам у хату, упрыгожваюць, ператвараючы ў галоўны атрыбут навагодніх імпрэз. Людзі старэйшыя прыгадаюць, што калісьці лапкамі елкі «пракладалі», г. зн. маркіравалі дарогу ад парога хаты, у якой памёр чалавек, да варот могілак. Хтосьці ўспомніць елку невялікага памеру, якая стаяла на вясельным стале перад маладымі на працягу ўсяго вяселля.

Елка была часткай сімволікі пераходу з аднаго сацыяльнага статусу ў іншы: і ў вясельным абрадзе, калі маладыя «паміралі» як хлопец і дзяўчына і «нараджаліся» як муж і жонка, і ў кантэксце пахавальнага абраду — як сімвал шляху чалавека з гэтага на «той» свет. Нават труну часцей за ўсё выраблялі з яловых дошак. Пахавальныя вянкі, гірлянды, якія неслі перад труной з памерлым, таксама збіраліся з яловага лапніку. І навагодняя елка, па сутнасці, сімвалізуе «паміранне» старога года і нараджэнне новага.

Зыходзячы з вышэйсказанага, не дзіва, што ў разгорнутай, адпрацаванай стагоддзямі сістэме забарон і абмежаванняў, рэгламентацый і прадпісанняў з'явілася і забарона саджаць на тэрыторыі сваёй сядзібы елку.

У нас сабрана нямала ўспамінаў старых, а таму мудрых сваім жыццёвым досведам людзей пра тое, як елка, пасаджаная каля хаты, «выжывала» (у сэнсе выцясняла) у літаральным і пераносным сэнсе дамачадцаў: «сям'я выкараніцца». І ў першую чаргу гэта датычылася мужчын: «мужыкі не будуць жыць, паміраць будуць, адны ўдовы будуць». Лічылася, што пасаджаная паблізу хаты елка не дазволіць нараджацца хлопчыкам. Акрамя таго, нашы продкі ўладкоўвалі сваю сядзібу па прынцыпе падабенства (падобнае выклікае падобнае), а таму ніколі не саджалі на яе тэрыторыі непладовыя дрэвы, «інакш у хаце, у гародзе нічога не будзе весціся», а значыць, можна застацца бяздзетнымі. Адным словам, «не будзе шчасця ў двары»...

І наадварот, да гэтага часу існуе міжнародная традыцыя саджаць алеі памяці ў гонар ахвяр вайны, прыродных анамалій. І тут «дрэвам вечнай памяці», як правіла, становіцца елка. Дакладнае ўвасабленне гэтай традыцыі мы сустракаем у Маскве на Краснай плошчы. Так званы некропаль памяці адмежаваны ад свету жывых сцяной блакітных елак.

Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК

Дасылайце свае пытанні аб каранях і прыстасаванасці да сучаснага жыцця каляндарных і сямейна-побытавых народных традыцый і абрадаў на паштовы або электронны адрас рэдакцыі з пазнакай «Пра радзіннае».

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Заразіцца прафесіяналізмам. Чаму трапіць на неканферэнцыю настаўнікаў EdCamp лічыцца вялікай удачай?

Заразіцца прафесіяналізмам. Чаму трапіць на неканферэнцыю настаўнікаў EdCamp лічыцца вялікай удачай?

Чацвёртая педагагічная неканферэнцыя прайшла ў мінулыя выхадныя з нязменным аншлагам і сабрала больш як тры сотні педагогаў з розных куткоў нашай краіны.

Спорт

Марына Літвінчук: Нашы дзеці будуць лепшыя, чым мы

Марына Літвінчук: Нашы дзеці будуць лепшыя, чым мы

Да старту Алімпійскіх гульняў у Токіа засталося менш за год. Увага да галоўных стартаў ужо пяцігодкі будзе каласальная.

Культура

Драматург Ксенія Шталянкова: Я думала — мяне разарве ад эмацыянальнай перанасычанасці

Драматург Ксенія Шталянкова: Я думала — мяне разарве ад эмацыянальнай перанасычанасці

П'еса, якой адкрыўся фестываль ТЭАРТ, прысвечана Мінскаму гета.

Грамадства

Час памятаць. Жыццёвы шлях Аляксандра Чарвякова — першага кіраўніка БССР

Час памятаць. Жыццёвы шлях Аляксандра Чарвякова — першага кіраўніка БССР

Сто гадоў таму ў верасні—кастрычніку 1920 года вакол беларускіх зямель разыгралася сапраўдная драма — у Рызе паміж Расіяй і Польшчай пачаліся перагаворы аб аддзяленні на карысць апошняй часткі тэрыторый Беларусі.