Вы тут

Уладзімір Рудакоўскі: Зямлю не падманеш: што ў яе кінеш, тое і атрымаеш*


Так лічыць дырэктар адкрытага акцыянернага таварыства «Старыца-Агра» Капыльскага раёна Уладзімір Рудакоўскі.

Нядаўна дырэктару таварыства Уладзіміру Рудакоўскаму прысвоена званне «Чалавек года Міншчыны». Гэтае пачэснае званне надаецца толькі самым творчым, прагрэсіўным, паспяховым працаўнікам і кіраўнікам прадпрыемстваў і арганізацый вобласці — найлепшым з найлепшых. «Гэта давер калектыву, заслуга механізатараў, паляводаў, жывёлаводаў. Тое, чаго ўдалося дасягнуць гаспадарцы, — вынік іх самаадданай працы, ведаў, прафесіяналізму. Бо, як кажуць, адзін у полі не воін. І без іх дапамогі нельга выканаць пастаўленыя задачы», — лічыць Уладзімір Анатолевіч.


Ды­рэк­тар ААТ «Ста­ры­ца-Аг­ра» Ула­дзі­мір Ру­да­коў­скі.

ААТ «Старыца-Агра» — самае буйное і самае паспяховае сельгаспрадпрыемства на Капыльшчыне. Стабільнае развіццё гаспадаркі апошнія чатырнаццаць гадоў непарыўна звязана з імем яе дырэктара. Кіраўнік валодае якасцямі гаспадара, які ўмее пралічваць свае дзеянні і планы наперад. Гэта прыносіць вынікі ў вытворчасці мяса, малака, раслінаводстве. А значыць, дае магчымасць умацоўваць пазіцыі гаспадарчай і фінансавай дзейнасці, матэрыяльна-тэхнічнай базы і развіваць далей патэнцыял таварыства.

Святлана Чэрнік, прадавец:

— У нас даволі разнастайны асартымент прадуктаў. Тавараў прамысловай групы крыху менш, працуем з імі пад заказ пакупнікоў. Ёсць малочная прадукцыя, крупы, мука, макарона. Кожны дзень завозім хлеб. У пэўныя дні — мясныя і каўбасныя вырабы з розных мясакамбінатаў вобласці. Тавар на паліцах не залежваецца, бо заўсёды свежы, пастаянна абнаўляецца.

Рас­туць кар­пу­сы но­вых ка­роў­ні­каў з да­іль­на-ма­лоч­ным бло­кам.  На пя­рэд­нім пла­не бры­га­дзір КУП «Ка­пыль­скае РБУ» Ана­толь Мак­сім­чык, пра­раб Ула­дзі­мір Пырх, му­ляр Сця­пан Чы­гір.

«Старыца-Агра» спецыялізуецца на вырошчванні бульбы. Яе высаджваюць на плошчы каля 200 гектараў, выкарыстоўваюць насенне замежных селекцый, пераважна з Германіі, і суперэлітны пасадачны матэрыял айчыннай вытворчасці Інстытута пладаводства і агародніцтва Нацыянальнай акадэміі навук. Мінулы год прынёс добры ўраджай «другога хлеба», на захаванне паклалі каля шасці тысяч тон клубняў. Старыцкая бульба добра сябе зарэкамендавала ў спажыўцоў і карыстаецца попытам не толькі ў Мінскай вобласці, але і ў краіне. Акрамя таго, «Старыца-Агра» славіцца цукровымі буракамі, сёлета іх рэнтабельнасць склала больш за 25 %. Каля 18 тысяч тон караняплодаў прадалі на Слуцкі цукрова-рафінадны камбінат, атрымалі нядрэнную выручку.

У акцыянерным таварыстве займаюцца таксама збожжавымі і зернебабовымі культурамі, кукурузай. У пачатку мінулага года тут выканалі ўсе тэхнічныя рэгламенты па сяўбе, унеслі поўную запраўку ўгнаенняў як калійных, так і фосфарных, азотных, закупілі практычна ўсё элітнае насенне. Але на ўраджайнасць паўплывалі неспрыяльныя ўмовы надвор'я — засуха. На пясчаных участках ураджай практычна выгараў. У выніку сабралі зерня збожжавых на 4 тысячы тон менш, чым у папярэднім годзе. Ды недахоп кампенсавалі зернем кукурузы: атрымалі яго 7 тысяч тон, што больш на 3,5 тысячы тон за ўзровень 2017-га. Частку кукурузнага зерня рэалізавалі на выручку, частку паклалі на корм жывёле. Значную ўвагу ў гаспадарцы аддалі нарыхтоўцы травяністых кармоў, паколькі жывёла знаходзіцца круглы год на стойлавым утрыманні, як на адкорме, так і дойны статак. Назапасілі больш за 33 тысячы тон сіласу і больш як 35 тысяч тон сенажу, каля 2 тысяч тон сена. Гэтага з лішкам хопіць да канца года, і рэшта пяройдзе на наступны. Парадаваў летась і рапс — 42 цэнтнеры з гектара. Гэта найлепшы паказчык у раёне.

Малако ў каровы, як кажуць, на языку. Як пакорміш, так і надоіш. У гаспадарцы грамадскі статак налічвае 2200 галоў буйной рагатай жывёлы. Летась надаілі практычна каля шасці тысяч кілаграмаў малака на кожную рагулю. Штодзень тут прадаюць каля 30 тон малака ў капыльскі філіял Слуцкага сыраробнага камбіната. Яшчэ каля 15 тон прадукцыі здаюць на Мінскі гарадскі малочны завод № 1. Прычым 95 % малака ідзе сортам «экстра». Якасці малака — асаблівая ўвага. А на якасць, як вядома, уплываюць не толькі добрыя кармы, збалансаваны рацыён, але і здароўе жывёлы, за станам якога сочыць група ветурачоў. У выніку штомесяц гаспадарка атрымлівае выручку ад продажу малака ў памеры 600 тысяч рублёў.

На жывёлагадоўчым комплексе «Чарнічнае» па вырошчванні і адкорме буйной рагатай жывёлы ўтрымліваецца 4 тысячы галоў. Маладняк кожныя суткі прыбаўляе ў вазе па 950—1000 грамаў. На гэта ўплываюць якасць кармоў, збалансаваны рацыён, карпатлівы догляд і прафесіяналізм спецыялістаў. Штомесяц акцыянернае таварыства прадае буйной рагатай жывёлы на 600 тысяч рублёў. Бычкоў здаюць у асноўным на Слуцкі мясакамбінат, стаўбцоўскі філіял Мінскага мясакамбіната. Здатачная вага кожнага бычка ў сярэднім 450 кілаграмаў. Адначасова тут займаюцца ўзнаўленнем статка: паралельна закупляюць штомесяц прыкладна 300—350 галоў маладняку. Прадукцыя жывёлагадоўлі — мяса і малако — дае гаспадарцы 65—70 % гадавой выручкі, астатнюю прыносіць раслінаводства.

Гаспадарка забяспечана ўсім неабходным, каб утрымліваць дасягнутае ў раслінаводстве, жывёлагадоўлі і рухацца наперад: машынамі, трактарамі, пасяўной і ўборачнай тэхнікай, прычапным інвентаром да яе. Але самае галоўнае, як лічыць Уладзімір Рудакоўскі, гэта працавітасць, кампетэнтнасць, прафесіяналізм работнікаў і спецыялістаў. Дарэчы, сярэдні ўзрост іх каля 45 гадоў.

Га­лоў­ны спе­цы­я­ліст па ідэа­ла­гіч­най ра­бо­це Іры­на Ка­ва­лен­ка  і дыс­пет­чар Ак­са­на Бы­ка­ва.

Вядома, за «дзякуй» ніхто працаваць не будзе. Кіраўнік разумее, што ўтрымаць кадры можна дастойнай зарплатай, сацыяльнымі гарантыямі і квадратным метрам. Жыллё будуецца кожны год у межах рэспубліканскай праграмы адраджэння вёскі за кошт крэдытных рэсурсаў. Сёлета таксама плануюць увесці ў эксплуатацыю жылы дом, які не закончылі летась. Усе дамы газіфікаваны. Для работнікаў, што мелі патрэбу ў матэрыяльнай дапамозе на падвядзенне «блакітнага паліва», гаспадарка выдзеліла беспрацэнтную пазыку на паўтара-два гады ў памеры 10 мільёнаў «старых» рублёў. Затым штомесяц пакрыху гэтую суму вылічвалі з зарплаты.

У акцыянернага таварыства ёсць свой магазін. Пры неабходнасці ў ім пад заказ можна набыць мэблю, бытавую тэхніку ў растэрміноўку без працэнтаў на 3—6 месяцаў. Тут можна ўзяць і прадукты харчавання на пэўную суму ў лік будучай зарплаты. Праз краму выдаюць работнікам і навагоднія падарункі. Паколькі ў таварыстве працуе 550 чалавек, то такая сістэма дазваляе пазбегнуць чэргаў. Памяшканне рэстарана здаецца ў арэнду пад розныя мерапрыемствы, сямейныя ўрачыстасці, карпаратывы. Людзей задавальняе сэрвіс, абслугоўванне, невялікі кошт арэнды залы. Работнікі сталовай гатуюць абеды для хлебаробаў гаспадаркі падчас масавых палявых работ, прыкладна 200 абедаў і вячэр. Харчаванне для іх возяць у поле спецыяльна абсталяванай машынай. Першае, другое з гарнірам і мяснымі вырабамі, кампот або сок — на абед. Затым — падвячорак. За паўнавартаснае двухразовае харчаванне хлебаробы са сваёй кішэні даплачваюць 20 %, астатняе кампенсуе гаспадарка. Таварыства забяспечвае сталовую прадукцыяй уласнай вытворчасці: мясам, капустай, морквай, буракамі, цыбуляй, яблыкамі, што дазваляе панізіць кошт страў.

Трыц­цаць га­доў пра­цуе ме­ха­ні­за­та­рам Сяр­гей Рон­чык.

Дзякуючы чаму «Старыца-Агра» развіваецца, павышае грамадскі дабрабыт і ўзровень жыцця сваіх работнікаў? На маю думку, тут кожны работнік, спецыяліст разумее, што зямля не даруе абыякавага стаўлення і шчодра ўзнагароджвае за стараннасць, клопаты і гаспадарлівасць. «Зямлю не падманеш, што пакладзеш, тое і атрымаеш, — кажа Уладзімір Рудакоўскі. — Поспеху можна дасягнуць толькі за кошт дакладнага выканання тэхналогій, унясення ўгнаенняў».

Аксана Быкава, дыспетчар:

— Чатыры гады таму мы пераехалі з Запарожскай вобласці Украіны. Тут нам далі дом, дапамаглі зрабіць рамонт, цяпер стаім на чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў. Муж працуе трактарыстам-машыністам, дзеці ходзяць у школу. Мне таксама падабаецца работа, паколькі па адукацыі я бухгалтар, то працаваць з дакументамі мне лёгка. Калі пераехалі, працавала даяркай. Разумею, што не маглі адразу даць нейкую пасаду. Неабходна было праверыць, якія мы людзі, што ўмеем. Усе мы прыжыліся на гэтай гасціннай зямлі. Я вельмі ўдзячная гаспадарцы, кіраўніцтву «Старыца-Агра», нашу сям'ю ўсё тут задавальняе.

У планах на гэты год атрымаць большы ўраджай збожжавых і зернебабовых. Часткова за свае грошы, часткова за сродкі, выдзеленыя з абласнога бюджэту, у гаспадарцы набываюць азотныя ўгнаенні, праз Капыльскі райаграсэрвіс працуюць з «Беларуськаліем» па закупцы калійных угнаенняў, заключылі дагавор з Гомельскім заводам для куплі фосфару. Адначасова займаюцца рамонтам тэхнікі, энерганасычаных трактароў, якіх налічваецца 16. Практычна на
100 % адрамантаваны пасяўныя агрэгаты. Цяпер узяліся за корманарыхтоўчую тэхніку.

Віталь Луцэвіч, загадчык мехмайстэрняў, малады спецыяліст:

— Я нарадзіўся ў гэтых мясцінах. Пасля заканчэння Капыльскага каледжа вярнуўся дамоў. Жанаты, двое дзяцей. Гаспадарка выдзеліла дом з усімі бытавымі выгодамі. Жонка па спецыяльнасці эканаміст. Мяркую, пасля выхаду з дэкрэтнага водпуску яе прымуць на работу. Што датычыцца тэхнікі, то яна рамантуецца добрымі тэмпамі, каб своечасова, у азначаныя тэрміны, пачаць сяўбу.

За­гад­чык май­стэр­ні Ві­таль Лу­цэ­віч і ін­жы­нер-ме­ха­нік Ра­дзі­вон  Па­пок агля­да­юць тэх­ні­ку, якую рых­ту­юць да вес­на­вых ра­бот.

У дырэктара шмат планаў і задум на перспектыву. У мінулым годзе, напрыклад, пабудавалі тры сянажныя траншэі, для набыцця будматэрыялаў палову ад неабходнай сумы выдзелілі з абласнога бюджэту, а ўсе работы правялі гаспадарчым спосабам. У прадпрыемства ёсць свая будаўнічая брыгада з 17 чалавек, неабходны транспарт. Дадаткова плануецца пабудаваць яшчэ тры сянажныя траншэі, увесці ў дзеянне двухкватэрны жылы дом. А ў Старыцы падыходзіць да заканчэння ўзвядзенне малочнатаварнага комплексу на 580 галоў жывёлы. «У гэтым дапамог Мінаблвыканкам, які выдаткаваў на набыццё жалезабетонных канструкцый каля  35 тысяч рублёў, — канстатуе дырэктар. — Праз бюджэт абяцаюць па лізінгу выдзеліць дойку».

— Кіраўніцтва сельгасарганізацыі працуе ў цесным кантакце з прафсаюзным камітэтам, іншымі грамадскімі арганізацыямі, установамі культуры, адукацыі, што знаходзяцца на тэрыторыі сельсавета, — дадае галоўны спецыяліст па ідэалагічнай рабоце Ірына Каваленка. — Разам віншуем ветэранаў, юбіляраў, работнікаў са святамі. Напрыклад, разам з супрацоўнікамі Старыцкага клуба ўдзельнічалі ў шэсці Дзядоў Марозаў, самі шылі касцюмы, маскі. Адміністрацыя гаспадаркі выдзяляе грошы на правядзенне разнастайных культурных мерапрыемстваў. Дапамагае таксама школам, дзіцячым садам, на Новы год усе дзеці атрымліваюць салодкія падарункі за кошт акцыянернага таварыства.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Алена ДАЎЖАНОК

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

УНП 690301954

* - на правах рэкламы

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».