Вы тут

Капыльскі раён. Мінулы год можна назваць стабільным


Як спрацавалі капыльскія вытворцы летась, чым Капыльскі раён жыве сёння і якія планы на перспектыву. Пра гэта і іншае расказаў «Звяздзе» старшыня райвыканкама Анатоль Ліневіч.


— Анатоль Канстанцінавіч, Капыльскі раён сельскагаспадарчы. А мінулы год быў не зусім спрыяльным для раслінаводства. З якімі вынікамі яго закончылі?

— Умовы надвор'я былі сапраўды не надта добрыя — дажджы змянялі засуху і наадварот. Ураджай збожжавых і зернебабовых культур атрымалі на ўзроўні 70 % да папярэдняга года. Гэта сярэднерэспубліканскі паказчык. Разам з тым мінулы год можна назваць стабільным. Мы прыклалі ўсе намаганні для таго, каб «падцягнуць» ураджай за кошт зерня кукурузы. Упершыню ў гісторыі раёна летась сабралі яго 31 тыс. тон. Валавы збор збожжавых і зернебабовых склаў 88 тыс. тон пры ўраджайнасці 27,5 цэнтнера з гектара. Вядома, такі вынік нас не задавальняе, таму заклалі добры фундамент для атрымання будучага ўраджаю. Падчас восеньскай пасяўной павялічылі плошчу азімых збожжавых на 3 тыс. гектараў і давялі яе практычна да 26 тыс. гектараў. Спадзяёмся, што гэты год будзе спрыяльным для сельгасвытворцаў. Хоць, калі параўноўваць сітуацыю па тэхнічных культурах, той жа кукурузе, то нарыхтавалі сіласу на 10 тыс. тон больш, амаль 300 тыс. тон. Гэта найлепшы вынік у параўнанні з папярэднімі гадамі. Назапасілі 205 тыс. тон сенажу: 29 цэнтнераў кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы, што ў сваю чаргу дазволіла стабільна працаваць па вытворчасці малака.

Нядрэнна спрацавалі па цукровых бураках, атрымалі 303 тыс. тон. Гэта адзін з самых вялікіх валавых збораў сярод раёнаў вобласці. Па аб'ёме вытворчасці валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі за 2018 год Капыльскі раён 7-ы сярод 22-х раёнаў вобласці. Мы з'яўляемся адным з самых буйных вытворцаў буракоў у Беларусі, іх пасевы займаюць плошчу 6800 гектараў. Займаемся таксама вырошчваннем бульбы. Адкрытае акцыянернае таварыства «Старыца-Агра» — элітная гаспадарка па вытворчасці бульбы і насення бульбы. Летась прадпрыемства сабрала 328 цэнтнераў клубняў з гектара. Добра ўрадзіў і рапс — 23 цэнтнеры з гектара, а валавы збор гэтай культуры па раёне амаль 14 тыс. тон.

Што датычыцца жывёлагадоўлі, то паказчыкі ўдалося ўтрымаць на ўзроўні мінулага года. Пагалоўе буйной рагатай жывёлы павялічылі на 2 тысячы, у тым ліку на 0,4 тысячы дойных кароў, і грамадскі статак сёння налічвае 65 тыс. жывёлін. Ставім перад сабой задачу: валавыя надоі давесці да 100 тыс. тон у год. Думаю, гэта цалкам рэальна, паколькі сёння ідзём з прыростам па рэалізацыі малака на 105 %.

Акрамя таго, вялікую ўвагу аддаём фінансаваму аздараўленню сельгасарганізацый. Гэта стала магчымым дзякуючы Указу Прэзідэнта № 399. Іх у нас сем. Прапрацавалі пытанне з усімі крэдыторамі, выслалі адпаведнае паведамленне, якое мае на ўвазе пад сабой адтэрміноўку плацяжу на тры гады з наступнай растэрміноўкай на пяць гадоў. Гэта дастаткова эфектыўная дапамога для гаспадарак, якая дазволіць стабілізаваць сітуацыю.

— А як з кадрамі на сяле, Анатоль Канстанцінавіч, хапае спецыялістаў?

— У сельскай гаспадарцы працуе 3900 чалавек. У прынцыпе, спецыялістаў дастаткова, пытанняў тут не ўзнікае. Працуем у цесным кантакце з вышэйшымі навучальнымі ўстановамі. Напрыклад, з Гродзенскім дзяржаўным універсітэтам, Беларускім аграрным тэхнічным універсітэтам, Палескім дзяржаўным універсітэтам, Горацкай сельгасакадэміяй. Частка маладых спецыялістаў пасля абавязковай адпрацоўкі сыходзіць. Таму набіраем новых. На сённяшні дзень пэўныя праблемы ёсць па забеспячэнні інжынерна-будаўнічымі кадрамі. Але яны цалкам вырашальныя. У гэтым плане працуем з Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэтам, Гомельскім дзяржаўным універсітэтам, дзе рыхтуюць архітэктараў.

— Якімі прадпрыемствамі прадстаўлена ў раёне прамысловасць?

— У раёне працуе камбінат кааператыўнай прамысловасці, філіял Слуцкага сыраробнага камбіната. За мінулы год гэтыя прадпрыемствы паказалі рост больш як на 100 працэнтаў. «Кааппрам» будуе новую забойную пляцоўку, што дазволіць удвая павялічыць перапрацоўку сыравіны. Ужо атрыманае абсталяванне цераз «Прамагралізінг». Філіял сыраробнага камбіната 95 % прадукцыі экспартуе ў Расію, спажыўцы своечасова разлічваюцца з вытворцамі. Сыры маюць добры попыт і збыт.

Ёсць у нас і прадпрыемства прыватнай формы ўласнасці «БетонБокс». Летась з яго дапамогай выканалі праграму будаўніцтва сіласных і сянажных траншэй. Усяго ўладкавалі 56 траншэй. Гэта немалы аб'ём. Сёлета яшчэ адно прадпрыемства, прыватнай формы «БелМайстарБокс», якое аказвае будаўнічыя паслугі, выйграла тэндар у Расіі. Спадзяёмся, што ён замацуецца дагаворам.

— Капыль па праве можна назваць кузняй кадраў для айчыннага біятлона...

— Навучэнцы трымаюць даволі высокі ўзровень у спартыўным жыцці. Каманда школьнікаў у складзе 12 чалавек заняла першае месца ў вобласці ў лыжных гонках, будзе выступаць у рэспубліканскіх спаборніцтвах. У нас вельмі моцная зборная па біятлоне. Падрыхтоўкай біятланістаў займаецца дзіцяча-юнацкая спартыўная школа. Ураджэнцы горада і раёна такія вядомыя спартсмены-біятланісты, як Аляксандр Сыман, Антон Смольскі, Дар'я Юркевіч. Цяпер працуем над праектаваннем і аднаўленнем біятлоннай трасы. У Капылі ладзяцца і міжнародныя спаборніцтвы, як напрыклад фестываль бегу і пераадольвання перашкод «Капыль-рэйс». Гэта маштабнае і відовішчнае мерапрыемства, сёлета пра свой удзел у ім заявілі 500 чалавек.

— За апошнія гады Капыль стаў больш утульным, тут з'явіўся дэндрапарк, акультураны берагі вадаёма. У працяг Года малой радзімы на якія аб'екты будзе скіравана ўвага?

— Пытаннямі навядзення парадку на зямлі, добраўпарадкаваннем займаемся пастаянна. І, вядома, гэтая работа прадоўжыцца. Мы бачым шляхі рашэння праблем. Ёсць кароткатэрміновыя праекты. Ёсць і такія, што скіраваны на доўгатэрміновую перспектыву і патрабуюць фінансавых сродкаў. Шукаем грошы, крыніцы фінансавання. Горад расшыраецца, прырастае аб'ектамі жыццядзейнасці. Наспела будаўніцтва пункта па рабоце з цвёрдымі камунальнымі адходамі. Гэта павінен быць сучасны аб'ект з усім неабходным абсталяваннем па паглыбленай сарціроўцы адходаў.

Таццяна Лазоўская

Загаловак у газеце: Мінулы год можна назваць стабільным

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.