Вы тут

«Дзякуй за любоў... Ніякага смутку і суму»


Эмоцыі «Гонкі легендаў» і провады чэмпіёнак з вялікага спорту.

У панядзелак «Раўбічы» былі агорнуты вясновым сонцам і атмасферай свята. Культурная праграма «Гонкі легендаў» пачалася ў абед — гэта час нефармальных зносін аматараў біятлона са сваімі кумірамі. Беларусы атрымлівалі аўтографы, фатаграфаваліся, а пасля заядалі свае ўражанні смачнай ежай і запівалі гарачай гарбатай.


Стадыён спарткомплексу ажывіўся бліжэй да вечара, спартыўная частка фестывалю адкрыла гонка з масавага старту сярод жанчын. Тут сустрэліся старыя саперніцы і сяброўкі — Ганна Багалій, Сімона Хаўсвальд, Алена Зубрылава. Перамогу ж у сваім бліскучым стылі атрымала Надзея Скардзіна. «Выдатная падтрымка гледачоў дапамагла мне добра справіцца ў забегах, — падзялілася Надзя пасля фінішу. — Я старалася парадаваць гледачоў і рада, што ўдалося перасекчы фініш першай. У «Раўбічах» выдатнае свята, якое паказвае, наколькі любяць гэты від спорту ў Беларусі. Акрамя таго, сёння ў нас адбылася сустрэча з юнымі біятланістамі, для падрастаючага пакалення зносіны з зоркамі сусветнага спорту — добры стымул працаваць больш, каб паўтарыць, а можа, і перасягнуць іх поспех».

У мужчынскай гонцы з масавым стартам, якая працягнула праграму, на п'едэстал узняўся ўкраінец Андрэй Дзярызямля, які змог апярэдзіць «караля» біятлона Уле-Эйнара Б'ёрндалена і беларускага прызёра Алімпіяды ў Ванкуверы Сяргея Новікава.

«Разыначка» на торце, адзін з самых відовішчных відаў сучаснага біятлона — змешаная эстафета, была запланавана арганізатарамі напрыканцы. Барацьба за перамогу там разгарнулася паміж, мабыць, самым зорным дуэтам Дар'і Домрачавай і Уле-Эйнара Б'ёрндалена і беларускай парай Надзея Скардзіна/Сяргей Новікаў. Лёс узнагарод, як і належыць па самым захапляльным сцэнарыі, вырашыўся на заключнай стральбе. Скардзіна і Новікаў атрымалі перамогу, але Уле і Даша не былі засмучаныя. «Як заўсёды, «Гонка легендаў» атрымалася прыемным, кранальным мерапрыемствам. Гэта сапраўднае свята біятлона. Тут сабраліся людзі, якія пісалі гісторыю нашага віду спорту, а на трыбунах — сапраўдныя знатакі біятлона. Дзякуй ім вялікі за гэтую любоў да нашага спорту, за любоў да нас і за падтрымку», — сказала Дар'я.

Завяршыўся фестываль провадамі з вялікага спорту алімпійскіх чэмпіёнак Дар'і і Надзеі. Дзеля гэтых імгненняў ніхто не сыходзіў з трыбун раней. Прамаўляючы словы падзякі балельшчыкам, дзяўчаты ледзьве стрымлівалі слёзы, хоць Даша адзначыла: «Абсалютна няма ніякага суму, ніякага смутку. Гэта, напэўна, больш балельшчыкі сумуюць. А ў мяне ў планах шмат праектаў, жыццё працягваецца і спортам не абмяжоўваецца».

А пасля ўсе ўбачылі дзівоснае лазернае шоу, прысвечанае дзяўчатам, і вялікі феерверк. Яны гэта заслужылі!

Каментарыі ўдзельнікаў:

Алімпійскі чэмпіён Сяргей Чэпікаў:

— Хтосьці завяршыў кар'еру 2-3 гады таму, а хтосьці не выступае ўжо 10-15 гадоў, таму сёння адчувалася розніца ў класе, але гэтыя спаборніцтвы праводзяцца не для ўзнагарод, а дзеля магчымасці зносін з гледачамі, а таксама гэта выдатная магчымасць сустрэцца з даўнімі сапернікамі.

Прэзідэнт Саюза біятланістаў Расіі Уладзімір Драчоў:

— Ад «Гонкі легендаў» атрымліваю задавальненне і адчуваю радасць ад вяртання да сваіх сяброў, з кім тут бегаў шмат гадоў таму. Стадыён «Раўбічы» вельмі абнавіўся: добрыя трасы, стрэльбішча, ён варты найлепшых пахвал. Тут створаны выдатныя ўмовы для правядзення міжнародных стартаў.

Прызёр чэмпіянатаў свету Андрэй Дзярызямля:

— У Беларусі зрабілі сапраўднае спартыўнае свята, тым больш я рад, што ўдалося перамагчы. Прыйшлося бегчы ў кампаніі сур'ёзных сапернікаў і атрымалася апярэдзіць самога Б'ёрндалена. Арганізацыя на «Гонках легендаў» проста шыкоўная, да спорту ў вас у краіне ставяцца сур'ёзна і ўдзяляюць атлетам шмат увагі.

Дар'я Лабажэвіч

Фота Ганны Занкавіч

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».