Вы тут

Асноўная задача — захаваць біялагічную сям'ю


«Звязда» звярнулася па каментарыі аб рэалізацыі Дэкрэта Прэзідэнта № 18 «Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у неўладкаваных сем'ях» да старшынь профільных камісій абедзвюх палат Нацыянальнага сходу Беларусі.


Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Віктар СІРЭНКА:

— Прызнанне таго, што дзіця знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы — гэта жаданне і неабходнасць дапамагчы сям'і. Увесь механізм пакрокава распісаны ў заканадаўстве і ў метадычных рэкамендацыях. Усё праходзіць планава і паступальна, каб бацькі ўсвядомілі, што губляюць самае дарагое, і пры гэтым не траўмаваць дзіця. Асноўная задача дзяржавы — захаваць яго ў роднай сям'і. Таму так важна працаваць на апярэджанне і прафілактыку.

25 гадоў таму нядбайных бацькоў пазбаўлялі бацькоўскіх правоў, а дзяцей аддавалі на дзяржзабеспячэнне. Такой карпатлівай работы з сямейнай неўладкаванасцю не было. І практыкі аднаўлення ў бацькоўскіх правах не было. З прыняццем Дэкрэта № 18 многія бацькі вырашылі вярнуць свае правы. І за 12 гадоў яго існавання больш за дзве тысячы чалавек адноўлены ў бацькоўскіх правах у дачыненні да 3,3 тысячы дзяцей.

Хацелася б падкрэсліць, што акрамя Дэкрэта № 18 пытанні абароны правоў і інтарэсаў дзяцей, сямейных праваадносін, процідзеяння гвалту ў сям'і рэгулююцца таксама Кодэксам аб шлюбе і сям'і, законамі Рэспублікі Беларусь «Аб правах дзіцяці», «Аб асновах дзейнасці па прафілактыцы правапарушэнняў», Кодэксам аб адміністрацыйных правапарушэннях. Створана прававая аснова для забеспячэння недатыкальнасці асобы дзіцяці, яго абароны ад гвалту ў сям'і, вызначаны механізмы дзяржаўнай абароны ў выпадку знаходжання дзяцей у сацыяльна небяспечным становішчы. Але прыклады паводзін бацькоў сведчаць аб тым, што для нашага грамадства гэтая праблема яшчэ застаецца вострай. Значыць, патрэбны меры як па кансалідацыі намаганняў усіх зацікаўленых, так і па павышэнні эфектыўнасці прафілактычнай работы.


Тамара КРАСОЎСКАЯ, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі па працы і сацыяльных пытаннях:

— Актуальнасць гэтага нарматыўнага прававога акта бясспрэчна была як на момант яго выдання, так і зараз. Сацыяльнае сіроцтва — гэта боль і бяда нашага грамадства. Барацьба з ім і ліквідацыя яго прычын з'яўляецца ў цяперашні час прыярытэтнай задачай, якую неабходна вырашаць супольна, прыцягваючы ўсе органы ўлады і грамадскія інстытуты.

У свой час у працэсе распрацоўкі Дэкрэта № 18 было шмат скептыкаў. І гэта зразумела. Задача пераадолення сацыяльнага сіроцтва стаіць перад многімі краінамі. Беларусь сёння знаходзіцца ў авангардзе рашэння гэтай няпростай задачы. Краіна пайшла па шляху, аналагаў якому ў свеце няма. Быць піянерам у любой справе заўсёды вельмі складана.

Вельмі часта на практыцы работа па рэалізацыі Дэкрэта № 18 праводзіцца па двух напрамках — прафілактыка сацыяльнага сіроцтва і кампенсацыя грашовых сродкаў на ўтрыманне дзяцей, якія знаходзяцца на дзяржзабеспячэнні. Гэта, безумоўна, вельмі важна, але тут, я падкрэсліваю, у аснову пастаўлены пытанні рэабілітацыі і ўз'яднання біялагічнай сям'і.

Дзеці не павінны пакутаваць ад таго, што іх бацькі безадказна ставяцца да сваіх абавязкаў, вядуць амаральны лад жыцця. Ні адно дзіця, якое трапіла ў цяжкую жыццёвую сітуацыю, не павінна быць пакінутае без увагі.

Усе мы ўсведамляем, што толькі здаровая, моцная сям'я, маральна і фізічна развітыя, псіхалагічна ўстойлівыя, сацыяльна адаптаваныя, уключаныя ў нармальнае жыццё дзеці — гэта гарант стабільнага і паспяховага развіцця грамадства і будучыні нацыі.

Вольга Мядзведзева, Надзея АНІСОВІЧ

У тэму

Трывожныя сігналы аб тым, што сітуацыя ў доме і сям'і неспрыяльная, могуць заўважыць супрацоўнікі розных органаў і арганізацый падчас выканання сваіх прамых абавязкаў. Як растлумачыла галоўны пазаштатны спецыяліст Міністэрства аховы здароўя па амбулаторна-паліклінічнай дапамозе дзецям Ганна КОТАВА, медыкі падчас аказання дапамогі дома, выкананні патранажнай работы павінны звяртаць увагу на выпадкі, калі бацькі сістэматычна не выконваюць рэкамендацыі па дыягностыцы, лячэнні, рэабілітацыі дзіцяці, што пагражае яго жыццю і здароўю. Але работнікі аховы здароўя абмежаваныя рамкамі сваёй прафесійнай дзейнасці. Таксама ўрача-спецыяліста, участковага ўрача могуць прыцягваць у ролі эксперта, каб вызначаць наяўнасць пагрозы жыццю і здароўю дзіцяці.

Як паведаміў «Звяздзе» намеснік начальніка аддзела арганізацыі работы інспекцый па справах непаўналетніх упраўлення прафілактыкі галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі МУС Алег Максімаў, на 1 студзеня 2019 года на ўліку ў органах унутраных спраў знаходзілася 11 375 абавязаных асоб, гэта на 171 чалавека менш, чым год таму. З іх не працаўладкавана 227, ухіляюцца ад работы на прадпрыемствах 2845 (на 1672 чалавек больш, чым годам раней). Пад ухіленнем разумеецца адсутнасць на рабоце на працягу рабочага дня без уважлівай прычыны.

Пастаўлена на ўлік у органы ўнутраных спраў абавязаных асоб, у дачыненні да якіх атрыманы прысуды, рашэнні суда, — 5405.

За 12 месяцаў 2018 года ў органах унутраных спраў вышукваліся 1103 даўжнікі і адказчыкі па ісках і выканаўчых дакументах аб спагнанні расходаў, затрачаных дзяржавай на ўтрыманне дзяцей, якія знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні. Адшукана, з улікам мінулых гадоў, 1101. На пачатак бягучага года заставалася ў вышуку 266.

Усе публікацыі рубрыкі "Чвэрць стагоддзя"

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.