Вы тут

Адказнасць за праявы экстрэмізму будзе ўзмоцнена


Праект закона «Аб змяненні законаў Рэспублікі Беларусь па пытанні ўзмацнення барацьбы з прапагандай нацызму і экстрэмізму» прыняты ў снежні ў першым чытанні. А на мінулым тыдні рабочая група ў расшыраным складзе абмяркоўвала папраўкі ў гэты дакумент для другога чытання.


Акрамя дэпутатаў у пасяджэнні прымалі ўдзел прадстаўнікі Міністэрства ўнутраных спраў, Нацыянальнага цэнтра заканадаўчых і прававых даследаванняў, навуковых колаў, грамадскіх арганізацый і палітычных партый.

Неабходнасць удасканалення заканадаўства абумоўлена і фактамі рэчаіснасці.

«Прышчэпка супраць карычневай чумы ў наш час аслабла. Да майго вялікага здзіўлення, у ХХІ стагоддзі ў Рэспубліцы Беларусь нярэдкія выпадкі «зігавання», бравіравання свастыкай, іншымі элементамі нацысцкай сімволікі. Па звестках праваахоўных органаў назіраецца значны рост зарэгістраваных у нашай краіне фактаў публічнага дэманстравання нацысцкай сімволікі і атрыбутыкі. У сувязі з гэтым быў распрацаваны адпаведны праект, які накіраваны на супрацьдзеянне адзначаным тэндэнцыям», — растлумачыў старшыня Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ Палаты прадстаўнікоў Андрэй НАВУМОВІЧ.

Сярод асноўных новаўвядзенняў — забарона на рэабілітацыю нацызму, прапаганду, публічнае дэманстраванне, выраб, распаўсюджванне, захоўванне і набыццё з мэтай распаўсюджвання нацысцкай, экстрэмісцкай і тэрарыстычнай сімволікі і атрыбутыкі. За гэта правапарушэнне, здзейсненае паўторна на працягу года, згодна з прапанаванымі змяненнямі ў артыкул КаАП, штраф павялічыцца ў два разы. Да крымінальнай адказнасці будуць прыцягваць за наўмысную публічную рэабілітацыю нацызму на роўных з распальваннем расавай альбо іншай сацыяльнай варожасці. Пералік забароненых сімвалаў і атрыбутыкі будзе размешчаны ў інтэрнэце.

У новым законе дадзена азначэнне тэрмінам «нацызм», «рэабілітацыя нацызму» і «нацысцкая сімволіка і атрыбутыка».

Адна з прапаноў датычылася распаўсюджвання дзейнасці прававога акта і на прадукцыю з нацысцкай сімволікай. Дэпутат Аляксей Сокал прапанаваў пераняць гэту практыку з расійскага заканадаўства.

Узмацненне адказнасці аж да крымінальнай неабходна і таму, што штрафы часам не даюць вынікаў. Але пры гэтым прысутныя адзначылі, што ўзмацніць трэба не толькі пакаранне, але і выхаваўчую работу.

Прадстаўнікі БДУ ў сваю чаргу выказалі думку, што ў шэраг дазволеных відаў дзейнасці, дзе выкарыстоўваецца забароненая сімволіка, трэба дадаць і навуковую работу.

На думку супрацоўнікаў МУС, удасканалення патрабуе і работа над экспертным аналізам экстрэмісцкіх, тэрарыстычных і нацыяналістычных матэрыялаў.

Марыя ДАДАЛКА

Загаловак у газеце: Дапрацоўваем супольна

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

У апошнія гады тэма раўнапраўя паміж мужчынамі і жанчынамі перажывае новую хвалю росквіту.

Культура

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Гісторыя аднаго выступлення.