Вы тут

Чаму зараз варта далей трымацца ад вадаёмаў?


Сёлетні люты зусім не адпавядае сваёй назве і больш нагадвае пазачарговы вясновы месяц. Апошнімі днямі і ўвогуле ўстанавілася сонечнае надвор'е, а слупок тэрмометра ўпарта рухаецца за 0 градусаў у бок павышэння. Адпавядае такой абстаноўцы і сітуацыя на вадаёмах. Ледзяное покрыва пачынае імкліва разбурацца.


Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

— Надвор'е ўвогуле не характэрнае для дадзенага перыяду часу, — адзначае старшыня Беларускага рэспубліканскага таварыства ратавання на водах Анвар Ігамбердыеў. — Цёплае сонейка, якое грэе ўжо па-вясноваму, топіць імкліва лёд. Мы ўвесь час праводзім маніторынг лядовага пакрыцця. Мушу зазначыць, што карціна дастаткова трывожная. Напрыклад, у Брэсцкай вобласці такія рэкі, як Піна і Мухавец, не маюць паўсюдна трывалага лёду. Што датычыцца Віцебскай вобласці, то там становішча з лёдам на буйных азёрах захоўваецца стабільнае.

Але разам з тым рэкі Заходняя Дзвіна і Дняпро практычна па ўсёй даўжыні ўскрыліся. Нават там, дзе лёд на іх яшчэ захоўваецца, хадзіць вельмі небяспечна. Напрыклад, возьмем Гомельскую вобласць. Там размешчана пятнаццаць нашых станцый, на якіх штодзённа праводзяцца замеры. Толькі на вадаёмах у Хойніцкім і Кармянскім раёнах лёд на азёрах дасягае таўшчыні 18—20 сантыметраў. А вось на рэках Сож, Прыпяць, Дняпро і Іпуць абстаноўка вельмі складаная.

Небяспека тонкага лёду ў тым, што тэмпература вады пад ім толькі крыху большая за нуль. У такіх умовах у чалавека ёсць усяго пяць хвілін, каб выбрацца на паверхню. Калі прайшло больш часу, то шанцаў практычна няма. І нават знайсці цела тапельца для вадалаза не такая простая задача.

Нагадаем, што 11 лютага ў Столінскім раёне перакуліўся аэраглісер, на якім рабочы прыватнага прадпрыемства перавозіў на турыстычную базу па лёдзе дзесяць чалавек. Каля вёскі Семігосцічы лёд не вытрымаў, і глісер пацярпеў катастрофу. У вадзе аказаліся тры чалавекі. Адзін з іх патануў зараз жа, другога паспелі выцягнуць з вады, але ён памёр да прыезду машыны хуткай дапамогі. Трэці мужчына быў шпіталізаваны ў рэанімацыю. Цела ж ахвяры Прыпяці так і не знойдзена.

— Нашы вадалазы прайшлі ўжо больш за пяць кіламетраў па дне Прыпяці ў дастаткова складаных умовах, — адзначыў Анвар Ігамбердыеў. — Пошукі перакінуліся з раёна Давыд-Гарадка на тэрыторыю Гомельскай вобласці. Але цела небаракі пакуль не знойдзена.

Як вядома, бяспечная таўшчыня лёду складае не менш за сем сантыметраў, але і то ў выпадку, калі на покрыва выходзіць толькі адзін чалавек. Праўда, калі лёд сфармаваўся па ўсіх правілах. А надвор'е спрыяе гэтаму далёка не заўжды.

— Лёд у гэтым годзе фармаваўся вельмі своеасабліва, — згадвае старшыня Мінскай гарадской арганізацыі Таварыства ратавання на водах Фёдар КЛЮКАЧ. — Снег змяняўся дажджом, ён, у сваю чаргу, слабамарозным надвор'ем... І вось цяпер, калі з-за цеплыні лёд істотна падтаяў, усё гэта і праяўляецца. Мы нарыхтоўвалі па просьбе супрацоўнікаў Батанічнага сада лёд для скульптур. Таўшчыня лёду, здавалася б, 30 сантыметраў. Але ў ім аказалася пяць праслоек! І паміж сабой яны злучаны вельмі нетрывала. Праваліцца на такім лёдзе — прасцей простага. Таму мы звяртаемся да ўсіх кіраўнікоў прадпрыемстваў: правядзіце кароткія інструктажы з падначаленымі на тэму таго, што выходзіць на лёд надзвычай небяспечна.

Вось, здавалася б, на Мінскім моры лёд тоўсты. Але каля вёскі Лапаравічы мужчына вяртаўся дадому з рыбалкі і адной нагой праваліўся ў палонку. Аказалася, што пасля сябе рыбакі не пакінулі ніякіх папераджальных знакаў аб тым, што тут было бурэнне. Вось так чалавек на роўным месцы зламаў нагу. Добра, што вадалазы ратавальнай станцыі Заслаўе-1 робяць перыядычныя абходы мясцовасці. Яны яго заўважылі, аказалі першую медыцынскую дапамогу. Медыкі адзначылі, што гэта было зроблена вельмі кваліфікавана.

У найбліжэйшыя дні крыху падмарозіць, але чакаецца і даволі моцны вецер з парывамі да 15—20 метраў за секунду.

— Кажучы па праўдзе, гэта яшчэ горш, чым простае таянне лёду. Калі пад сонцам ён хаця б папераджальна чарнее, то моцны вецер пры слабаадмоўнай тэмпературы паветра адшліфуе верхнюю частку покрыва, стварыўшы ілюзію, што тут хадзіць бяспечна. Таму пра прагулкі па лёдзе пакуль лепш забыць.

Як толькі вадаёмы вызваляюцца ад ледзянога покрыва, на лодках пачынаюць выходзіць рыбакі. Вось толькі і такая рыбалка можа прывесці да трагедыі. Перагруз судна, няправільна выбранае становішча — і лодка перакульваецца. А калі яшчэ і няма выратавальнай камізэлькі...

— Летась на маламерных суднах загінула 11 чалавек, у тым ліку дзіця, — кажа начальнік Дзяржаўнай інспекцыі па маламерных судах Міхаіл ЧАШУН. — Рыбакі ж яшчэ і блытаюцца ў сетках. Сітуацыю пагаршае тое, што трагедыі з імі адбываюцца пераважна ў начны час сутак, калі на дапамогу не прыйдзе элементарна ніхто. Яшчэ адметна, што 80 % загінулых былі нецвярозымі.

Як зазначае начальнік аддзела гідралагічных прагнозаў Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Алена Зубчонак, надвор'е ў найбліжэйшы час будзе спрыяць павольнаму раставанню покрыва. Але штодня інфармацыя аб стане лёду на рэках і азёрах размяшчаецца на сайтах Белгідрамета, на старонках у сацсетках. Таму даведацца аб рэальным стане падзей няцяжка, дастаткова толькі мець доступ да сеціва.

Тым часам па стане на 18 лютага ў Беларусі ўжо патанула пяць чалавек. Яшчэ сем удалося выратаваць. Напрыклад, летась за гэты час вада забрала 14 жыццяў, сярод іх былі два дзіцячыя.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Загаловак у газеце: Зматвай вуды

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.