Вы тут

Якаў Зянько: На лёдзе даю волю эмоцыям


Ён — адзін з нямногіх прадстаўнікоў беларускага фігурнага катання на міжнароднай арэне. У студзені абараняў гонар краіны на дамашнім чэмпіянаце Еўропы, а цяпер рыхтуецца да юнацкага чэмпіянату свету. У перапынках у сваім шчыльным графіку фігурыст расказаў пра тое, чаму навучыўся ў вядомага трэнера алімпійскіх чэмпіёнаў Этэры Тутберыдзэ, як яго бацькі дзеля кар'еры сына пераехалі ў іншы горад і як яму ўдаецца спалучаць на лёдзе артыстызм з найскладанейшай тэхнікай.


— Якаў, для пачатку хацелася б падвесці вынікі чэмпіянату Еўропы ў Мінску, бо эмоцыі пасля турніру ўжо ўлягліся.

— Калі казаць пра спартыўны складнік, то я застаўся незадаволены сабой: павінен быў паказваць значна лепшы вынік. Лічу, што быў гатовы, але не справіўся псіхалагічна, маральна.

З аднаго боку, выступаць дома было складана, з другога — падтрымлівалі беларускія гледачы вельмі крута, я нават не думаў, што нашы балельшчыкі так могуць.

— Чэмпіянат Еўропы ў Мінску дадаў вам папулярнасці?

— Бачыў плакаты са сваімі фотаздымкамі, было вельмі прыемна. Пасля пракату прыйшоў да мамы на трыбуну і, напэўна, хвілін 40 фатаграфаваўся з балельшчыкамі. Мама ўжо скардзіцца пачала. Мне пісалі ў сацыяльных сетках, за дзесяць хвілін пасля майго пракату з'явілася 129 заявак у сябры ў «УКантакце». Але каб пазнавалі на вуліцы, не сказаў бы, можа быць, толькі каля «Мінск-Арэны».

— Бацькі заўсёды падтрымліваюць вас на спаборніцтвах?

— На турніры ў іншыя гарады не выязджаюць, але на мясцовых заўсёды прысутнічаюць. Мы пра гэта ніколі не дамаўляемся, таму што за дзень да спаборніцтваў не размаўляем, але я заўсёды ведаю, што ўбачу іх на трыбунах.

— Не размаўляць напярэдадні выступлення — звычай?

— Мне так лягчэй сабрацца і настроіцца на старт, яны гэта ведаюць. За дзень да спаборніцтва не кантактую ні з кім, апроч трэнера, а ў дзень пракату толькі трэніруюся, сплю і слухаю музыку.

— Якую ролю адыгралі бацькі ў вашым станаўленні ў спорце...

— Вельмі вялікую, хоць самі не былі прафесійнымі спартсменамі. Тата ў дзяцінстве гуляў у футбол, мама — кандыдат у майстры спорту па спартыўнай гімнастыцы. Не дзіўна, што і я выбраў спорт. Калі быў маленькі, на пляцоўцы сталічнага Лядовага палаца ўбачыў, як катаецца дзяўчынка, мне вельмі спадабалася. Тата адвёў да гэтага ж трэнера, мы пазнаёміліся, і мяне ўзялі ў групу. Ужо дрэнна памятаю першага настаўніка, ведаю, што з той групы прафесійна займацца фігурным катаннем акрамя мяне засталася толькі адна дзяўчынка. Астатнія выбралі для свайго развіцця іншыя сферы.

— Дзеля вашай кар'еры бацькі пераехалі з Мінска ў Маскву...

— Так, гэта быў іх выбар. І мне, і ім там было вельмі цяжка, але мы гэта пераадолелі. Аднак пазней па сямейных абставінах вырашылі вярнуцца ў Мінск. Гэта ніяк не адбілася на маёй кар'еры, так атрымалася, што ў мяне якраз здарылася траўма. У Мінску я працягнуў трэніравацца ў Надзеі Пахамовіч, з якой працую і цяпер.

— А ў Маскве трэніраваліся ў групе ў Этэры Тутберыдзэ, якая выхавала алімпійскіх чэмпіёнак Юлію Ліпніцкую і Аліну Загітаву. Якія галоўныя ўрокі атрымалі ад яе?

— Канкрэтна ў Этэры Георгіеўны я займаўся два гады, і ў мяне засталіся выключна станоўчыя ўражанні. Да гэтага часу падтрымліваем кантакты. Яна навучыла мяне працаваць. Там ніхто цябе не прымушае, але калі ты выходзіш на лёд, дакладна ведаеш, што будзеш рабіць.

— Цяпер многія яе вучні кажуць пра складаны і цвёрды характар настаўніка...

— Усё роўна, які ён, галоўнае, што яна ведае, як дасягнуць выдатнага выніку.

— Наогул, наколькі істотна спартсмену быць з трэнерам на адной хвалі?

— Гэта вельмі важна, напрыклад, мы з маім настаўнікам разумеем адно аднаго з паўслова. Скажам, хачу сёння паспрабаваць нейкі элемент, і яна ніколі не бывае супраць. У нас не здараецца канфліктаў ці рознагалоссяў, хоць у мяне дастаткова складаны характар.

— У Беларусі фігурнае катанне не вельмі папулярны від спорту. Ніколі не было жадання пачаць развівацца ў іншай сферы?

— Летась быў цяжкі аднаўленчы перыяд пасля аперацыі, у галаве раілася вельмі шмат розных думак, але каб кінуць спорт, да такога не даходзіла.

— У дзяцінстве ў вас быў прыклад фігурыста, на якога хацелася б быць падобным?

— Канкрэтнага куміра не было, але мне заўсёды падабалася, як катаецца іспанец Хаўер Фернандэс. Прыемна было сустрэцца з ім на мінскім лёдзе, прытым асабліва ў такі знамянальны для яго турнір — апошні ў кар'еры. Хаўер вельмі прыемны чалавек.

— Вам у маладыя гады прыйшлося змагацца з сур'ёзнай траўмай. Гэта складана?

— Так, выходзіць з сітуацыі значна цяжэй маральна, чым фізічна. Для мяне ў гэты час галоўным было зразумець, што нічога страшнага не здарылася, самому сабе тое даказаць. Я правёў тры месяцы без лёду, але вельмі рваўся катацца. Калі выйшаў на яго, трэба было ўнушыць сабе, што боязі няма, я павінен рабіць усё, як і раней. Было дастаткова цяжка перасіліць сябе.

— Вы сказалі, што часта перад выступленнем слухаеце музыку. Што гучыць у навушніках часцей за ўсё?

— Рок, прычым досыць цяжкі.

— А катаецеся вы часта пад класіку. Спартсмену варта разбірацца ў розных жанрах музыкі?

— Цяпер якраз усё часцей свет фігурнага катання сыходзіць ад класікі. На лёдзе ты быццам пераказваеш кнігу, таму, вядома, трэба разбірацца, разумець, пра што тая ці іншая музычная кампазіцыя, каб данесці сэнс да гледачоў і суддзяў.

— Фігурнае катанне — гэта сумесь артыстызму і тэхнікі. Што даецца вам складаней?

— Усё складана. Але на лёдзе я даю волю эмоцыям, таму з артыстычнасцю праблем няма. Дарэчы, у гэтым сэнсе я досыць розны, па-за межамі катка — дастаткова закрыты чалавек.

— За дзве-тры хвіліны на лёдзе, падаецца, вы аддаяце вельмі шмат сіл, у тым ліку эмацыянальных. Як іх аднаўляеце?

— Мяне падтрымліваюць сябры, пасля пракату вельмі хочацца размаўляць, дзяліцца эмоцыямі, і гэта мне дапамагае.

— Што ў вашых глабальных мэтах?

— Я не хацеў бы казаць пра свае канкрэтныя планы, усё ж такі варта жыць сённяшнім днём. Больш за ўсё я не люблю загадваць. Але, вядома, як і ўсе спартсмены, мару пра Алімпіяду.

— Чым захапляецеся акрамя спорту?

— Фігурнае катанне забірае асноўную частку часу, я заўсёды ва ўніверсітэце або на катку. Калі ёсць вольны час, вельмі люблю паглядзець баскетбол, у прыватнасці NBA, любімая каманда — «Лос-Анджэлес Лэйкерз».

— Калі б не катанне, чым бы маглі займацца ў жыцці?

— Я думаю, гэта сто працэнтаў быў бы спорт: альбо футбол, альбо баскетбол.

Дар'я Лабажэвіч

Фота Ганны Занкавіч

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.