Вы тут

Што агульнага паміж творчасцю і «табурэткай»?


Дзе можна асвоіць літаратурнае майстэрства? Як становяцца пісьменнікамі? Ці трэба для гэтага абавязкова скончыць адпаведны інстытут? Чаму можна навучыцца, а чаму нельга? А ці можа стварыць штосьці вартае ўвагі падлетак, або пакуль не вырасцеш, пісаць не маеш права? Ёсць меркаванне, што існуе ўсяго чатыры тыпы пісьменнікаў: графаманы, дрэнныя, добрыя і геніі. Першую і чацвёртую катэгорыі вучыць немагчыма. З добрага пісьменніка генія таксама не створыш, бо ім трэба нарадзіцца. А вось з дрэннага пісьменніка можна паспрабаваць выхаваць добрага.

«Я ў пісьменнікі пайду, няхай мяне навучаць» — менавіта так гучала тэма круглага стала, які прайшоў у рамках нядаўняй Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу. Яго ініцыятарамі выступілі аўтары шматлікіх кніг для дзяцей і падлеткаў Андрэй ЖВАЛЕЎСКІ і Яўгенія ПАСТЭРНАК, якія таксама займаюцца «агранкай» будучых талентаў.


Іван БА­ЧУК, дзе­вя­ці­клас­нік ба­раў­лян­скай ся­рэд­няй шко­лы № 2:  «Я да кан­ца не ве­рыў, што ма­гу пі­саць...»

Не скампраметаваць ідэю

Пісьменніца, лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі, кіраўнік аб'яднання «Літаратурнае прадмесце» Людміла РУБЛЕЎСКАЯ лічыць, што такая вучоба патрабуецца не ўсім, хто імкнецца ствараць. Насамрэч усю сусветную літаратуру можна разглядаць як выдатную школу. Але ў творчых аб'яднанняў (школ, курсаў і гэтак далей) ёсць адна важная перавага: яны ствараюць адпаведны асяродак, у які пагружаюцца іх слухачы. Гэта атмасфера, у якой адзін аднаго падтрымлівае. А самы вялікі бонус для юных удзельнікаў — калі ў цэнтры творчага асяроддзя прысутнічае сталы пісьменнік. Ад дарослых хэдлайнераў патрабуюцца асаблівыя якасці. «Увогуле трэба, каб і вучні падабраліся, і каб атмасфера адпаведная склалася, інакш усё будзе міма, а можа быць, яшчэ і адаб'е жаданне займацца гэтай «падазронай справай». Будзем шчырымі, сёння завабіць маладых людзей у вялікую літаратуру няпроста, і трэба без прыўкрас ім казаць, што за кошт сваіх кніг яны жыць не будуць, — канстатуе Людміла Рублеўская. — Але ж акрамя матэрыяльных ёсць і вельмі важныя нематэрыяльныя рэчы...»

Звычайна школу маладога пісьменніка наведваюць слухачы ва ўзросце 18—20 гадоў і ў больш старэйшым. Але аднойчы адначасова навучаліся 13-гадовая дзяўчына-падлетак і яе бабуля. І ў абедзвюх атрымлівалася няблага пісаць. Гэта лішні раз даказвае, што спасцігаць літаратурнае майстэрства ніколі не позна і ніколі не рана. Жаданне пісаць кнігі можа прачнуцца ў любы момант. «Але заганяць на вучобу нікога ні ў якім разе нельга, бо так лёгка адбіць ахвоту і скампраметаваць саму ідэю, — падкрэслівае Людміла Рублеўская. — Я ведаю маладых людзей, якія змянялі курсы, шукалі тое літаратурнае асяроддзе, якое падыходзіць канкрэтна ім. І яны яго знаходзілі...»

Кацярына ЦІМАШПОЛЬСКАЯ: “Важна, каб дзеці зразумелі: быць Талстым — гэта не страшна..”.

Пісаць так, каб чапляла

— Думаю, што калі ў чалавеку ёсць іскра божая, то ніякія літаратурныя курсы яго не сапсуюць, — жартуе пісьменніца Вольга ГРАМЫКА (выпускніка біяфака БДУ. — Аўт.). — Асабіста мяне вучыць — толькі псаваць. Я ніколі не наведвала падобныя курсы, больш за тое, у мяне і ў школе была «тройка» па рускай літаратуры. Я не ведаю, як я пішу, як гэтаму можна навучыць і як гэта можна растлумачыць. І мяне вельмі раздражняе, калі пачынаюць казаць, як трэба пісаць, мяне выводзіць з сябе нават думка пра тое, што неабходна зрабіць план. Кажуць: «Вось вам сітуацыя, апішыце яе прыгожа!» Я не разумею, навошта мне гэта? Я ніколі не пішу чарнавікоў, эсэ, гісторый на зададзеную тэму, каб прапампаваць сваё літаратурнае майстэрства. Для мяне дзіўна, што яму можна навучыць: майстэрства альбо ёсць, альбо яго няма. Так, я чытала аўтабіяграфіі вядомых пісьменнікаў, і мяне заўсёды здзіўляла, што яны насамрэч вучыліся, трэніраваліся, рабілі накіды, па сто разоў перароблівалі, хадзілі ў нейкія студыі, кансультаваліся...

Калісьці я марыла быць мастаком, і калі падчас дэкрэту ў мяне з'явіўся вольны час, вырашыла ім скарыстацца, якраз каб здзейсніць сваю мару: пераканалася на ўласным досведзе, што навучыцца выяўленчаму мастацтву насамрэч можна. А вось як ствараць якасную літаратуру, да сёння не ведаю. Хоць у мяне ўжо выйшла 18 кніг агульным тыражом больш за мільён асобнікаў. Для мяне гэта матэрыя зусім іншага плана. Калі я бачу, якія эсэ пішуць чытачы па маіх кнігах, то вельмі здзіўляюся. Што хацеў сказаць аўтар? Я нават не магу ўявіць сабе, як гэтыя думкі знаходзяць у маіх тэкстах? (Смяецца. — Аўт.) А чытачы, між іншым, ладзяць літаратурныя дыскусіі. У мяне ёсць знаёмыя філолагі, якія вельмі добра пішуць, але яны не пісьменнікі, а выдатныя рэдактары, журналісты. Аднак як толькі садзяцца пісаць сваю кнігу... Так, атрымліваецца выдатны тэкст, вылізаны, але я яго дачытваю да канца — і ўсё. Ён прайшоў праз мяне транзітам. Добры, якасны, вытрыманы серадняк, які я сабе паставіць на паліцу не хачу. А жадаю зусім іншы, напісаны тым, хто не вучыўся, але сеў і зрабіў так, як яму сэрца падказала...

Не падрэзаць крылы

А вось паэтэса, пісьменніца, бард і кіраўнік літаратурнай майстэрні для дзяцей і падлеткаў Таццяна ДАШКЕВІЧ з'яўляецца выпускніцай Літаратурнага інстытута імя М. Горкага.

— За намі ніколі не было строгага нагляду з боку педагогаў. Гэта была дзівосная школа разумення, і для мяне яна была неабходная, — канстатуе Таццяна. — Нас навучылі цаніць творчую свабоду. Адзін з нашых выкладчыкаў Мікалай Старшынаў казаў: "А чаму б не вучыцца пісаць, калі ў кансерваторыі вучаць іграць і складаць музыку, а ў акадэміі мастацтваў — акцёрскаму майстэрству". І літінстытут утварыўся, напэўна, не выпадкова, бо нічога выпадковага не бывае...

Вельмі сур'ёзны ўплыў на маё станаўленне аказала «малая рэдкалегія» часопіса «Парус». Там мы, падлеткі, сустрэлі дарослых, якія далі нам зразумець, што мы нешта з сябе ўяўляем. Вось калі б не гэты штуршок, можа быць, мы так бы і пісалі ў стол. Таму вельмі важна сустрэць у юным узросце чалавека, які ў цябе паверыць, падтрымае і пакажа твае моцныя бакі.

Цяпер у мяне дваццаць вучняў. Мы кожны занятак пішам нешта новае. Хтосьці — аповед, бо санет яму нецікавы, нехта — акраверш. Узрост выхаванцаў — ад 7 да 17 гадоў, але мы ўсе сядзім за адным сталом. Я на дзяцей не цісну, бо ведаю, што такое творчая свабода. Да кожнага — індывідуальны падыход. Заняткі праходзяць весела: гадзіна — на разагрэў, мы можам піць чай, размаўляць, штосьці абмяркоўваць, згуляць у інтэлектуальную гульню. Але калі хто-небудзь хоча ствараць, ён прыходзіць і адразу піша, бо дома няма калі. Я ім даю магчымасць гэта рабіць на нашых занятках, каб яны па дарозе не страцілі той настрой, які тут зловяць.

Таццяна Дашкевіч упэўнена, што заўсёды трэба знайсці, за што дзіця пахваліць, таму што нельга падрэзаць крылы на ўзлёце. І толькі калі дзіця дазволіць да сябе наблізіцца, пачне вам давяраць, можна пачаць яго далікатна накіроўваць: «Мне важна, каб яно ўсё само зразумела і ўбачыла. Тэорыя ў нас, вядома, таксама даецца, але толькі ў гульнявой форме. Мы вучымся быць індывідуальнымі. У мяне кожнае дзіця ведае, што яно ўнікальнае і якія ў яго ёсць моцныя бакі».

Ган­на ГО­ЦІ­НА, ву­ча­ні­ца 9 кла­са ста­ліч­най гім­на­зіі № 24:  «Тое, што я спа­сці­га­ла праз мност­ва па­мы­лак,  у «ЛІ­сЕ» мне рас­тлу­ма­чы­лі да­ступ­най ча­ла­ве­чай мо­вай».

Важная «опцыя»

Марыя БЯРШАРДСКАЯ, дзіцячы пісьменнік, сцэнарыст і настаўнік, прыгадала, як у падлеткавым узросце пазнаёмілася праз сяброўку з паэтам і перакладчыкам Навумам Кіслікам.

— Мне было чатырнаццаць гадоў, ён мне даваў чытаць велізарную колькасць кніжак, якія ў тыя часы не выдаваліся. Я яму дэкламавала свае вершы, праўда, ён быў вельмі строгі крытык. Ніякіх сопляў з цукрам, ніякіх, — расказвае яна. — Але калі Навум сказаў пра адзін радок: «Ну, нічога так атрымалася», то я ішла дадому з пачуццём, што здарылася нешта неверагоднае. Потым я падрасла і трапіла ў «малую рэдкалегію» часопіса «Парус». З намі там па-даросламу размаўлялі. Абмяркоўвалі вынік — тое, што мы пішам, нашы артыкулы для часопіса, апавяданні або вершы. Але нас не вучылі пісаць, у сэнсе — ніякіх размоў пра тэорыю не было.

Чаму мяне навучыў Усерасійскі дзяржаўны інстытут кінематаграфіі? «Рабіць табурэтку!» Мне здаецца, што «рабіць табурэтку» трэба навучыць, таму што ў яе ёсць сядзенне і ёсць ножкі і яна не павінна падаць. Астатняму навучыць немагчыма. Ты або чуеш, што адбываецца вакол цябе, або не. Свет поўны цікавых гісторый і сюжэтаў, але іх трэба пачуць і разгледзець. Гэта кругласутачны працэс. Немагчыма працаваць пісьменнікам тры гадзіны ў дзень, а ў астатні час «выключацца». І калі ў цябе ёсць такая «опцыя», то будзе і вынік.

— Навучыць пісаць, вядома, нельга. Але мне, між іншым, вельмі не хапае гэтай самай «табурэткі», я ніколі не вучылася пісаць прафесійна, і мне вельмі хацелася б даведацца пра законы яе стварэння, таму што мяне часта заносіць, і табурэтка атрымліваецца нейкая крывая, — жартуе настаўніца рускай мовы і літаратуры маскоўскай школы № 734 імя Аляксандра Тубельскага, дзіцячы пісьменнік Кацярына ЦІМАШПОЛЬСКАЯ. — Я лічу, што адзіны спосаб адрадзіць цікавасць да літаратуры ў школе — пісаць разам з дзецьмі. Мы разам з вучнямі ствараем тэксты ў самых розных жанрах. У нас ёсць сшытак, які так і называецца «Сшытак для пісьменніцтва». Там ёсць белыя вершы, японскія хоку, школьныя аповесці, гумарэскі, анекдоты, увогуле, абсалютна ўсе тыя жанры, якія існуюць для пішучых людзей. Дзеці пішуць самі. Вядома, карава, і можа атрымацца не «табурэтка», а «гамак». Але часам атрымліваюцца проста фантастычна таленавітыя творы. І яшчэ, мне здаецца, важна, каб яны зразумелі, што быць Талстым — гэта не страшна. Што «Вайна і мір» абсалютна чытэльны твор, і яны самі могуць напісаць і выказаць нешта падобнае. Вялікія пісьменнікі, пра якіх мы столькі гадоў казалі, устаюць побач з дзецьмі. І апошнія разумеюць, што яны таксама нешта могуць.

Марыя БЯРШАРДСКАЯ: ”Чаму мяне навучыў Усерасійскі дзяржаўны інстытут кінематаграфіі? "Рабіць табурэтку!"

Чаму не вучаць у школе?

Пісьменнікі Яўгенія ПАСТЭРНАК і Андрэй ЖВАЛЕЎСКІ, якія вядуць літаратурны практыкум для падлеткаў «ЛІсА»(было ўжо тры выпускі), пераканаліся, што самая вялікая цяжкасць для іх — завяршыць сваю працу. Усе прыходзяць з юнацкім запалам і гатовы весела бавіць час на занятках, але потым садзяцца пісаць і высвятляецца, што ўсё зусім не проста. «А гэта, аказваецца, так сумна і так доўга...» — скардзяцца яны.

— У школе можна напісаць сачыненне на каленцы, заўтра яго здаць і атрымаць адзнаку, можа, нават добрую, — разважае Яўгенія. — А ў нас даволі высокая планка, мы патрабуем на выхадзе аповед з завершаным сюжэтам і прымушаем перарабляць, калі ёсць праблемы з завязкай або кульмінацыяй. Пісаць падлеткі яшчэ гатовыя, а вось перапісваць — ужо не.

— Навучыць ствараць немагчыма, — кажа Андрэй. — Але можна дапамагчы асвоіць нейкія рэчы, якія ўсё роўна спатрэбяцца. Напрыклад, як дарабляць сваю работу да канца. Гэта рэдкае ўменне, якому ў школе не вучаць. Можна навучыць структураваць інфармацыю, разумець прычынна-выніковыя сувязі, псіхалогію людзей, можна падказаць, як выбудоўваць цікавы сюжэт, паказваць характар героя праз яго ўчынкі і словы. Як коратка, дакладна і сакавіта выкладаць свае думкі, пісаць без шаблонных фраз і штампаў. Мы можам дапамагчы знайсці свой стыль. У нас выйшаў ужо трэці зборнік — “ЛІсА 3”, складзены з апавяданняў падлеткаў, выпускнікоў нашых крусаў.

Іван БАЧУК, дзевяцікласнік бараўлянскай сярэдняй школы № 2 — на курсах Яўгеніі і Андрэя «старажыл»:

— Першы раз я прыйшоў у «ЛІсУ», шчыра прызнаюся, не па сваёй волі, бо да канца не верыў, што ўвогуле змагу пісаць (мае школьныя сачыненні крытыкаваліся). Затым я пайшоў на другі курс, але самай прадуктыўнай для мяне аказалася трэцяя «ЛІсА». Уся тэорыя літаратуры была пададзена нам вельмі простай і зразумелай мовай. Я лічу, што, не маючы пэўнай базы, пісаць немагчыма. Як сказаў расійскі рэжысёр, які займаецца кароткаметражкамі, Мікіта Ардынскі, ВНУ забяспечыла яму добрую базу, хоць, канешне, без таленту, без унутраных памкненняў стаць рэжысёрам нельга. Тое ж, я лічу, датычыцца і літаратурнай творчасці. Абавязкова павінна быць база. А «ЛІсА» падарыла мне і базу, і вопыт.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота аўтара і Кастуся ДРОБАВА

Загаловак у газеце: Вучыцца пісаць ніколі не позна. І не рана

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.