Вы тут

У краіне распрацуюць адзіныя падыходы пры правядзенні судовых даследаванняў


Для ўнясення ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу рыхтуецца праект новага для Беларусі закона «Аб судова-экспертнай дзейнасці». Дэпутаты асабіста пазнаёміліся з работай Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз.


«Зладзеі яшчэ не паспелі распакаваць нарабаванае, а ў дзверы ўжо пастукала міліцыя. Адбіткі пальцаў ледзь не ў рэжыме рэальнага часу «выдалі» злачынцаў», — тлумачыць старшыня камітэта Андрэй ШВЕД, дэманструючы самае сучаснае абсталяванне. І гэта далёка не ўсё, на што здольныя прафесіяналы камітэта пры дапамозе спецыяльных тэхнічных сродкаў.

Штогод вядзенне крыміналістычных улікаў спрыяе раскрыццю больш чым 20 тысяч злачынстваў. Адбіткі пальцаў — гэта першае, што недасведчаны чалавек прыгадае пра работу судовага эксперта, але спецыялісты камітэта праводзяць каля 160 тысяч відаў і падвідаў даследаванняў: ад зброі і дакументаў да каштоўных камянёў. Наяўнасць у аб'екце забароненых да абароту рэчываў вызначаецца кругласутачна на працягу 40 хвілін.

Працуюць мабільныя лабараторыі, выхоўваюцца новыя прафесіяналы, не застаецца пытанняў без адказу — раскрываюцца нават даўнія злачынствы... Да таго ж камітэт паспяхова зніжае бюджэтныя выдаткі на дарагія прыборы, якім няма аналагаў. Апошніх застаецца ўсё менш: прадукцыя «Белсудэкспертзабеспячэння» ў стане канкурыраваць з імпартнай. Калісьці эксперты павінны былі яшчэ скеміць, як без лішніх слядоў давезці да лабараторыі адабраны, напрыклад, мабільны тэлефон ці шпрыц. Зараз такога пытання няма: калі ласка, ёсць спецыяльная ўпакоўка беларускай вытворчасці. Як і крыміналістычныя сродкі, і праграмнае забеспячэнне.

Нядзіўна, што пераймаць беларускі досвед імкнуцца не толькі краіны постсавецкай прасторы: у Беларусі ў 2013 годзе створаны адзіны экспертны орган, які аб'яднаў розныя галіны. У 2015-м прыняты закон аб камітэце судэкспертыз. За гэты час значна скараціліся тэрміны разгляду спраў у судах і расследавання крымінальных спраў. Раней зняволеныя маглі чакаць экспертных заключэнняў да 12 месяцаў, зараз — за рэдкім выключэннем — 30 дзён. А па кожнай крымінальнай справе ў Беларусі праводзіцца мінімум па 2-3 экспертызы, часам да дзясяткаў.

Самастойныя заканадаўчыя акты па судовай дзейнасці ёсць у Казахстане, Кыргызстане, Украіне, Малдове і іншых краінах. Але ў іх няма аналагаў нашага камітэта. Беларусь, такім чынам, пачала з практыкі і вось падышла да стварэння адпаведнага закона. Для лепшага разумення асаблівасцяў працы «навуковых суддзяў», як іх часам называюць, парламентарыі (далёка не ўсе з якіх — юрысты) пазнаёміліся з гісторыяй, сучаснасцю і перспектывамі камітэта.

«Ніводная сесія Палаты прадстаўнікоў не абыходзіцца без разгляду законапраектаў, накіраваных на ўдасканаленне працэсуальнага заканадаўства. Новы закон павысіць эфектыўнасць судова-экспертнай дзейнасці, выніковасць барацьбы са злачыннасцю, абарону правоў грамадзян», — падкрэсліў намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў Баляслаў ПІРШТУК.

Па словах старшыні Пастаяннай камісіі па заканадаўстве Наталлі Гуйвік, у адпаведнасці з планам падрыхтоўкі законапраектаў на 2019 год, зацверджаным Прэзідэнтам, праект закона аб судова-экспертнай дзейнасці будзе ўнесены ў Палату прадстаўнікоў у найбліжэйшы час.

Законапраект рыхтуецца Нацыянальным цэнтрам заканадаўства і прававых даследаванняў і будзе ўнесены ад імя Прэзідэнта. У дакуменце будуць прадугледжаны агульныя стандарты для Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз, прыватных экспертаў (іх у краіне больш за дзве тысячы) і экспертаў сумежных структур — пагранічнага і мытнага камітэтаў, Камітэта дзяржаўнай бяспекі.

Галоўная задача новага законапраекта — абараніць правы грамадзян пры правядзенні судовых экспертыз. Як падкрэсліў дырэктар Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў Вадзім ІПАТАЎ, дагэтуль не забяспечана сістэмнае рэгуляванне судова-экспертнай дзейнасці, няма адзіных падыходаў да допуску работнікаў.

Таму ў праект закона ўключаны абавязковая атэстацыя асоб, якія жадаюць атрымаць права праводзіць экспертызы, і ліцэнзаванне недзяржаўных устаноў. Экспертам плануецца дазволіць уключаць у заключэнне ўласныя меркаванні, наконт якіх не былі пастаўлены пытанні.

Закон павінны ўрэгуляваць і тэрміны правядзення экспертыз (як правіла, не больш за 30 каляндарных дзён для ўстаноў усіх формаў уласнасці).

Праект датычыцца і правоў і абавязкаў фізічных асоб, у адносінах да якіх праводзіцца судовая экспертыза, — дагэтуль іх прававое становішча не замацавана. Калі даследаванне праводзіцца прымусова (напрыклад, чалавек змешчаны ў стацыянар), ушчамленне некаторых правоў непазбежнае і патрэбна для належнага правядзення экспертызы, бяспекі самой асобы ці іншых людзей. Частка праекта закона вызначае ўмовы і месца правядзення экспертызы, аб'ектам якой з'яўляецца фізічная асоба.

«Аб'ектыўнасць. Гонар. Айчына» — для экспертаў дзяржаўнага камітэта гэта больш, чым словы. Гэта кошт іх заключэння па канкрэтнай экспертызе, ад якога можа залежаць бяспека ўсёй краіны. Ці лёс аднаго чалавека.

Варвара МАРОЗАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

У 72-м аб'яднаным вучэбным цэнтры юнакі атрымліваюць і грамадзянскія спецыяльнасці

У 72-м аб'яднаным вучэбным цэнтры юнакі атрымліваюць і грамадзянскія спецыяльнасці

72-і аб'яднаны вучэбны цэнтр, што ў Печах, — самая вялікая воінская часць у Беларусі. 

Грамадства

Распавядаем, як арганізавана меддапамога ў Паставах

Распавядаем, як арганізавана меддапамога ў Паставах

Самым аддаленым ад абласнога цэнтра раёне краіны.

У свеце

Чаму Дональд Трамп захацеў набыць Грэнландыю?

Чаму Дональд Трамп захацеў набыць Грэнландыю?

Цяпер гэтая аўтаномная тэрыторыя ўваходзіць у склад Каралеўства Данія.

Грамадства

Школы Гомельшчыны прайшлі праверку на гатоўнасць да навучальнага года

Школы Гомельшчыны прайшлі праверку на гатоўнасць да навучальнага года

Сё­ле­та ў да­школь­ныя ўста­но­вы ра­ё­на прый­дзе 2 700 ма­лых.