На працягу пяці дзён эксперты і журналісты прэстыжнага выдання Nаtіоnаl Gеоgrарhіс Іsrаеl падарожнічалі па Беларусі. І нават за такі невялікі час наша краіна паспела ўразіць гасцей.
Здавалася б, люты — не самы лепшы месяц для падарожжаў па Сінявокай. Але сумненні замежных журналістаў хутка развеяліся. Як прызналася галоўны рэдактар Nаtіоnаl Gеоgrарhіс Іsrаеl Дафна Шломіт Раз, для яе Беларусь — гэта краіна ўражанняў. Падчас прэс-туру госці наведалі розныя музеі, аграсядзібы, паўдзельнічалі ў майстар-класах. Напрыклад, у Моталі яны навучыліся ўпрыгожваць каравай, даведаліся пра традыцыі беларусаў, адзяваліся ў народныя строі... І эксперты ўпэўнены, што этнаграфічны турызм трэба развіваць і рэкламаваць. На гасціннасці, эмоцыях можна падаваць зусім іншы прадукт. Тут трэба гаварыць не столькі пра турызм паміж краінамі, колькі пра турызм паміж людзьмі.
Адна з апошніх тэндэнцый у гэтай галіне — пошук лакальных адметнасцяў. Так, сёння падарожнікаў можна запрашаць наведаць не проста краіну, а нейкія асобныя яе рэгіёны. І чаму б не стварыць для кожнай вобласці Беларусі ўласныя прэзентацыі, прадумаць, як пераканаць замежнага госця, што кожны рэгіён заслугоўвае ўвагі? Такую думку выказаў прафесар Ёэль Мансфельд з універсітэта Хайфы (Ізраіль), эксперт па планаванні і даследаванні турызму. Ён ужо не першы раз наведвае Беларусь і вельмі ўражаны тымі зменамі ў турыстычнай галіне, якія адбыліся ў нас за апошнія дзесяць гадоў.
І тым не менш прафесар бачыць адну з праблем, над якой у Беларусі яшчэ трэба папрацаваць, — адыход ад работы толькі з рускамоўнымі групамі. Госці з далёкага замежжа не змогуць вывучыць рускую ці беларускую мову, і гэта трэба ўлічваць. І вельмі добра, што ў Беларусі з'явіліся паказальнікі з перакладамі па-англійску. З тым, што яшчэ многа давядзецца зрабіць, каб перабудаваць інфраструктуру пад замежнага падарожніка, пагадзіўся і дырэктар Дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турызму Андрэй Молчан. На сёння мы яшчэ моцна залежым ад рынку Расіі, і кіраўніцтва санаторыяў і баз адпачынку не заўсёды спяшаецца нешта мяняць, калі ведае, што кліенты (а асноўныя спажыўцы тут — расіяне) усё роўна да іх прыедуць. Але задача па дыверсіфікацыі рынку паслуг ужо пастаўлена, і бязвізавы рэжым садзейнічае таму, што паступова ў нас павялічваецца колькасць гасцей з розных краін.
Дарэчы, адзін з кірункаў, які плануецца развіваць, — так званы настальгічны турызм. Многім выхадцам з Беларусі, чые сем'і сёння пражываюць у Ізраілі і іншых дзяржавах, было б
цікава наведаць нашу краіну. Ёэль Мансфельд упэўнены, што тут не трэба ствараць асобныя маршруты для яўрэйскага насельніцтва, куды важней расказаць пра ўсе культуры, традыцыі, якія звязаны з пэўнай тэрыторыяй. Таксама, на яго думку, трэба рабіць больш сумесных тураў з іншымі краінамі, якія маглі б прывабліваць турыстаў з суседніх дзяржаў.
Алена ДЗЯДЗЮЛЯ
Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве
Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.