Вы тут

Міністэрства аховы здароўя: Урачэбную таямніцу ніхто не адмяняў


Інфармацыю аб палавым жыцці непаўналетніх медыкі не павінны перадаваць нікому, нават бацькам, за выключэннем выпадкаў, прадугледжаных заканадаўствам, калі ёсць пагроза жыццю і здароўю дзіцяці або іншых людзей. Аб гэтым заявіла БЕЛТА начальнік аддзела медыцынскай дапамогі маці і дзецям Міністэрства аховы здароўя Беларусі Людміла Лёгкая.


Парадак праходжання медаглядаў дзяцей і дарослых вызначаецца адзінай пастановай - нумар 96 "Аб дыспансерызацыі насельніцтва" ад 12 жніўня 2016 года. У дадатку дакладна распісана, у якім узросце дзеці павінны быць агледжаны адпаведнымі ўрачамі-спецыялістамі, а таксама аб'ём дыягнастычных, у тым ліку лабараторных, даследаванняў. Што датычыцца падлеткаў 15-17 гадоў, то кожны год яны аглядаюцца пэўнымі спецыялістамі. Для дзяўчынак прадугледжаны ў тым ліку агляд гінеколагам. 

"Медыцынскія агляды - гэта абсалютна добраахвотна, мы нікога не прымушаем. Згодна з заканадаўствам дзеці на ўсе простыя медыцынскія ўмяшанні, у тым ліку агляды, самі могуць даваць або не даваць згоду з узросту 14 гадоў. Але так склалася гадамі, што да нас прыходзяць амаль 99 працэнтаў усіх дзяцей - арганізавана класамі або самастойна ў месяц свайго нараджэння. Плюс, калі дзеці хварэлі і ім праводзілася даследаванне, то мы гэтыя даныя прымаем пад увагу", - сказала Людміла Лёгкая.

Яна ўдакладніла канкрэтныя сітуацыі, якія даюць падставу для ўмяшання праваахоўнікаў - яны выкладзены ў пастанове Савета Міністраў ад 18 снежня 2014 года нумар 1192: калі дзяўчынка меншая за 16 гадоў цяжарная, калі пры аглядзе ўстаноўлена наяўнасць траўмаў і пашкоджанняў, якія сведчаць аб проціпраўных дзеяннях у адносінах да яе (гэта могуць быць прыкметы згвалтавання, умяшання для штучнага перарывання цяжарнасці), а таксама ў тых выпадках, калі дзіця само расказвае аб такіх фактах.

"У любым выпадку падыход індывідуальны і вельмі карэктны, паколькі гэта стрэсавая сітуацыя. Прыцягваецца падрыхтаваны псіхолаг, да якога дзяўчынку накіроўвае акушэр-гінеколаг. Калі яны пагаджаецца на размову з псіхолагам, ён ацэньвае яе псіхічны стан. І пры наяўнасці звестак, якія могуць указваць на проціпраўныя дзеянні, інфармацыя індывідуальна перадаецца ў тэрытарыяльныя органы ўнутраных спраў", - дадала субяседніца. 

Гэта тэму, што шырока абмяркоўваецца ў грамадстве, пракаменціраваў журналістам і віцэ-прэм'ер Ігар Петрышэнка. Ён адзначыў, што чуткі аб тым, што пасля планавых аглядаў урачы будуць паведамляць ва УУС аб фактах палавога жыцця школьніц малодшых за 16 гадоў, - укід у інфармацыйную прастору, абсалютна беспадстаўная дутая сенсацыя.

У Беларусі створаны неабходны прававы механізм, зацверджана адпаведная нарматыўная прававая база, якая абавязковая для выканання і ўрачамі, і праваахоўнымі органамі. "Ёсць нормы Канстытуцыі, закона аб ахове здароўя, якім гарантуецца ў тым ліку захаванне ўрачэбнай тайны. Ніякіх навацый у мэтах змяніць дзеючае заканадаўства ні ўрад, ні іншыя структуры не ініцыіравалі, - падкрэсліў ён. - Прававая сістэма ў плане аказання медыцынскай дапамогі, дыспансерызацыі не мяняецца". 

Правядзенне дыспансерызацыі дзяцей і дарослых накіравана на своечасовае выяўленне тых ці іншых захворванняў, адхіленняў, каб чалавек мог атрымаць кваліфікаваную дапамогу. Гэта садзейнічае падтрыманню здароўя нацыі. "Але калі ёсць прыкметы проціпраўнага ўздзеяння на дзіця, падключаюцца ўсе. Мы тут павінны актыўна працаваць над тым, каб сапраўды берагчы нашых дзяцей, прапагандаваць традыцыйныя сямейныя каштоўнасці", - адзначыў Ігар Петрышэнка. Намеснік прэм'ер-міністра перакананы: важна, каб менавіта ў сям'і дзеці дзяліліся сваімі праблемамі. А бацькі, калі гэта неабходна, павінны звяртацца за дапамогай псіхолагаў, кансультацый урачоў і іншых спецыялістаў. 

Віцэ-прэм'ер яшчэ раз падкрэсліў, што ніякіх дадатковых навацый, падыходаў у гэтай сферы ўводзіць не плануецца.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».