Вы тут

Сяброўства як нагода для гонару


Як павінны ўзаемаўзбагачацца літаратуры блізкіх краін; як узаемадзейнічаць творчыя саюзы з уладамі; якой мусіць быць падтрымка пісьменніка — гэтыя ды іншыя пытанні абмяркоўвалі ўдзельнікі круглага стала «Два крылы адной літаратуры», які адбыўся ў межах XXVI Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкікірмашу. Па меркаванні старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалая Чаргінца, мэта літаратур братніх краін агульная — развівацца ў імя дружбы народаў і міру ва ўсім свеце і ўсяляк спрыяць гэтаму. Па-першае, пры дапамозе кніг, якія выдаюцца ў дзяржаве. Пісьменнікі павінны прапаноўваць творы, якія знаходзяць водгук у грамадстве, выхоўваць яго, засяроджваць на лёсавызначальных для народа пытаннях. З іншага боку, і творцы чакаюць ад дзяржавы большай увагі і падтрымкі. «Наша грамадскае аб’яднанне дамагаецца павышэння пенсіі літаратарам, якія маюць дзяржаўныя ўзнагароды і чые творы вывучаюць у школе, — зазначыў кіраўнік СПБ. — Пісьменнік — не прафесія, на першы погляд. Але дзякуючы таму, што ёсць пісьменнікі, існуюць і ўсе іншыя прафесіі; на творах пісьменнікаў вучацца дзеці, выхоўваецца юнацтва», — перакананы Мікалай Чаргінец.


Старшыня Саюза пісьменнікаў Расіі Мікалай Іваноў, падзяліўся досведам арганізацыі супрацоўніцтва творчага аб’яднання з мясцовымі ўладамі. Грамадскае аб’яднанне на тое і грамадскае, што не праследуе мэты атрымаць за сваю дзейнасць прыбытак, таму пісьменнікі ўсё ж маюць патрэбу ў тым, каб іх падтрымлівалі. «Цяпер кіраўніцтва супрацоўнічае напрамую з губернатарамі, падпісаны шэраг узаемакарысных пагадненняў. У Расіі таксама няма прафесіі пісьменніка. Але мы самі не павінны сядзець склаўшы рукі ды толькі згадваць савецкае мінулае, дзе роля пісьменніка ў грамадстве была вельмі істотная, — гэта нічога не зменіць, — перакананы Мікалай Іваноў. — Мы захавалі адзінства: нас больш чым 8 тысяч сябраў, 91 арганізацыя — ніводная не распалася, нягледзячы на тое, што няма дзяржаўнага фінансавання».

Адзін цікавы прыклад: калі ў шэрагі СПР прымаюць моладзь, старэйшыя калегі з выхаваўчай мэтай арганізоўваюць для маладых творцаў экскурсіі ў Краснадон, на месца гібелі «Маладой гвардыі». Бо моладзь павінна памятаць гісторыю і ведаць, якая патрэбна літаратура...

З мэтай збліжэння і ўзаемаўзбагачэння літаратур суседніх краін апошнім часам шмат робіцца мастацкіх перакладаў. Так, нядаўна пабачыў свет зборнік лірыкі беларускіх творцаў, пераствораных па-чувашску паэтам Валерыем Тургаем. «Вялікае значэнне мае захаванне памяці літаратурных сувязяў. Так, у найбліжэйшых планах творцаў Чувашыі — усталяванне мемарыяльнай дошкі на будынку гасцініцы ў Чабаксарах, дзе жыў Янка Купала падчас эвакуацыі, і на сцяне сталічнага Дома друку, — зазначыў Валерый Тургай. — Усяго два тыдні правёў на нашай зямлі беларускі пясняр, але і па сёння дарагая памяць пра яго».

Пра сумесныя падзеі ў літаратурным жыцці распавёў старшыня Астраханскага аддзялення Саюза пісьменнікаў Расіі Юрый Шчарбакоў. Ён падкрэсліў, што лёс народаў залежыць ад сяброўства літаратур. Так, прыкладам таго, як можна спрыяць узаемапранікненню дзвюх літаратур, стаў праект узаемаперакладаў. Днямі ў Расіі выйшла кніга Міхася Пазнякова «Маё багацце» (выдавецтва «Джангар», Эліста), пераствораная Юрыем Шчарбаковым па-руску. Адначасова ў Беларусі пабачыў свет зборнік лірыкі Юрыя Шчарбакова «Таццянін дзень» (выдавецтва «Коларград», Мінск), пераствораны па-беларуску Міхасём Пазняковым.

Па перакананні галоўнага рэдактара вядучага расійскага выдавецтва Георгія Прахіна, адметнай падзеяй у культурным жыцці Беларусі і Расіі стаўся выхад кнігі пра сяброўства і літаратурныя сувязі «М. Горкі і А. Багдановіч: дружба, народжаная на берагах Волгі» (Масква, «Художественная литература», 2018). Папярэднічаў гэтаму абмен навуковымі і архіўнымі адкрыццямі паміж краінамі, работа ў расійскіх архівах беларускіх даследчыкаў.

Згаданыя прыклады можна расцэньваць як падставу для гонару, сцвярджалі выступоўцы. Бо росквіт і ўзаемаўзбагачэнне магчымыя там, дзе няма месца прымусу, навязвання, а ёсць штодзённая мэтанакіраваная, руплівая праца, часам самаахвярная. Як адзначыў пісьменнік, галоўны рэдактар выдавецтва «Художественная литература» (Расія) Георгій Прахін: «І ў Беларусі, і ў Расіі літаратура сёння — як Жана Д’Арк: калі нічога больш не засталося, у вогнішча ідзе яна»...

Яна БУДОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Культура

Акцёр Віктар Манаеў: Жыццё само па сабе з'яўляецца камедыяй

Акцёр Віктар Манаеў: Жыццё само па сабе з'яўляецца камедыяй

Размова пра сучаснае стаўленне да культуры, гастролі Купалаўскага тэатра ў савецкія часы і здымкі ў фільме «Ідзі і глядзі».

Грамадства

Зваршчык з Мсціслава стварае ўнікальныя жалезныя скульптуры

Зваршчык з Мсціслава стварае ўнікальныя жалезныя скульптуры

Аляксандра Папова ў Мсціславе ведаюць усе.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Пра куфэрак и вяртанне блуднага мужа.