Вы тут

Беларусь і В'етнам пабудуюць сумесны малаказавод


Аб стварэнні новага сумеснага прадпрыемства расказаў Уладзімір Андрэйчанка, старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі, на сустрэчы з паслом В'етнама ў нашай краіне Фамам Хаем. Бакі зацікаўлены ў нарошчванні паставак прадукцыі, стварэнні прадпрыемстваў і прыходзе інвестараў. Зараз разглядаецца і шэраг міжрэгіянальных пагадненняў.


Беларускі бок чакае ў першай палове года візіту спадарыні Нгуен Тхі Кім Нган, старшыні Нацыянальнага сходу В'етнама. «Магчыма, падчас гэтага візіту мы падпішам дарожную карту аб супрацоўніцтве, дзе вызначым канкрэтныя мерапрыемствы па развіцці нашага міжпарламенцкага і не толькі ўзаемадзеяння. Можна ў рамках гэтага візіту правесці і бізнес-форум. Таму што аснова супрацоўніцтва — гэта перш за ўсё гандлёва-эканамічныя адносіны. Нягледзячы на тое што ў 2016 годзе было падпісана пагадненне аб зоне свабоднага гандлю паміж краінамі ЕАЭС і В'етнамам, на жаль, тавараабарот у нас не павялічыўся паміж Беларуссю і В'етнамам. І ён стабільна складае 120—130 мільёнаў долараў. Мы лічым, што адна з задач, у тым ліку парламентарыяў, усяляк садзейнічаць таму, каб нарошчваць узаемны тавараабарот», — падкрэсліў старшыня Палаты прадстаўнікоў.

Таксама ён нагадаў, што зараз заканчваецца стварэнне яшчэ аднаго сумеснага прадпрыемства «МАЗ-Азія». Завод знаходзіцца ў высокай ступені гатоўнасці — каля 85 %. Па словах Уладзіміра Андрэйчанкі, неабходна прыкласці намаганні, каб прадпрыемства па зборцы грузавых аўтамабіляў запрацавала ў другой палове 2019 года. Акрамя таго, яшчэ ў 2017-м адной з транспартных карпарацый Ханоя былі перададзены на эксплуатацыю 32 нізкападлогавыя аўтобусы МАЗ, якія былі сабраныя ў Хашыміне. Яны паспяхова прайшлі абкатку, і ў канцы мінулага года з'явілася прапанова па арганізацыі зборкі гэтых аўтобусаў у Ханоі.

Фам Хай у адказ падкрэсліў: «Трэба павялічваць тавараабарот паміж нашымі краінамі. Пасля падпісання пагаднення з ЕАЭС нашы прадпрыемствы не скарысталіся ўсімі перавагамі. У найбліжэйшы час мы будзем больш працаваць з беларускімі партнёрамі».

Надзея АНІСОВІЧ

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: У В'етнаме пабудуем малаказавод

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.