Вы тут

«Касіў Ясь канюшыну» і Smoke on the water. У гасцях у «Нясвіжскіх лыжкароў»


Калі вы лічыце народную музыку несучаснай і цікавай для вузкага кола слухачоў, — значыць, вы ніколі не былі на канцэрце «Нясвіжскіх лыжкароў». Абсалютная большасць удзельнікаў гэтага народнага інструментальнага ансамбля — маладыя зухаватыя хлопцы, у чыіх выступленнях — і танцавальны імпэт, і гумарыстычна-пластычныя замалёўкі, і спалучэнне самых нечаканых музычных фрагментаў, ад «Касіў Ясь канюшыну» да Smoke on the water. Калектыў існуе ўжо больш як 12 гадоў, мае багаты рэпертуар і гастрольны вопыт, а сёлета атрымаў высокую ўзнагароду — спецыяльную прэмію Прэзідэнта за папулярызацыю музычнага мастацтва, мэтанакіраваную работу па эстэтычным выхаванні падрастаючага пакалення і актыўную канцэртную дзейнасць.

Карэспандэнты «Звязды» напрасіліся ў госці да «Нясвіжскіх лыжкароў», каб праверыць, ці не сапсавала хлопцаў слава, і распытаць мастацкага кіраўніка калектыву Уладзіміра СУХАВЕЯ пра тое, чаму з лыжкамі толькі юнакі і як ансамбль шумавых інструментаў ператварыўся ў культурную адметнасць.


...У інтэрнаце Нясвіжскага дзяржаўнага каледжа імя Якуба Коласа нас ужо чакаюць. Хлопцы ў сцэнічных касцюмах і чорных шапках разбіраюць інструменты — хто лыжкі, хто гітару, а хто і пральную дошку. На падлозе расстаўляюць абавязковы рэквізіт — збаны, размаляваныя пад бярозу. Раней выкарыстоўвалі сапраўдныя цуркі, але тыя даволі цяжкія і займалі ў багажы нямала месца, у той час як пустацелыя збаны можна ўкладваць адзін у адзін.

— Гэты склад ансамбля, бадай, ужо шосты, — расказвае заснавальнік і кіраўнік «Нясвіжскіх лыжкароў» Уладзімір Сухавей. — Адных хлопцаў набіраем, пераважна з аддзялення фізічнай культуры, дзе іх больш за ўсё, а другія выпускаюцца. Найбольшы дэфіцыт з тых, хто ўмее іграць на музычных інструментах: то ў нас ёсць флейтыст, то няма...

Ансамбль, як і іншыя секцыі і аб’яднанні па інтарэсах у каледжы, папаўняецца з дапамогай так званага рэйтынг-атэлье, што ладзіцца ў пачатку новага навучальнага года: кожны выкладчык, які прапануе пазавучэбныя гурткі, расказвае пра іх першакурснікам (а «Нясвіжскія лыжкары» яшчэ і паказваюць на міні-канцэрце), і зацікаўленыя могуць выбраць сабе занятак для душы.

— Не бывае крыху крыўдна: вы вучыце ўсё новых дзяцей, а яны выпускаюцца, сыходзяць, і практычна ніхто не працягвае гэты кірунак далей?

— У гэтым сапраўды ёсць пэўная складанасць, але, з іншага боку, і пэўнае хараство — мы не застойваемся на месцы, прыходзяць новыя людзі, новыя ідэі. І асабіста мне вельмі важна і прыемна тое, што сучасныя маладыя людзі праяўляюць цікавасць да народнай музыкі. Былі выпадкі, што нашы выпускнікі арганізоўвалі дзіцячыя калектывы, выступалі на розных конкурсах, таму пераемнасць, працяг музычных фальклорных традыцый усё ж ёсць.

Жыццё ў рытме

— На старых фотаздымках, напэўна, зробленых яшчэ падчас вучобы ў педагагічным універсітэце, бачыла вас з жаночым гуртам. То чаму ж у цяперашнім ансамблі ніводнай дзяўчыны, толькі хлопцы?

— Напачатку мы сапраўды стварылі ў каледжу чыста жаночы ВІА, нават на саксафоне іграла дзяўчына, і гэта мела поспех. А пазней я, натхнёны творчымі камандзіроўкамі з нашым педагогам Уладзімірам Перацяцькам, доўга марыў сабраць свой эстрадны ансамбль, — але, бачыце, з цягам часу гэта ідэя трансфармавалася ў ансамбль шумавых інструментаў. ...Аднойчы кіраўніцтва прапанавала ўвесці ў склад дзяўчат. Узялі мы чатырох навучэнак з аддзялення фізічнай культуры, у іх была патрэбная вынослівасць, але не хапала пластыкі, грацыі, і ўжо на абласным конкурсе зразумелі, што ў такім складзе да рэспубліканскага этапу мы не дойдзем. Потым узялі танцорак, але гэта аказалася псіхалагічна складана: рана ці позна ў змяшаным калектыве завязваюцца рамантычныя стасункі, і ўсё, няма ніякай дысцыпліны, хлопцы не слухаюць кіраўніка, а слухаюць дзяўчат, сапернічаюць паміж сабой, што, зразумела, не ідзе на карысць агульнай працы. І з таго часу, хоць дзяўчаты пастаянна просяцца ўзяць іх у ансамбль, але я бачу, што з хлопцамі прасцей. Так што ў нас як на караблі.

— Важнае пытанне: адкуль лыжкі? Абы-якія ж не падыходзяць, правільна разумею?

— Цалкам так. Лыжак у калектыве прыкладна 56 штук, некалькі розных відаў: самыя вялікія ў рост чалавека, маленькія — як звычайныя сталовыя, але выраблены з нашмат больш трывалай драўніны, інакш «ляцяць» вельмі хутка. Майце на ўвазе: драўляныя лыжкі з сувенірнай крамы не вытрымаюць такой нагрузкі і не тое што год, другі, а і месяц не праслужаць. У нас нават адзін час была свая адмысловая «фішка»: калі на канцэрце лыжка ламаецца і драўляныя пырскі ляцяць у залу, у публікі шалёнае захапленне, таму нават назнарок ламалі. Але цяпер стараемся паберагчы, бо чалавека, які выразаў першы набор лыжак, ужо няма ў жывых, а майстроў у гэтай справе няшмат. Мы супрацоўнічалі з рознымі майстрамі. усё было не тое; цяпер лыжкі робіць наш выкладчык дызайну, народны ўмелец Алег Пракарына.

— Колькі часу трэба, каб новы ўдзельнік уліўся ў калектыў?

— Прыкладна паўгода — за гэты час ён вывучае рытмы, элементарную музычную грамату — што такое ноты, іх даўжыня, паўзы. Трэба натрэніравацца, бо гэта цяпер хлопцы могуць іграць і гадзіну, і дзве, а спачатку шмат сінякоў на каленях, на руках — часам да крыві... І толькі ў другім семестры можна выпускаць на сцэну. Хоць, натуральна, шмат залежыць і ад здольнасцяў самога падлетка — напрыклад, адзін хлопец праз тры дні засвоіў тое, на што іншым патрабуюцца месяцы. Але ў сярэднім за два-тры гады новы ўдзельнік бездакорна развучвае шэсць, сем твораў. А як знаходжу падыход да хлопцаў? Стараюся зацікавіць. але нікога не прымушаю. Бывае, дзіця адоранае, але псіхалагічна яму няўтульна ў калектыве, або бацькі супраць такой дадатковай нагрузкі — ну, калі не, дык не.

«Нясвіжскія лыжкары» шмат выступаюць — у Нясвіжы і Маладзечне, Мінску (днямі былі ў групе падтрымкі на «Гонцы легендаў»), у іншых гарадах Беларусі, а таксама ў Польшчы, Літве, Латвіі, Казахстане. «Летась былі на міжнародным фестывалі ў Ауцэ, латвійскім горадзе-пабраціме Нясвіжа, і калі ў вольны час іншыя ўдзельнікі ездзілі ў Рыгу на кірмаш, то мы — у Юрмалу, на мора, — расказвае кіраўнік. — Ведаеце, прыбалты, асабліва старэйшае пакаленне, на нашых выступленнях плачуць і гавораць, што адчуваюць вялікую настальгію. Неяк былі ў Польшчы пад Шчэцінам, у горадзе, абкружаным вялікім каналам — і мы намотвалі па ім кругі на байдарках, з умовай: хто трапіў у ваду, сыходзіць з трасы, — такі адрэналін атрымалі! А самая памятная паездка, безумоўна, у Казахстан, паколькі там пазнаёміліся з зусім іншай, усходняй культурай, і гэта неверагодна цікава».

Групавы партрэт

Адзіны з усіх удзельнікаў, хто скончыў каледж і застаўся ў калектыве, — Павел Горбель (на фота). Зрэшты, цяпер ужо Павел Аляксеевіч, бо ён і сам выкладчык — працуе ў Нясвіжскім цэнтры дзіцячай творчасці, а ў «Лыжкарах» іграе на гітары. «Што мяне тут трымае? — перапытвае малады чалавек. — Ды няма ніякай таямніцы, проста вельмі падабаецца. У 2014 годзе я паступіў на першы курс каледжа на замежную мову — прычым дагэтуль з музыкай ніяк не быў звязаны, хоць на дзень нараджэння, якраз у канцы жніўня, купіў сабе гітару. Іграць яшчэ не ўмеў, але, калі Уладзімір Яўгенавіч спытаў у першакурснікаў, у каго ёсць інструменты, падняў руку. Мне далі балалайку, і адзін са старшакурснікаў паказаў, як яе правільна трымаць, каб іграць — балалайка была вельмі старая, лады счасаныя, і прыціскаць трэба было вельмі моцна, каб інструмент гучаў. Але я справіўся, і літаральна за 20 хвілін развучыў тры акорды, якія паказаў кіраўнік, прайшоў "баявое хрышчэнне" рэпетыцыяй. А ўжо праз тыдзень выступаў разам з ансамблем, мы сустракалі нейкіх важных гасцей у двары каледжа. І, ведаеце, спадабалася! Калі мы ўсе разам стаім на сцэне, гэта асаблівыя эмоцыі, якія цяжка перадаць словамі: і камандны дух, і адрэналін. Як ставяцца бацькі і сябры? Варта толькі пабываць на адным выступленні, як усім падабаецца, і ніводнага разу я не чуў меркавання, што "Нясвіжскія лыжкары" нямодныя або незапатрабаваныя».

Першакурснік Дзіма Дранчук у ансамблі ўсяго некалькі месяцаў і прызнаецца, што трапіць на сцэну Палаца Рэспублікі для яго было вялікім гонарам і стымулам развівацца далей: «Канешне, я разумею, што хлопцы, якія займаюцца некалькі гадоў, умеюць нашмат больш за мяне, але гэта не зайздрасць, хочацца за імі цягнуцца. І хоць я вучуся на «замежніка», але, магчыма, і наконт музычнай адукацыі падумаю».

А вось стараста аркестра Улад Сініцын сам гатовы вучыць музыцы іншых — напрыклад, сваіх будучых вучняў (ён па спецыяльнасці педагог малодшых класаў): «Я ж засвоіў не толькі лыжкі, а іграў на барабане, блок-флейце, бас-гітары, баяне — гэты інструмент якраз выкладае наш кіраўнік. Мне здаецца, калі паказаць вучням малодшых класаў наша выступленне і потым самім даць у рукі лыжкі, ім вельмі спадабаецца, таму зладзіць у школе дзіцячы ансамбль — чаму б і не?» А самому яму найбольш падабаюцца ў рэпертуары лыжкароў «Славянская» і «Юрачка» — выбухова-эмацыянальныя, дзе ансамбль найбольш абменьваецца энергетыкай з публікай.

— Але па-за сцэнай, мабыць, у вас зусім іншыя музычныя густы — рэп, Ціма Беларускіх? — падбухторваем мы.

Зрэшты, юнак на падколку не вядзецца: — Ціма Беларускіх? Ну, так, падняўся хлопец, злавіў папулярнасць. Ансамбль — гэта не толькі выступоўцы на сцэне, але і тыя, хто знаходзіцца за кулісамі — выкладчыкі. Музыку знаходзіць і аранжыруе Уладзімір Сухавей, ідэю кожнага нумара прыдумляе ягоная жонка, а па сумяшчальніцтве загадчык музычнай кафедры каледжа Ганна Сухавей. Харэограф Кацярына Лабаза вучыць удзельнікаў правільна і прыгожа рухацца, дапамагае часам сарамлівым юнакам не проста зразумець, куды дзяваць рукі-ногі, а дазволіць целу жыць у танцы. За гімнастычную падрыхтоўку адказвае выкладчык фізічнай культуры Уладзімір Груша, дзякуючы якому і шпагат, і стойка на руках не з'яўляюцца для лыжкароў праблемай. Таксама каледж забяспечвае сваіх музыкаў сцэнічнымі ўборамі — адзін камплект эстрадны, другі — народны.

Каб душа разгарнулася

— Гэй, глядач, пускайся ў скокі, ці малец ты, ці стары — для цябе іграюць сёння «Нясвіжскія лыжкары»! — абвяшчае стараста, і ансамбль з месца ў кар'ер выдае некалькі заліхвацкіх мелодый, дэманструючы ўласныя магчымасці і разнастайнасць шумавых інструментаў. У футарале заўважаем сярод драўляных металічную лыжку:

— Хлопцы, хто халтурыць?

— Не, — смяюцца лыжкары, — гэта патрэбная рэч, бо ў нас жа яшчэ і пральная дошка, і тарка, і каса...

Была таксама бутэлечная батарэя, але ад яе адмовіліся — крохкая штука. А цяпер у лыжкароў, акрамя ўласна лыжак, баяна, балалаек, флейты і гітар, ёсць бубен, барабаны, канторскія лічыльнікі, трашчотка, і некалькі ўнікальных інструментаў — афрыканскі агаго, рытм якога пакладзены ў аснову карнавальнай самбы, і рэор, гучанне якога нагадвае шум крылаў узлятаючай птушкі. Кожны раз, бываючы ў Мінску, Уладзімір Сухавей зазірае ў музычную краму ў пошуках незвычайных цікавінак для ансамбля.

І ўсё гэта выкарыстоўваецца, бо «Нясвіжскія лыжкары» іграюць далёка не адны полькі і кадрылі — напрыклад, у некаторых папуры арганічна ўплецены акорды цяжкага року ад Black Sabbath, эстрадныя мелодыі. Ёсць у рэпертуары і «Гумарэска» Яўгена Глебава. Яе некалі «зняў» вопытны балалаечнік, зрабілі аранжыроўку і апрацоўку мелодыі: дадалі крыху джазавых элементаў і нават рок-н-рола, і атрымалася п'еса, хоць і складаная ў тэхнічным сэнсе, але надзвычай упадабаная і слухачамі, і самімі выканаўцамі. У планах — скласці «Беларускія найгрышы» з уключэннем іншых твораў Глебава. Расклалі для гармоніка і лыжак нават «Танец з шаблямі» Арама Хачатурана! Дарэчы, калі на ІІ фестывалі краін ЕўрАзЭС у Астане кітайская дэлегацыя прафесійных музыкантаў пачула «Танец з шаблямі» ў версіі лыжкароў, апусцілася на калені, каб толькі зняць на відэа гэта выступленне.

Наогул, няўрымслівая натура і кіраўніка, і калектыву патрабуе эксперыментаў — таму ў народныя творы часта ўключаюць урыўкі з упадабаных эстрадных мелодый, класікі альбо рок-хітоў, калі толькі гэта не парушае агульную канцэпцыю нумара. Спачатку, прызнаецца Уладзімір Сухавей, кожную новую задумку ён выпрабоўвае на сабе — калі можа гэта сыграць і адчувае, што рытм падыходзіць для лыжак, значыць, ёсць сэнс працаваць далей.

У планах — зрабіць у электронным фармаце зборнік з рэпертуару «Лыжкароў», але пакуль «спісаць ноты» немагчыма — гэтыя напрацоўкі, а ўсе яны аўтарскія і ўнікальныя, педагог трымае ў сакрэце.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Загаловак у газеце: Танец з... лыжкамі

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.