Вы тут

Ці паўплываюць буйныя спартыўныя спаборніцтвы на кошт арэнды жылля ў Мінску


Рынак нерухомасці заўсёды нестабільны перад значнымі мерапрыемствамі, якія прыцягваюць турыстаў. Патэнцыйныя арандатары заўважаюць, што напярэдадні ІІ Еўрапейскіх гульняў у Мінску ўжо падняліся кошты на здымнае жыллё.


Нам стала цікава, няўжо тыдзень пражывання ў сталіцы з 21 да 31 чэрвеня абыдзецца гасцям у разы даражэй, чым заўсёды? Будучыя турысты ўжо актыўна абмяркоўваюць пытанне жылля на форумах і ў сацсетках. Некаторыя падумваюць, што трэба арандаваць кватэру прасцейшую, але на месяц — маўляў, так дакладна танней, чым зняць апартаменты на тыдзень і аплачваць кожныя суткі.

Як адзначае аналітык у сферы нерухомасці Арцём Сахарэвіч, пачатак года — гэта перыяд невялікага ажыўлення на рынку доўгатэрміновай арэнды жылля. Ужо не першы раз адзначаецца рост попыту ў гэты час. Можна выказаць здагадку, што з надыходам новага года людзі больш схільныя да змены абстаноўкі і пераезду ў новую кватэру.

У цяжкія для эканомікі гады, калі ў студзені трэсла курс долара, падобную актыўнасць можна было спісаць на нежаданне арандатараў і ўласнікаў ісці на ўступкі ў пытанні зніжак. Аднак лакальны студзеньскі ўсплёск з'яўляецца нормай і для спакойных гадоў.

Калі казаць аб пачатку гэтага сезона, то аказаць уплыў на рынак арэнды кватэр магло тое, што напярэдадні ІІ Еўрапейскіх гульняў студэнтаў масава высялялі са Студэнцкай вёскі. І хоць, па запэўненнях прадстаўнікоў ВНУ, студэнтам прапаноўвалі іншыя інтэрнаты, некаторыя, асабліва старшакурснікі, маглі пераехаць на здымнае жыллё.

Колькасць пошукавых запытаў тыпу «зняць кватэру ў Мінску» павялічылася за студзень амаль на 22 %. Што датычыцца прапановы кватэр, то колькасць аб'яў вырасла за месяц на 7,8 %. Пры гэтым 10-працэнтны рост назіраўся ў катэгорыі «аднапакаёвыя кватэры», а аб'яў аб здачы двух- і трохпакаёвак стала больш на 6 %.

Дынаміка цэн на арэнду кватэр у студзені была станоўчай ва ўсіх сегментах. У залежнасці ад тыпу кватэр рост — ад 2 % да 4 %. Аднак у першым месяцы года скарацілася колькасць бюджэтных прапаноў. Гэта цалкам увязваецца з павышаным попытам на здымнае жыллё з боку студэнтаў, якія традыцыйна выбіраюць недарагія варыянты.

На пачатак лютага сярэднія цэны арэнды аднапакаёвых кватэр у горадзе склалі 250—260 долараў (рост за месяц склаў 2,5 %). Двухпакаёвыя кватэры ў сярэднім прапаноўваюць за 330—340 долараў (рост на 4,2 %), а трохпакаёвыя — за 400—420 долараў (рост на 3,6 %). За апошні год арэнда кватэр у сталіцы падаражэла на 8—11 % у залежнасці ад тыпу кватэр.

Прыкладна ў той жа час год таму можна было адчувальна танней арандаваць простую аднапакаёвую кватэру паблізу адной з крайніх станцый метро. Акуратная, цалкам мэбляваная кватэра, хай і без еўрапейскага рамонту, але з усёй патрэбнай тэхнікай, абышлася б тады ў 200 долараў за месяц.

Цяпер за 600 рублёў у Мінску прапануюць вельмі сціплыя варыянты, большасць з іх — без рамонту або без мэблі (а некаторыя — без таго і без другога). Ёсць, праўда, жыллё на апошніх паверхах старых дамоў. Напрыклад, у самым цэнтры горада за 15 хвілін ад метро на першым паверсе пяціпавярховіка здаюць аднапакаёвую кватэру за 270 долараў у месяц. Старыя драўляныя дзверы, пафарбаваная драўляная падлога і мэбля савецкіх часоў. Гаспадары згодныя нават на студэнтаў.

Па словах прадстаўнікоў сталічнага агенцтва нерухомасці, цэны на кватэры ў сталіцы і праўда крыху падраслі, але гаворкі аб вялікім скачку пакуль не ідзе. Попыт цяпер вышэйшы, чым у мінулым годзе. Але кардынальных змен пакуль няма.

Спецыялісты лічаць, што магчымасць значнага росту кошту арэнды кватэр у Мінску з-за будучых Еўрапейскіх гульняў невялікая, аднак не выключаюць, што бліжэй да лета сітуацыя на рынку можа змяніцца.

У многіх гасцініцах свабодных нумароў на даты правядзення Еўрапейскіх гульняў ужо няма альбо забраніраваны ўсе бюджэтныя месцы. Узрасла і арэнда апартаментаў.

Начальнік аддзела арэнды агенцтва нерухомасці «Твая сталіца» Маргарыта Пачыцкая лічыць, што цэны на арэнду кватэр у Мінску знаходзяцца прыкладна на тым жа ўзроўні, што і летам мінулага года. Уласнікаў, якія вырашылі павялічыць кошты, пакуль адзінкі.

Нагадаем, што да Еўрапейскіх гульняў Студэнцкая вёска стане турыстычным комплексам, на тэрыторыі якога, акрамя жылля, будуць кафэ, крамы, пральні, бібліятэкі і трэнажорныя залы. Таксама турысты змогуць своечасова атрымаць і медыцынскую дапамогу — тут размесцяцца стаматалагічны, працэдурны і тэрапеўтычны кабінеты.

Сяргей КУРКАЧ

Загаловак у газеце: Штучны ажыятаж на «квадраты»

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.