Вы тут

Асноўны клопат — кнігі Беларусі


Іх было шмат: тых, што ўжо мелі рэзананс, якіх чакалі і хацелі ўбачыць менавіта тут. І новыя выданні прэзентаваліся айчыннаму чытачу. Што адметна — сёлета не толькі ў выставачным павільёне, але і ў кнігарнях. І на стэндзе пісьменнікаў увесь час віравала жыццё. Не толькі чытанні і прэзентацыі, а нават канцэрты са спевамі імкнуліся прывабіць людзей. Толькі б чыталі, каб лепш зразумець сваю краіну.


Першыя вандроўкі па Беларусі

Адкуль паходзяць назвы ўсіх абласных цэнтраў і некаторых іншых гарадоў? Што азначаюць назвы рэк і азёр? З якімі знакавымі асобамі звязаны канкрэтныя мясціны Беларусі? Пра гэтыя і многія іншыя цікавыя рэчы дзецям (і не толькі) раскажа выданне Дзмітрыя Пятровіча «Дзіцячы атлас Беларусі. Легенды і паданні» (Мінск, «Мастацкая літаратура», 2018). Кніга прысвечана гісторыі і геаграфіі Беларусі і распавядае пра 4 гарады кожнай вобласці. Выключэннем стала Мінская: у цэнтры аўтарскай увагі — пяць гарадоў вобласці: Заслаўе, Капыль, Клецк, Нясвіж, Узда і Мінск. Героі 26 тэкстаў — як міфічныя персанажы (асілак Менеск, разбойнік Машэка, селянін Добруш, князь Альшан), так і гістарычныя асобы (Ефрасіння Полацкая, Кірыла Тураўскі, княгіня Рагнеда, князь Радзівіл ды інш).

— Я абапіраўся на першакрыніцы, якія былі ўключаны без апрацоўкі ў зборнік 1980-х гадоў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Затым перастварыў гэта ў невялічкі агляд па абласцях, адаптаваўшы для пачатковай школы, і зрабіў акцэнт на старажытнасці. Але закрануў і сучаснасць. Кожная легенда ці паданне — перш за ўсё цікавы і лаканічны сюжэт. Ёсць гісторыі літаральна з трох сказаў, — расказаў на прэзентацыі кнігі, якая адбылася ў межах праграмы Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу, Дзмітрый Пятровіч. — У тэкстах ёсць шмат цікавых слоў, якія мы спецыяльна не выносілі. Некаторыя з іх я нават прасіў пакінуць, бо было шмат сумненняў, у тым ліку наконт таго, ці рабіць зноскі. Навошта? Тое, што адаптавана для дзяцей, ужо само па сабе шлях да ведаў. Некаторыя педагогі са мной не пагодзяцца, але магу назваць «Дзіцячы атлас Беларусі. Легенды і паданні» вучэбна-педагагічным комплексам дзякуючы міжпрадметным сувязям, якімі выданне адметнае. Працаваць можна з любым урывачкам — на ўроках мовы, літаратуры, гісторыі ці грамадазнаўства ў якасці пераказу, дыктоўкі ці нават інсцэніроўкі сюжэта.

Па словах аўтара, выбар аднаго ці іншага горада для чытання залежыць ад таго, чым займальным і запамінальным можна здзівіць чытача. Некаторыя легенды вядомыя любому беларусу, але знойдуцца і гісторыі, якія дагэтуль нідзе не публікаваліся. У выдання ёсць усе магчымасці, каб стаць першай кніжачкай пра Беларусь для маленькага чытача. У планах Дзмітрыя Пятровіча — стварэнне тэматычных «Дзіцячых атласаў Беларусі»: крэпасці і замкі, птушкі, знакамітыя людзі, музычныя інструменты.

Дарэчы, «Дзіцячы атлас Беларусі. Легенды і паданні» — не першае выданне такога кшталту. У 2017 годзе пабачыў свет першы атлас для дзяцей, які быў прысвечаны гісторыі, прыродзе і культуры. Аўтар арыгінальнага праекта — Паліна Грынчанка.

Выйсці з зоны камфорту...

З усіх куткоў Беларусі, а таксама з-за мяжы з’ехаліся маладыя творцы на прэзентацыю выдання «Першацвет», якая адбылася на стэндзе выдавецтва «Мастацкая літаратура». Пераможцы конкурсу маладых літаратараў, чые творы пабачылі свет на старонках альманаха, былі ўзнагароджаны дыпломамі. «Каб рашыцца даслаць творы на суд журы, патрэбна была пэўная смеласць, выхад з асабістай зоны камфорту... Вы здолелі выйсці са сваіх межаў, узняцца над сабой — і аказаліся ў ліку пераможцаў. Жадаю і надалей не замыкацца ва ўласнай прасторы, як мага часцей дасылаць творы ў рэдакцыі літаратурных выданняў», — звярнуўся да прысутных галоўны рэдактар выдавецтва і сябар журы Віктар Шніп.

Дарэчы, стартуе новы, IV сезон конкурсу «Першацвет». Азнаёміўшыся на сайце выдавецтва з яго ўмовамі, на працягу года творцы ўзросту ад 20 да 30 гадоў могуць дасылаць творы на адрас «Мастацкай літаратуры» альбо ў рэдакцыі літаратурных часопісаў і «ЛіМа» з адпаведнай пазнакай. Адначасова ў кнігарні «Дружба» ААТ «Белкніга» ў межах XXVI Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу адбылося адкрыццё паліцы літаратуры Узбекістана.

На імпрэзе прэзентавалі пераствораную па-беларуску Міколам Мятліцкім кнігу паэтэсы з Казахстана Любові Шашковай «Луг залаты», а таксама альманах замежнай літаратуры «Далягляды» — выданне, дзе прадстаўлена творчасць чатырох знакамітых паэтаў Узбекістана, пераствораная па-беларуску. Падчас мерапрыемства паміж прадстаўнікамі Баларусі і Узбекістана быў падпісаны мемарандум аб творчым супрацоўніцтве — як у айчынных кніжных крамах прадстаўлена творчасць узбекскіх пісьменнікаў, так і кнігі беларускіх аўтараў змогуць набываць грамадзяне Узбекістана на іх роднай мове.

Яна БУДОВІЧ

Адкрываем гісторыю

Цікавымі прэзентацыямі праектаў парадавалі чытачоў Нацыянальная бібліятэка Беларусі і Прэзідэнцкая бібліятэка Рэспублікі Беларусі падчас Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу.

Нацыянальная бібліятэка Беларусі прадставіла электроннае выданне «Станаўленне беларускай дзяржаўнасці: па старонках беларускіх газет 1917—1922 гг.». Гэта плён сумеснай працы бібліятэкі і Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь. Два дыскі змяшчаюць элктронныя копіі каля 2400 нумароў газет (амаль 80 найменняў) на тэрыторыі сучаснай Беларусі і за яе межамі, якія мелі адносіны да Беларусі. Інтэрфейс двухмоўны: інфармацыя пададзена на рускай і беларускай мовах.

Прэзентацыя калектыўнай манаграфіі «Князі Вітгенштэйны і іх уладанні ў Расійскай імперыі ў XIX стагоддзі» прайшла ў Прэзідэнцкай бібліятэцы. Твор, што складаецца з пяці аб’ёмных раздзелаў, прысвечаны гісторыі роду князёў Вітгенштэйнаў, якія славіліся тым, што валодалі велізарнымі зямельнымі ўчасткамі на тэрыторыях сучасных Беларусі, Літвы, Расіі і Малдовы.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Эмацыянальная серыя

Выдавецтва «Беларуская энцыклаперыя імя Петруся Броўкі» сёлета прадставіла трохтомнік «Янка Купала». Энцыклапедычнае выданне, якога чакалі, ужо стала адным з кніжных брэндаў Беларусі. Але ёсць асаблівая тэма — 75-годдзе вызвалення Беларусі.

— Летась мы стварылі выданне, прысвечанае трагедыі Хатыні. Кніга невялікая, але выбудавана такім чынам, што выклікае эмоцыі, — адзначае дырэктар выдавецтва Уладзімір Андрыевіч. — Хатынь — нацыянальная трагедыя, сімвал спаленых вёсак, але на нашай зямлі адбылася трагедыя Еўропы — Трасцянец. Сюды звозілі мірных жыхароў з Аўстрыі, Польшчы, Чэхіі, і яны тут загінулі, пра што мы таксама распавялі ў асобным выданні. Мы вырашылі стварыць серыю «Беларусь. Трагедыя і праўда Памяці», дзе ўжо было дзве кнігі. І вось прэзентавалі працяг: «Боль і гнеў. Халакост і супраціўленне ў Навагрудку». Бо чым вылучаецца тэрыторыя Беларусі, якая ўваходзіла некалі ў ВКЛ? Гэта была адзіная дзяржава ў колішняй Еўропе, якая прымала людзей яўрэйскай нацыянальнасці, дазволіла ім асесці і мець сваю справу. Наступную кнігу мы рыхтуем пра Масюкоўшчыну, дзе загінула больш як 80 тысяч ваеннапалонных. Гэта новы пласт вялікай трагедыі Другой сусветнай. Падчас прэзентацыі мы зразумелі, што для нашага выдавецтва гэта серыя будзе знакавая.

Марыя АСІПЕНКА

Прыватнае / непрыватнае жыццё ў разуменні нобелеўскага лаўрэата

Сустрэча, якой чакалі. Меркаванне, якое захацелі пачуць. І не саромеліся ўступаць у спрэчку простыя наведвальнікі кніжнай выстаўкі, якія запоўнілі залу на сустрэчы з лаўрэатам Нобелеўскай прэміі па літаратуры Святланай Алексіевіч. Яна адказвала прыязна ўсім: не як мэтр, а як чалавек, які можа ў нечым сумнявацца, не прэтэндуе на ісціну ў апошняй інстанцыі, але шукае адказы для сябе сама і прапануе гэта рабіць іншым, углядаючыся ў свет і імкнучыся знайсці сваё месца ў ім.

Дзеля гэтага яна збіраецца аднавіць работу свайго інтэлектуальнага клуба, адным з гасцей якога хутка можа стаць амерыканскі гісторык Тімаці Снайдэр. Чытае кнігі і сочыць за беларускім літаратурным працэсам. Разважае пра шляхі і трагедыі нашай нацыянальнай культуры, якая ў першай палове ХХ стагоддзя страціла вялікую частку эліты. Але народ здолеў захаваць сябе ў часы ліхалеццяў, пры тым, што мінулая эпоха пакінула адбітак у свядомасці:

«Калі пісала кнігі, часам у слязах пасля сустрэчы ішла дадому і думала: чалавек перажыў такія пакуты, але чаму, як толькі загаворыш пра сённяшняе жыццё, бачыш перад сабой раба, які прымае гэта ды яшчэ і Сталіна можа любіць у дадатак. У нашым чалавеку гэта неяк суіснуе. Ён хоча мець і шэнгенскую візу, і партрэт Сталіна ў доме».

Але мінулае патрэбна асэнсоўваць, каб не страціць будучыню: «На нас адказнасць за новых людзей, якія ў нашых сем’ях, у школе, вось за іх трэба змагацца». «Я больш за ўсё баюся крыві. Усё, што заўгодна: можна жыць і без гарачай вады, але ўсё-такі без крыві. Гэта самае галоўнае… Ёсць досвед Украіны, вельмі трагічны, маёй любімай краіны, дзе гінуць маладыя людзі. Я не хацела б такога», — адзначыла Святлана Алексіевіч і патлумачыла, чаму пасля няпростых тэм, што былі ў яе творчасці, вырашыла напісаць пра любоў і каханне:

«Гаворка пра тое, як людзі хочуць быць шчаслівымі, што наогул для гэтага трэба. Што галоўнае ў жыцці, чаму мы так зневажаем прыватнае жыццё. А гэта можа быць і ёсць чалавечае жыццё. Калі ты думаеш пра дзіця, думаеш пра жанчыну ці мужчыну, думаеш, што на свята павінны быць пірагі, што ў нядзелю трэба кудысьці вывезці сваіх…

Я падумала, што наступная кніга павінна быць пра тое, што жыццё дадзена для нечага іншага. Дадзена не для таго, каб танна памерці дзе-небудзь ці забіць кагосьці на краі свету.

Калі пачытала шмат твораў з рускай літаратуры, якія мне здаваліся пра каханне, раптам высветлілася: усё роўна канчаецца або рэвалюцыяй, куды сыходзіць каханы, або як Вронскі едзе гінуць у Балгарыю. Заўсёды любоў не мае працягу. Калі каханне не проста як “пачатак кахання”, назавём гэта так, а як сям’я, дзіця.

Мужчыны там няма, мужчына для нечага іншага ў нашай літаратуры. Ён існуе або на вайне, або ў турме, або на даху рэактара. Але не дома. Я памятаю, калі ішло скарачэнне арміі, дадому вярнуўся палкоўнік. Жанчына змагла перастроіцца, пачала працаваць цырульнікам, каб сям’ю выцягнуць. А гэты велізарны мужчына хадзіў па кватэры і скрыгатаў зубамі: “Няўжо я кашу павінен варыць? Што гэта за праца: адвёў дзіця, прывёў дзіця…”. Я кажу: “А пасядзець, пачытаць яму казку?..” Ён глядзеў на мяне так, быццам я кажу дзікія рэчы. Не, яму патрэбны начныя палёты ў лётнай часці, ён павінен ахоўваць граніцу Радзімы. А сям’я не лічылася галоўнай справай. Вось тады я і вырашыла напісаць пра гэта».

Ды ці можа быць нешта больш галоўнае за тое, на чым трымаецца жыццё? «Што можа быць важнейшае за любоў?» — падсумавала пісьменніца і прызналася: усё, што яна пісала дагэтуль, у прынцыпе, было пра тое...

Ларыса ЦІМОШЫК

Фота Кастуся ДРОБАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».