Вы тут

Алена Русакевіч. Калаж: ліберальная тэхніка, недаацэнены кірунак


Назіраючы за творчасцю сучасных айчынных аўтараў, цяжка не звярнуць увагу на іх творы, выкананыя ў тэхніцы калажу. Сучасныя мастакі ствараюць калажы на розныя тэмы, эксперыментуюць з кампазіцыяй і каларытам, гэтыя творы адрозніваюцца нестандартнай формай, напоўненыя глыбокім ідэйным зместам, за кошт чаго прыцягваюць увагу. Усё гэта дазваляе сцвярджаць, што калаж сёння стаў адной з самых актуальных формаў сучаснага мастацтва.

Калаж як самастойная тэхніка вылучыўся ў эпоху мадэрнізму. Фармальныя пошукі мастакоў ХХ стагоддзя паспрыялі пераасэнсаванню і развіццю тэхнікі. У гэты перыяд калаж ператварыўся ў выклік традыцыйнаму мастацтву. Прыклейванне розных аб’ектаў на плоскасць стала адным з метадаў сцвярджэння новага мастацтва. Менавіта ў гэты перыяд калаж набыў статус адыёзнага і нетрывіяльнага спосабу адлюстравання рэчаіснасці.

Пачынаючы з 60-х гг. ХХ стагоддзя з гульні з формай і спосабу пратэсту калаж ператварыўся ў гульню з вобразамі і сэнсамі. Выразаныя дэталі, адмыслова скампанаваныя на плоскасці, набываюць новае гучанне і становяцца самастойным творам мастацтва. Кожны мастак падпарадкоўвае іх сваёй логіцы і аўтарскаму стылю, што дазваляе ствараць унікальныя творы, якія адрозніваюцца ўласнай мастацкай мовай і аўтарскай задумай.

У сучасным мастацтве, якое заснавана на прынцыпе адаптацыі гатовых вобразаў у асобным творы мастацтва, калаж можа па праве лічыцца самай арганічнай формай выяўленчага мастацтва. Больш за тое, разнастайнасць мастацкіх прыёмаў і творчых падыходаў у гэтай тэхніцы сёння дазваляе лічыць калаж адной з самых ліберальных тэхнік у выяўленчым мастацтве: сродкі мастацкай выразнасці тут змяняюцца ў залежнасці ад стылявога напрамку і творчай мовы кожнага асобнага аўтара.

Сучасныя беларускія мастакі актыўна выкарыстоўваюць тэхніку калажу ў сваёй творчасці. Тым не менш варта адзначыць, што калаж усё яшчэ недаацэнены ў поўнай меры сучаснымі айчыннымі аўтарамі, і, на жаль, складана знайсці мастака, які займаўся б выключна стварэннем калажу. Збольшага гэта звязана з тым, што часам ён набывае толькі прыкладную функцыю. Напрыклад, ствараючы эскізы да будучых твораў, мастакі прыклейваюць на аснову разнастайныя па форме, колеры і фактуры модулі, што дазваляе ў поўнай меры эксперыментаваць з фактурамі і формамі. Такі падыход часам фарміруе ў мастакоў крыху прадузятае альбо нават негатыўнае стаўленне да гэтай тэхнікі, якая патрабуе як быццам меншых намаганняў і ўменняў. Па гэтай прычыне многія, нават самыя таленавітыя і паспяховыя мастакі не разглядаюць усур’ёз магчымасці дэманстраваць публіцы свае калажы (нягледзячы на тое, што нават іх эскізы, выкананыя ў гэтай тэхніцы, нярэдка маюць высокую мастацкую каштоўнасць).

Нягледзячы на ўсе за і супраць, калаж варты ўвагі і мае права лічыцца адной з самых высакародных тэхнік у сучасным выяўленчым мастацтве. Бо менавіта ён адпавядае патрабаванням мастацтва постмадэрнізму

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.