Вы тут

Эмацыянальныя імправізацыі ў фотаработах Міхаіла Баразны


Разважаючы над творчасцю мастака Міхаіла Баразны, заўсёды ўспамінаеш яго жывапіс, насычаны геаметрычнымі канструкцыямі і вострай драматургіяй. Але ж акрамя жывапісу мастак шмат гадоў займаецца фотамастацтвам, якое дае яму задавальненне не меншае, чым іншыя напрамкі творчасці. Зараз у мастацкай галерэі «Арт-Беларусь» экспануецца фотавыстаўка майстра «Інтэнцыі», праз якую праглядаецца ўнутранае захапленне аўтара візуальнай эстэтыкай наваколля, людзьмі, дробнымі альбо ўвогуле непрыкметнымі дэталямі.


«Поле», 2016 г.

У адзінай экспазіцыйнай прасторы глядач можа ўбачыць фрагменты фатаграфічных эксперыментаў Міхаіла Баразны розных гадоў.

— Мне падабаецца трымаць камеру ў руках. Разумееце, ёсць пэўнае чараўніцтва ў гэтым працэсе, — тлумачыць Міхаіл Баразна. — Ты той жа мастак, толькі для стварэння работы не трэба чакаць натхнення, тут больш трэба сканцэнтравацца на імпульсе, быць уважлівым — быццам выходзіш на паляванне. Напэўна, займацца толькі фатаграфіяй я б доўга не змог, але ж у сінтэзе з іншымі напрамкамі яна дапамагае раскрываць розныя ўнутраныя грані і магчымасці.

Свае выстаўкі Міхаіл Баразна часта называе мастацтвазнаўчымі фотапраектамі. Большасць праектаў і серый маюць значную працягласць па часе папаўнення, асобныя не завершаныя і сёння. Мастак ілюструе эмацыянальныя характарыстыкі наваколля і лічыць важнай якасцю ўменне іх заўважаць. Творца ўспрымае фотакамеру найбольш зручным і даступным, але далёка не ідэальным інструментам для сучаснага аўтара: у эпоху тэхналогій з’явілася шмат гаджэтаў, камеры якіх па якасці не саступаюць лепшай фотатэхніцы. Таму захапленне фотамастацтвам сёння і ёсць унутраная эстэтыка, тое самае высакароднае пачуццё, якое дазваляе адчуць фатаграфію як паўнавартасны від мастацтва.

Паколькі на выстаўцы прадстаўлены работы розных перыядаў, можа падацца, што агульная карціна экспазіцыі не складзецца, аднак яна захоўвае цэласнасць, што дэманструе рэжысёрскае майстэрства аўтара. Ёсць адчуванне, што ўсёй выстаўцы заданая пэўная танальнасць, якая можа мяняць тэмп: ад дынамічнага да больш павольнага.

У большасці фотаработ Міхаіла Баразны пануе засяроджанасузіральны дух, надзелены эмацыянальнай імправізацыяй. Разам з тым каляровая лёгкасць можа пераходзіць у цалкам ірэальную аўру, дзе дамінуе наўмысная незавершанасць.

Дарэчы, зыбкія зоны пустэчы робяць некаторыя фатаграфіі падобнымі да беспрадметнага жывапісу, як, напрыклад, у здымках «Жнівень», «Мінск», «Вуліца Навуковая». У пэўных работах праглядаюцца больш цёмныя тоны, галоўная роля чорнаму колеру, які прыўносіць больш драматычнага эфекту («Зачыненыя дзверы», «Рым»). Погляд на пэўныя падзеі ў Міхаіла Баразны часта выліваецца ў гратэск і іронію («Тайная вячэра», «Ружовая прастора»). А водныя раўніны, сонечныя прамяні, тэкстуры старых муроў — усё гэта часта чапляе вока мастака. Па меркаванні аўтара, гэтыя элементы прыроднай прыгажосці ствараюць для гледача пляцоўку інтэлектуальных разваг.

Па характары мастаку ўласцівая сістэматызацыя. Ён умее рацыяналізаваць ірацыянальнае, а эмацыянальныя рухі і спакойны настрой адначасова змяшчае ў акрэсленыя рамкі.

Насамрэч у фатаграфіях Міхаіла Баразны заўважна мноства адсылак да жывапіснага кірунку. Творца імкнецца сумясціць фатаграфічнасць з мастацкай палітрай. На яго работы можна глядзець доўга, бо яны дыялагічныя і дапамагаюць не проста знайсці адказы на пытанні, але і фарміруюць унутранае пачуцце гармоніі, якое, бывае, так складана адчуць у штодзённасці.

Вікторыя АСКЕРА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.