Вы тут

Абагаўлёныя стасункі


Мужчынскае і жаночае ў «Песні песняў» Юры Дзівакова


Сцэна са спектакля «Песня песняў». Фота Ганны Шарко.У межах праекта «ТОК» ад ART CORPORATION у культурным хабе ОК16 на пачатку года Юра Дзівакоў паставіў новы спектакль. Што ён зрабіў гэтым разам?

Юра Дзівакоў стварыў спектаклі «Войцэк» у Нацыянальным акадэмічным тэатры Янкі Купалы, «OEDIPUS» у Гомельскім моладзевым тэатры, «Крыжовыпаходдзяцей» у тым жа ОК16. І гэтым разам можна казаць, што «Песня песняў» — стылістычны і тэматычны набор, складзены з папярэдніх спектакляў.

«Песню песняў» Саламона звычайна інтэрпрэтуюць як тое, што адбываецца паміж чалавекам і Богам. Нюансы паводле розных рэлігій, у кантэксце якіх інтэрпрэтуюць твор, вагаюцца, але сутнасць застаецца адна і тая ж: гэта тэкст, які кажа не пра плоцевае, а пра духоўнае. У шматвяковай культурнай традыцыі выпрацаваны рэфлекс дадаваць да гэтага тэксту, напоўненага пачуццёвым і цялесным, інтэрпрэтацыю стасункаў чалавечага і боскага. Гэта можа датычыцца і «Песні песняў» Юры Дзівакова, і, як ні дзіўна, пры максімальнай фетышызацыі цела ў яго спектаклях у ОК16.

«Крыжовыпаходдзяцей» і «Песня песняў» аб’яднаныя не толькі адной прасторай, але і мастаком (Таня Дзівакова), кампазітарам (Эрык Арлоў-Шымкус) і відэамастаком (Дзіна Даніловіч). І я б аб’яднала два гэтыя спектаклі ў дыптых — па іх эстэтыцы і паводле гульні па адных і тых жа правілах кантрастаў і натуральнага эпатажу.

«Песня песняў» як і «Крыжовыпаходдзяцей» пабудаваны на кантрасце. І калі ў папярэднім спектаклі яго трэба шукаць у назвах частак і рэалізацыі, у дэталях інтэрпрэтацыі голаду і неўтаймаванага спажывання, то ў «Песні песняў» ён яшчэ больш зразумелы і просты: сучасная агрэсіўная чытка тэксту, якая чаргуецца з царкоўнымі спевамі, пакора і агрэсія, аголенае цела і накінутае на яго футра, узнёсла прачытанае на сцэне «я буду п*****ць цябе» з класічнымі скульптурамі за спінамі. І на фоне гэтай палярнасці адбываецца сціранне бінарнай сістэмы паміж мужчынскім і жаночым. У арыгінальным тэксце не пазначана відавочных межаў паміж партыямі двух (альбо трох — тут крыніцы разыходзяцца) герояў, таму месцамі цяжка вызначыць, ад чыйго імя ідзе тэкст. І рэжысёр гэтым карыстаецца, робіць пазначаную ў тэксце расплывістасць яшчэ больш вызначынай — руйнуе мяжу жаночай і мужчынскай партыі (жаночыя партыі выконвае Эльдар Бекір, а мужчынскія — Марта Голубева). Пазбаўленне межаў таксама рэалізоўваецца праз візуальны складнік: яркі акцэнт на мужчынскім макіяжы, аднолькавыя футры зверху — і на жаночым, і на мужчынскім целе. І тут жа за тэкстам гучыць маналог пра сексуальнасць і рознасць (ці аднолькавасць) гутаркі пра яе для розных людзей.

«Песню песняў» можна назваць монаспектаклем, дзе галоўную і адзіную ролю выконвае Марта Голубева, а Эльдар Бекір становіцца часткай сцэнаграфіі, якая падаецца праз экран. Але я б прапанавала не называць, таму што тут становіцца раўназначным тое, што мы бачым на экране, і тое, што адбываецца на рэальнай сцэне. Са спектакля немагчыма выключыць мультымедыйную частку без страты сэнсу: без мультымедыя гэты спектакль не існуе. І менавіта з дапамогай экрана за спінай галоўнай гераіні мужчынская постаць перасоўваецца на другі план, а жаночая застаецца ў цэнтры. І яна — цэнтр сусвету на 40 хвілін. Няварта забываць, пра тое, што спектаклі Юры Дзівакова напоўненыя сацыяльнай праблематыкай падчас іх інтэрпрэтацый, гэта адна з прывабных для гледача частак, якая дапамагае збіраць поўныя залы. І акцэнт на цялесным каханні ссоўвае яго ў сферу сям’і і шлюбу, у гендарную праблематыку. І тут ён ставіць на першы план жанчыну, пакідаючы для мужчыны экран — гэта пра сучасны кантэкст, у якім жанчына перасоўваецца з месца аб’екта на месца суб’екта.

Калі асобна казаць пра сцэнаграфію як пра свет прадметаў, у якіх існуюць героі, то яна скупая, але ў той жа час не столькі функцыянальная, колькі атрыбутная. Акварыумы з мужчынскімі рэчамі справа і жаночымі рэчамі злева існуюць на сцэне як сімвалы герметызацыі мужчынскага і жаночага, паміж якімі на сцене феміннасць і маскуліннасць у дзеянні пераплятаюцца і цыркулююць, увасобленыя ў два целы. Два сэрцы — мужчынскае і жаночае, — якія на сваіх плячах цягне толькі жанчына, матэрыялізуюць існуючае ў грамадстве «я буду кахаць за дваіх». І, вядома ж, нельга абысці ўвагай крывавую кропельніцу над сталом — як сімвал пастаяннага болю на працягу ўсяго спектакля.

У анатацыі гучаць прыгожыя словы пра стан любові, рамантычнае каханне і прыгажосць. Але тут разгортваецца патрабаванне любові — гвалтоўнае ў агрэсіўнай трансляцыі тэксту, якое прыносіць боль, ад якой капае кроў на стол і выломвае цела жанчыны. Але каханне — гэта добра, гэта радасць, таму яго трэба хацець: патрабаваць, калі не атрымліваеш, гвалтаваць сваёй прагай кахання, калі яе табе не даюць. І гераіня праходзіць пакуты і прымус іншага чалавека дзеля фінальнай сцэны на стале: гвалтуючы сябе, яна гвалтуе свойго партнёра, каб памерці, каб выкласці перад ім свае вантробы. Юра Дзівакоў на сцене стварае крытыку на ўнармаванасць у грамадстве патрабаванняў, якія датычацца стасункаў паміж двума людзьмі. Прымус унармаванасці, уцісканне ў межы таксама можа быць гвалтоўным.

«Песня песняў» Юры Дзівакова — гэта не пра каханне жанчыны і мужчыны, а пра абагаўленне намі кахання, стасункаў і сям’і, якія будуюцца на (не)каханні. Ці каханне гэта, калі так хваравіта і балюча? Ці каштуе тое, што мы самастойна абагаўляем, такога болю? «Песня песняў» Юры Дзівакова — спектакль з крытыкай сучаснага ўяўлення пра нарматыўнасць. Эксцэнтрычны, але зусім зразумелы, калі не шакуе эпатажная шырма з крыку ў акцёрскім выкананні, кроў у сцэнаграфіі і адсутнасць касцюма на аголеным целе.

Святлана КУРГАНАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».