Вы тут

Дзесяць адценняў сапраўднага ў дакументальных фільмах «Летапісу»


Мы жывём у свеце, дзе ігравое кіно не займае ключавыя пазіцыі ў чалавечым экранным каляндарыку. Не апошняй часткай гэтага дамінавання з’яўляецца няспынны поспех стужак у жанры «супергероікі» — і гэта надае агульнай трансляцыі нерэальнасці лёгкія адценні эскапізму. Але, што куды больш важна, гэта ўплывае на наша светаўспрыманне, стаўленне да лжы і праўды. Ігравое кіно працуе з масавым гледачом і спрацоўвае за кошт прадуманага перашчоўквання тумблераў са стэрэатыпамі, архетыпамі і іншымі тыпамі. Такім чынам, карцінка ў большасці атрымліваецца ўсярэдненай, пластыкавай, нерэальнай (хаця і яскрава-рознакаляровай). Тое, што ўбачылі ў кінатэатры, гледачы пераносяць на ўласны побыт, таму наступныя фільмы, калі не робяцца па абстрактных сцэнарна-рэжысёрскіх лякалах, атрымліваюцца яшчэ больш далёкімі ад рэальнасці.


Па другі бок кінапраўдзівасці стаіць дакументалістыка: больш сціплая ў мастацкіх сродках, але больш шчодрая на факты і жывых людзей. Але нават у такой, здавалася б, максімальна рэалістычнай формы кінамастацтва шлях да сапраўднага жыцця можа быць цярністы: матывы стварэння карціны, індывідуальнае рэжысёрскае бачанне ці асобныя мастацкія сродкі — усё гэта можа як прывесці дакументальны фільм ледзь не да натуралізму, так і нябачна зблізіць яго з ігравым. Падраздзяленне «Беларусьфільма» кінастудыя «Летапіс» добра разумее наяўнасць гэтага шырокага спектра праўдаперадачы і ў 2018 годзе выпраменьвала шэраг адценняў гэтага спектра.

Адценне I. «Навука на варце закона»

Што атрымліваецца, калі да стварэння фільма прыводзіць заказ? Ён становіцца падобны да рэпартажу навін, дзе, як ва ўзорнай навуковай рабоце, зробленай першакурснікам, строга распавядаецца гісторыя з’явы, яе намінальна-слоўнікавыя асаблівасці і (абавязкова!) мора-мора-акіян усялякіх лічбаў з гаворкай пра тое, як усё добра і актуальна. І вось быццам бы фільм пра дзяржкамітэт судмедэкспертыз РБ ды жывым чалавекам зняты — Ігарам Чышчэнем, а ўмясці ў гэты шаблонны каркас іншую тэму, дык нічога па сутнасці не зменіцца... І нават не ведаеш, на каго крыўдзіцца: на рэжысёра ці заказчыка.

Адценне ІІ. «Generation play»

Адказ на папярэднюю задачку нечакана нашмат бліжэйшы, чым магло падацца. Усё той жа Ігар Чышчэня, беручыся за тэму IT, адчувае сябе куды больш утульна. У фільме дзве сюжэтныя лініі, адна з якіх — пра выкарыстанне VR-тэхналогій у медыцынскіх мэтах, другая ж — пра дзіцячыя тэхналагічныя курсы ў Палацы дзяцей і моладзі. Праз пакаленні сталых дэвелапераў і сучасных дзяцей рэжысёр з дапамогай даволі рванага мантажу даносіць ідэю таго, што агульная камп’ютарызацыя свету ўжо ўкаранілася ў нашым побыце і падкрэслівае гэтую думку шчырай сцэнай таго, як дзеці ў двары ўяўляць, быццам яны — героі камп’ютарнай гульні (з характэрнымі слэнгавымі тэрмінамі і паводзінамі). Так Чышчэня гаворыць пра тое, што ягонае, сучаснае Джэнэрэйшн П, па-першае, ад слова «плэй» («гуляць»), а па-другое, зрабіла гульню не толькі баўленнем часу, але і паўнавартасным і ўкаранелым светаўспрыманнем.

Адценне ІІІ. «Зямляк»

У фільме пра трэцяга беларуса-касманаўта Алега Навіцкага той жа рэжысёр, што некалі быў аператарам у стужках пра першых двух беларусаў-касманаўтаў. Здаецца, гэта павінна было зрабіць з Анатоля Алая паслядоўніка добрых традыцый, але не ўсё так проста. Стандартныя піксяляшчыя літары ў назве фільма і знаёмыя па іншых стужках «Беларусьфільма» капеечныя зорныя «заднікі» не сведчаць аб прагрэсе па частцы выкарыстання тэхналогій падчас работы. Не самым удалым чынам выкарыстана інтэрв’ю: амаль ва ўсіх тых момантах, калі з боку камеры гучыць пытанне-падводка, герой адказвае паўжартам і сцісла. Гэта, можна падумаць, было зроблена для выбудовы больш цеснай эмацыянальнай сувязі паміж рэжысёрам, героем і глядачом, але падобныя моманты могуць выклікаць усмешку. І пры гэтым кадры са слязамі маці галоўнага героя, якія з’яўляюцца ў непрадказальныя моманты, быццам наўмысна выціскаюць эмоцыі з-за цяжкага касманаўцкага лёсу…

Адценне IV. «Інклюзія»

Стужкі пра дзяцей з асаблівасцямі развіцця заўсёды трымаюцца на тых героях (ва ўсіх зна- чэннях), што даглядя- юць гэтых дзяцей. Калі героі харызматычныя і з моцным унутраным стрыжнем, спрацоўвае як узор для пераймання. Але ў гэтай карціне рэжысёру Аляксандры Маркавай удалося перадаць не толькі пазіцыю дарослых, але і мары саміх дзяцей. Най- больш яскрава гэта адлюстравана ў сюжэце з дзяўчын- кай, якая жадае стаць акцёркай. Паміж ёй і маці падчас навядзення сур’ёзнага мэйк-апу атрымліваецца дыялог пра пазашкольныя перспектывы, дзе дачка, разумеючы, як ёй будзе складана, дзеліцца сваімі планамі. Пазней маці працягвае рабіць дачцэ макіяж і даносіць на каме- ру свае думкі пра складанасці, звязаныя з атрыманнем адукацыі для людзей з асаблівасцямі развіцця…

Адценне V. «Полацкі вальс»

Пра галоўных герояў, падобных герою гэтага філь- ма, гаворыць «першы хлопец на вёсцы». Самадзейны кампазітар і мастацкі кіраўнік Васіль ходзіць да ба- буль і маладзейшых жанчын свайго населенага пункта, імправізацыйна сачыняе да іх словаў аранжыроўкі і ўдзельнічае з імі на лакальных мерапрыемствах — і ўсё гэта з характэрным правінцыйным (і адначасова ін- тэлігентным) характарам і гумарам. Асобнай падзякі режысёр Вольга Дашук заслугоўвае за фіксацыю таго моманту, калі Васіль рэдагуе дасланы з Полацка тэкст песні. Такі дакладны злепак з творчага працэсу далёка не кожны рэжысёр у ігравым кіно адлюструе. А тут — атрымалася.

Адценне VI. «Лехайм! За жыццё!»

Паказаць Вялікую Айчынную так, як дагэтуль не рабілі, з кожным годам усё цяжэй і цяжэй, але Тамара Вяршыцкая ведае сваю справу і робіць чарговае кіно на гэтую тэму цікавым з дапамогай трох момантаў. Па-першае, бярэ вельмі вузкую гістарычную падзею — пабег яўрэяў з навагрудскага гета і далейшае фарміра- ванне партызанскага атрада. Па-другое, выкарыстоўвае пастановачныя фрагменты самога пабегу, якія перамя- жоўваюцца са здымкамі рэальнай тэрыторыі гета, якое стала музеем. Трэці момант самы дзейсны і шчымлівы: размовы нашчадкаў, якія падчас фільма ўпершыню па- бывалі ў гэтым гета-музеі, а некаторыя нават упершы- ню даведаліся, што іх продкі адтуль уцякалі.

Адценне VII. «Вялікае падарожжа княза Мікалая Хрыстафора Радзівіла Сіроткі»

Вельмі крэатыўны і нечаканы пачатак гэтага фільма выскрабае з паджылак усю глядацкую мужнасць. Каме- ра выглядвае знутры труны, якую адкрывае чалавек у белай масцы з яркім ліхтарыкам, а тым часам спачын- ліва-спакойны голас гаворыць пра сваё абуджэнне і падзывае да сябе служку — быццам гэта сам Сіротка! Некалькі хвілін ад першай асобы ідуць разважанні пра смерць і паслясмерце, і ўсё гэта не без аўтэнтычнага трылернага саўндтрэка. Пазней голас з’яўляецца ў сцэ- нах падарожжа Мікалая Хрыстафора Радзівіла па свеце, у прыватнасці ў Егіпет. На жаль, рэжысёр Юрый Ціма- фееў не даціскае сваю задуму. Устаўкі гэтых аўдыягуль- нявых элементаў заканчваюцца гэтак жа раптоўна, як і з’яўляюцца, і далей ідзе звычайнае дакументальнае кіно з расповедам даследчыкаў пра тое, як Сіротка арганізоў- ваў тагасветныя рытуалы паводле фараонскіх лякалаў.

Адценне VIII. «Шахцёры»

Цікава абыходзіцца са сваім сюжэтам і рэжысёр Віктар Аслюк. Шахцёрская праца — справа даволі ма- рудная, ды і ўмовы здымак — падземна-паўзмрокавыя — не самыя камфортныя для аператара. Аднак усё выра- шаецца досыць элегантна і эстэтычна: рэжысёр хаця і паказвае шахцёрскія будні з іх асаблівасцямі, але ў гэ- тым фільме галоўная роля ў падземнага змроку. Гульня прыглушанага святла робіць са звычайных калідораў «Беларуськалія» нешта фантастычнае: у моманты ад- сутнасці фокусу на чалавечых фігурах карціна нагадвае ці то экранізацыю трэцяй кнігі Волкава пра канзаскую дзяўчынку Эллі, ці то постапакаліптычна-касмічныя падземныя пейзажы планеты Плюк з фільма «Кін-ДзаДза». Пры належнай рэкламнай кампаніі гэтай стужкі можна лёгка ўявіць, як на шахцёрскія пасады заступае хваля хіпстараў, якія без вялікіх нагаманняў змаглі б разгледзець у падземным змроку шлях да чарговай духоўна-ачышчальнай практыкі. Але нават без усяля- кай рэкламы тое, што шахцёры — прадстаўнікі нейкай асобнай магічнай расы, накшталт гномаў, спадзяюся, яны ведаюць і самі: дзесьці глыбока ўнутры, дзе іх уласны свет рэзаніруе з падземным змрокам, і нараджае нешта асаблівае.

Адценне IX. «Лебедзі»

Неверагодна цяжка паверыць у тое, што гэты фільм дакументальны. У стужцы пра аддзяленне хуткай дапамогі Светлагорска па-ігравому фактурна ўсё: урачы, фельчары, дыспетчары, хворыя, нават аўтамабілі!.. Галіна Адамовіч, па яе словах, наўмысна ўзялася здымаць гэты фільм не ў буйным горадзе, накшталт Мінска, а там, дзе спакайней, менш бюракратыі і больш чалавечага стаўлення. Такі падыход дазволіў ёй здымаць не толькі ў будынку хуткай дапамогі, але і ў машыне, і нават на выкліках. Гэта пазбавіла фільм белых плямаў і зрабіла лінію апавядання роўнай, каб яе рух быў цалкам у руках рэжысёра. Супрацоўніца дыспетчарскай, чые жарты былі вартыя добрай паловы серыяла «Інтэрны», прымала выклікі. Далей камера рухалася за медыкамі да аўтамабіля, дзе пад трывожны гітарны дылэй глядач разам з героямі перамяшчаўся да хворага. У хаце ў большасці былі пажылыя людзі, якія таксама сыпалі грымучыя перлы падчас лячэння. Далей у гульню ўступалі насілкі, якія загружаліся ў машыну: то за штосьці чапляліся, то не пападалі ў пазы, то саслізгвалі з ненадзейных металічных канструкцый. Медыцынскага персаналу для загрузкі не заўсёды хапала — часам даводзілася далучацца родным хворага. Потым — зноў паездка ў аўтамабілі і вяртанне на станцыю. Кожны выпадак багаты на ўнікальныя рысы. На выпадках з алкаголікамі і наркаманамі фонам добра чуецца голас Ільі ЧарапкоСамахвалава з гурта «Касіяпея» (дарэчы, у тым самым трывожным гітарным дылэі распазнаецца фрагмент песні з іншага гурта Ільі «Пятля Прыхільнасці»). Паміж выклікамі некаторыя медыкі працягваюць разыгрываць камедыю, а некаторыя пасопваюць на ўтульнай канапе, пакуль дзесьці побач па тэлевізары ідуць мульцікі. З кожнага героя-медыка ліецца дабрыня, цярплівасць і ўнутраная моц, з кожнага героя-хворага — бязмежны давер і ўдзячнасць. І менавіта гэты падыход Галіны Адамовіч — насуперак рэальным абставінам паказаць штосьці поўнае свету і надзеі — набліжае гэты дакументальны фільм да фільма ігравога.

Адценне Х. «Уновіс»

Юнак з выразным тварам малюе ў блакноце геаметрычныя фігуры, пакуль недзе непадалёк разрываюцца бомбы. Юнак устае, ідзе да лесу, ідзе лесам, выходзіць з лесу ў поле, ідзе полем, спыняецца. Працягвае руку ўперад — у паветры матэрыялізуецца вялікі, у два чалавечыя росты, чорны квадрат і кранае руку. З гэтага моцнага ігравога фрагмента пачынаецца дакументальная карціна Яўгена Сяцько паводле сцэнарыя Уладзіміра Мароза, у якой паказана гісторыя Казіміра Севярынавіча Малевіча «віцебскага» перыяду і некалькімі гадамі пазней. Сама па сабе з’ява супрэматызму (і наогул любога авангарда) досыць цікавая, каб за кошт адных толькі фактычных звестак зрабіць цікавае кіно. Але режысёр гэтага фільма пайшоў крыху іншым шляхам — і зрабіў гэта не без дапамогі акцёра Канстанціна Конюхава, які выканаў роль Малевіча. Ягоны палымяны позірк і ашалела-натхнёны выраз твару дзейнічаюць гіпнатычна, а памножаныя на чытанне вытрымак з малевіцкіх дэкларацый і маніфестаў зараджаюць глядача творчасцю. У нейкі момант цытаванне заканчваецца, і застаюцца толькі маўклівыя позіркі ў мальберты вучняў, але нават у такіх не надта актыўных абставінах Конюхаву ўсё роўна ўдаецца натхніць — як вучняў на экране, так і гледачоў па іншы ад яго бок. І гэта нават не адзіны тып гульнявых уставак. Другі тып прадстаўляе сабою вуліцы сучаснага Віцебска, на сценах якіх з дапамогай камп’ютарнай графікі вельмі натуральна намаляваныя супрэматычныя карціны… Так з дапамогай пастановачных кадраў і іншай недакументалістыкі гэты фільм выглядвае са свайго жанравага кутка — і яго электрычнага позірку хапае, каб зарадзіць творчай энергіяй кожнага, хто паспрабуе дастукацца ў квадратнае сэрца супрэматызму.

Адценне №… Падкажа жыццё

Дакладна, мы жывём у свеце, дзе гульнявое кіно распаўсюджана больш за дакументалістыку і анімацыю. Але ці перашкаджае гэта дакументальным фільмам і анімацыі займаць тое месца, якога яны заслугоўваюць? Ці знік са свету тэатр, калі з’явіўся кінематограф? Не, таму і дакументалістыцы — жыць і адлюстроўваць жыццё.

Беларускія рэаліі могуць падацца шэрымі, але толькі на першы погляд: нават у шэрасці ёсць свае адценні. І часам яны больш красамоўныя, чым чарговы рамкам з галівудскім прыгажунчыкам ці гісторыя ліхога самаўпраўца ў каляровым адзенні.

Данііл ЛЫСЕНКА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.