Вы тут

Немэн: вяртанне генія


Кнігу-альбом Веры Савінай і Віталя Раковіча «Чэслаў Немэн», што адкрыў выдавецкую серыю Genius Loci («Геній месца»), прадставілі падчас Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу. Прэзентацыя стала першай з імпрэз, што маюць адбыцца сёлета з нагоды 80-годдзя нашага выдатнага земляка, музыканта з сусветным імем. Важна, што кніга стала вынікам шматгадовай сумеснай працы прыватных асоб і прадстаўнікоў мясцовай улады па захаванні памяці пра Чэслава Немэна. Як у Старых Васілішках, на яго малой радзіме, так і ў Беларусі ў цэлым.


Павандраваўшы колькі гадоў таму па ўзбярэжжы Нёмана, нямецкі публіцыст, журналіст Увэ Рада ў сваёй кнізе «Галасы Панямоння», што стала вынікам антрапалагічнага міні-даследавання, поруч з вялікімі гарадамі нёманскага басейна — Гародняй, Калінінградам, Беластокам, Каўнасам — паставіў невялічкую беларускую вёсачку Старыя Васілішкі, што на Шчучыншчыне. Зрэшты, гэтае месца стала ўжо амаль намоленым для ўсіх аматараў выкшталцонага арт-року ХХ стагоддзя. Тут 80 гадоў таму нарадзіўся Чэслаў Выдрыцкі, якога свет музыкі ведае пад іменем Чэслаў Немэн. І гэта нават не псеўданім. Здаецца, сама рака некалі нашаптала чуйнаму хлопчыку, музыканту-самародку яго геніяльныя мелодыі. А сёння сам Чэслаў стаў тым самым Genius Loci, што натхняе на творчасць і прымушае дзейнічаць.

Лёс Чэслава Немэна варты не аднаго рамана: геніяльны хлопчык з беларускай вёскі, які не атрымаў спецыяльнай адукацыі, нават не скончыў сярэднюю школу, дасягнуў такіх вышыняў у творчасці, што стаў, як кажуць, «музыкантам для музыкантаў». Каб яго слухаць, разумець, трэба быць хаця б крыху музычна адукаваным. Пачынаў з простых твораў, адным з першых выкарыстоўваў высокую паэзію польскіх, рускіх класікаў у рок-музыцы... У Польшчы сёння вельмі шануюць талент Чэслава Немэна, яго імя носяць вуліцы, яму стаяць помнікі, праводзяцца фестывалі яго памяці. У нас — пакуль толькі дом-музей у Старых Васілішках, дакументальны фільм «Гэты дзіўны свет» і новы альбомкніга «Чэслаў Немэн».

Таццяна Бембель, мастацтвазнаўца, сябра апякунскай рады дома-музея Чэслава Немэна ў Старых Васілішках, падчас прэзентацыі выдання падкрэсліла: — Кнігу можна назваць пэўнага кшталту пропускам у прастору Чэслава Немэна. Людзі, якія прыязджаюць у Старыя Васілішкі, на першы погляд, не бачаць там нічога незвычайнага: вясковыя дамы, палі, касцёл… Кніга ж паглыбляе ў сутнасць феномену Немэна, дае магчымасць скласці ўласны маршрут для знаёмства.

Кожны з раздзелаў раскрывае асобныя старонкі жыцця і творчасці вядомага музыканта: «Дзяцінства», «Касцёл», «Прызнанне», «Музей». Напрыклад, ёсць расповед пра ўнікальны арган, які знаходзіцца ў касцёле святых Пятра і Паўла ў Старых Васілішках. Ён быў створаны ў канцы XVIII стагоддзя, перажыў дзве сусветныя вайны і ўвесь гэты час гучаў. Аднак у 1950-я гады касцёл закрыты (гэта, дарэчы, і стала адной з прычын эміграцыі сям’і Чэслава Немэна ў Польшчу), а арган паступова прыйшоў у занядбаны стан, быў разбураны вандаламі. Работа над яго рэстаўрацыяй доўжылася каля 5 гадоў, і сёння інструмент, які маўчаў паўстагоддзя, зноў загучаў.

Адна з аўтараў выдання, журналіст, кінасцэнарыст, старшыня апякунскай рады дома-музея Чэслава Немэна Вера Савіна распавяла:

— Для нас вялікі гонар дакрануцца да такой асобы, як Чэслаў Немэн. Жаданне выдаць кнігу існавала даўно, але мы нібыта чакалі патрэбнага моманту. І вось справы пачалі складвацца амаль стыхійна. Выданне падтрымалі і прыватныя асобы, і прадстаўнікі Шчучынскага райвыканкама.

Гісторыя сучаснага «неманазнаўства» доўжыцця каля дзесяцігоддзя. У 2009-м, таксама ў юбілейны год, на Беларускім тэлебачанні пра Чэслава Немэна быў створаны дакументальны фільм «Гэты дзіўны свет». Стужка выклікала шырокі грамадскі рэзананс, у Шчучынскі райвыканкам пачалі дасылаць лісты… І аўтары адзначаюць, што тады немагчыма было не стварыць музей. У выніку ён адкрыўся ў старым сямейным доме Выдрыцкіх. Сёння музей наведвае шмат турыстаў з Беларусі і замежжа, ён цалкам самаакупальны і дае прыбытак як установа культуры.

— Чэслаў Немэн выступаў у Мінску ў 1976 годзе, — прыгадвае Вера Савіна. — Той канцэрт я памятаю так яскрава, як нямногія за жыццё. У мяне атрымалася ўзяць у яго інтэрв’ю, але яно, на жаль, у друк не выйшла. Тады да музыканта ставіліся як да здрадніка, маўляў, ён эміграваў з Беларусі, працаваў на карысць чужой культуры. Але фотаздымкі, зробленыя падчас той памятнай размовы, сталі аднымі з першых экспанатаў у музеі.

Дарэчы, як часта здараецца з памятнымі рэчамі нашых амаль сучаснікаў, новыя прадметы ў музей паступаюць і сёння. Рэдкія фотаздымкі, невядомыя запісы ад чыстага сэрца перадаюць аматары творчасці Немэна. Рэчы доўгі час захоўвалі ў сем’ях як памяць пра любімага музыканта.

— Гэта нейкі высокародны рух, які нарадзіўся і развіваецца ў першую чаргу дзякуючы стаўленню да асобы Немэна не толькі як да мастака, але і як да чалавека, — кажа Вера Савіна. — Часта ж бывае, што ў мастацтве маштаб таленту творцы і чалавечыя якасці не супадаюць. Немэн — той рэдкі выпадак, калі супадзенне амаль ідэальнае.

Паводле філасофскай тэорыі пра генія месца, Genius Loci мусіць натхняць, нібыта падштурхоўваць чуйных творцаў да адкрыццяў, скіроўваць іх у пошуках. І па ўсім відаць, што Чэслаў Немэн выдатна спраўляецца з гэтай роляй. Так, Віталь Раковіч, фотамастак, які працаваў над кнігай, расказаў:

— Вельмі цікавы факт: каля двух гадоў таму ў Старых Васілішках наша каманда паказвала адзін з першых варыянтаў альбома пра Чэслава Немэна. І літаральна ў той жа дзень на гарышчы старой хаты мы знайшлі сшыткі, ноты, малюнкі, фотаздымкі музыканта. Проста выдатныя падарункі і адкрыцці для дома-музея! Думаю, гэта пацвярджае, што самому Чэславу Немэну наша праца вельмі падабаецца.

Выхад кнігі-альбома «Чэслаў Немэн» — не кропка, а пачатак новага этапу ў рабоце па ўшанаванні памяці нашага выдатнага земляка. Сёлета плануецца многа юбілейных імпрэз. Так, заўтра, у дзень нараджэння музыканта, Польскі інстытут ладзіць у Мінску паказ дакументальнага фільма пра жыццё і творчасць Чэслава Немэна. Напрыканцы чэрвеня, у дзень святых Пятра і Паўла, у Старых Васілішках адбудзецца канцэрт з арганам, падчас якога прагучыць музыка нашага выдатнага земляка. На працягу года будуць арганізоўвацца вандроўкі са сталіцы на малую радзіму творцы.

Дарэчы, родныя мясціны славутага музыканта, яго дом-музей і маляўнічыя пейзажы на ўзбярэжжы Нёмана можна выправіцца вывучаць, разглядаць і самастойна. Варта распачаць вандроўку, а куды рухацца — сам Немэн падкажа.

Марына ВЕСЯЛУХА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.