Вы тут

Як «маленькая «Заря» распальвала партызанскі рух на Брэстчыне


У 1943—1944 гадах легендарнай Хаваншчыны (Івацэвіцкі раён) немец баяўся як агню. Па-першае, на востраве сярод балот знаходзіўся штаб партызанскага злучэння, які каардынаваў працу 11 брыгад і 12 атрадаў народных мсціўцаў. Па-другое, там друкавалася абласная газета «Заря», па закліках якой «лясная армія» папаўнялася новымі байцамі кожны дзень.


Дру­кар­ская ма­шы­на «Пар­ты­зан­ка».

Навуковы супрацоўнік фондаў Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея Ірына Зарэцкая акуратна раскладвае перада мной 36 пажоўклых нумароў партызанскай газеты.

— Значную частку рарытэтнай падшыўкі «Зари» складаюць экзэмпляры, якія перадаў Аляксандр Прыпатнеў, — ён працаваў у рэдакцыі падчас вайны. Ён жа прынёс у музей унікальны экспанат, на якім гэтая газета і друкавалася, — друкарскую машыну.

Побач з санітарнай сумкай фельчара і хірургічнымі інструментамі з партызанскага шпіталя стаіць невялічкі станок. Подпіс на шыльдзе паведамляе, што прывезены ён з падпольнай друкарні газеты «Заря». Станок крыху нагадвае сучасны прынтар, толькі важыць разоў у дзесяць больш і працаваць на ім трэба ўручную.

* * *

Сакавік 1944-га. На сакрэтны аэрадром за 50 кіламетраў ад Любані самалёт даставіў групу партызан. Сярод іх — будучы галоўны рэдактар абласной газеты Васіль Калібераў. Нягледзячы на малады ўзрост (усяго 23 гады!), хлопец ужо зарэкамендаваў сябе і як журналіст (працаваў у чавускай «раёнцы», у рэспубліканскай газеце ў Паўночнай Асеціі, «Савецкай Беларусі»), і як баец (з першых дзён вайны — у радах Чырвонай Арміі, але цяжкае раненне не дазволіла вярнуцца ў строй). Прыляцела ў тыл ворага і Наталля Логвіна — былы начальнік цэха Віцебскай абласной друкарні. Яе на Брэстчыну адправілі літаральна з фронту. Сустрэў Васіля і Наталлю Аляксандр Прыпатнеў, які ваяваў у Мінскім партызанскім злучэнні. На новым месцы яго чакала праца адказным сакратаром і карэспандэнтам газеты. «Мужнае партызанскае трыа» — так называў гэтых людзей брэсцкі журналіст Уладзімір Тураў. Не згадзіцца з ім немагчыма.

Па гушчарах і дрыгве будучыя супрацоўнікі рэдакцыі прайшлі 500 кіламетраў да вострава Хаваншчына. Кожны за спінаю нёс не менш за трыццаць кілаграмаў грузу (паліграфічнае абсталяванне, паперу і фарбы, зброю). Пастаянна прыходзілася хавацца ад немцаў, быць асцярожнымі на мінных палях. Некалькі разоў група трапляла ў перастрэлкі. На шчасце, да месца прызначэння дабраліся без страт.

Карэспандэнцкая сетка, камандзіроўкі і штатны паэт

«Праца над першым нумарам супала з Днём савецкага друку. Сядзелі мы за сталом пад густымі хвойнымі кронамі. Побач на чатырох калах, убітых у зямлю, размясцілася наборная каса, на невялікім століку — друкарская машына. За некалькі метраў знаходзілася жыллё — шалашы, пакрытыя карой дрэў. На ложках — саламяныя матрацы і падушкі. Праўда, падчас дажджу дах дужа працякаў, аднак ніхто з калектыву не патрабаваў лепшых умоў», — успамінаў Калібераў у сваёй кнізе «Ад сэрца да сэрца».

Якой яна была, газета-партызанка? Зусім невялічкай, бо выдавалася фарматам у восем разоў меншым за даваенны. Усе яе так і звалі «наша маленькая «Заря». Праўда, сілу яна мела вялікую. Даведаўшыся пра аднаўленне выхаду абласной газеты, акупанты перапалохаліся. Тут жа выдалі ўлётку, дзе пісалі, што тыраж друкуецца не на Брэстчыне, а ў Маскве і закідваецца да партызан самалётамі. Але рэгулярны выпуск газеты хутка абверг варожыя паклёпы.

«Што прынеслі немцы ў Брэст? Голад. На дарослага працоўнага яны выдаюць 200 грамаў хлеба, а на дзіця — 100 грамаў. Цэлымі тыднямі насельніцтва не атрымлівае і гэтага. Іншых прадуктаў пазбаўлена ўвогуле. Яны прынеслі гвалт. Яшчэ ў першыя дні акупанты забіралі гвалтоўна адзенне і абутак. Насельніцтва ходзіць у лахманах. Яны прынеслі смерць. За адну ноч нямецкія душагубы вывезлі ў Жабінку 120 дзяцей і закапалі іх жывымі. У другую ноч і днём імі расстраляна і закатавана 900 чалавек. Затым расстралялі яшчэ каля 200. [...] Яны прынеслі разбурэнні. У Брэсце на вуліцах Мухавецкай, Шпітальнай, Шырокай амаль усе дамы зруйнаваны. Школы яны пераўтварылі ў казармы», — пісалі ў адным з нумароў.

Цікавасць падпольнай «Зари» ў тым, што яна мела шырокую карэспандэнцкую сетку па ўсёй вобласці. Партызаны і падпольшчыкі былі не толькі актыўнымі чытачамі, але і аўтарамі: нават у тыя няпростыя часы яны дасылалі лісты ў рэдакцыю.

— У нас захоўваецца перапіска Васіля Каліберава з партызанам Захарам Паплаўскім. Рэдактар дзякуе за інфармацыю, пытаецца аб здароўі байца і становішчы яго атрада, — расказвае Ірына Зарэцкая. — Навіны прыносілі з самых аддаленых куточкаў вобласці, паступалі яны нават з-за мяжы. Так, у газеце друкаваліся лісты з нямецкай няволі. Іх моладзь, прымусова вывезеная на працу, дасылала родным на акупаваную зямлю.

Штатныя супрацоўнікі таксама ніколі не заседжваліся ў рэдакцыі — рэгулярна адпраўляліся ў «камандзіроўкі», каб увачавідкі ўбачыць, як жывуць народныя мсціўцы. Падчас адной з такіх вылазак Аляксандр Прыпатнеў трапіў у сапраўднае пекла: разам з партызанскім атрадам Грабянёва журналісту давялося адбіваць нападзенне немцаў на вёску Галёўка. На полі бою засталося каля васьмі дзясяткаў варожых трупаў...

Быў у газеце і свой паэт — Мікола Засім. Інструктар Брэсцкага абласнога антыфашысцкага камітэта пачаў пісаць вершы задоўга да вайны, але менавіта ў лясной глушы, сярод векавых сосен і непраходных балот яго талент праявіўся на поўную моц. Успамінаючы пра Мікалая Арцёмавіча, Васіль Калібераў пісаў: «Спачатку мы не вельмі паверылі, што перад намі сапраўдны самародак, таленавіты майстар мастацкага слова. Аднак паступова сумневы пачалі развейвацца. Вершы бралі за жывое».

Хто чэсці ганьбай

не замазаў,

У кім сэрца

праўдаю гарыць —

На бой з фашысцкаю заразай!

Даволі кроў

ёй нашу піць.

За вілы, стрэльбы,

за сякеры

Бярыся, вольны чалавек!

І адплаці ім,

катам-зверам,

За крыўду,

слёзы і за здзек. [...]

Народныя мсціўцы з нецярпеннем чакалі кожны нумар газеты і пастаянна прасілі павялічыць тыраж выдання. Галоўны рэдактар успамінае ў сваёй кнізе: «Калі даведаліся, што абмежаванне звязанае з недахопам паперы, арганізавалі збор і дастаўку. Рэдакцыя атрымала кілаграм ад 50 чыстых лістоў. Праўда, папера якасцю не вылучалася. У асноўным гэта былі школьныя сшыткі, шпалеры». Тым не менш партызаны і падпольшчыкі, якія дасылалі сваю паперу, атрымлівалі дадатковыя экзэмпляры газеты.

Пад свістам куль — друкуй

Ста­яць (зле­ва на­пра­ва) га­лоў­ны рэ­дак­тар В. Ка­лі­бе­раў, ка­рэс­пан­дэн­ты А. Сі­ро­цін і А. Пры­па­тнеў. Спра­ва за на­бор­най ка­сай ся­дзіць Н. Лог­ві­на, за пі­шу­чай ма­шын­кай Н. Па­на­ма­ро­ва.

Рэдакцыя «Зари» знаходзілася акурат паміж дзвюма важнымі чыгункамі — Брэст — Мінск і Брэст — Лунінец. За тры дні да пачатку «рэйкавай вайны» газета выйшла з перадавіцай «Аніводны эшалон ворага не павінен дайсці да фронту». Адказам на заклік сталі паспяховыя вынікі: толькі за першы дзень аперацыі партызаны вобласці ўзарвалі больш за дзве тысячы рэек, чыгуначны рух спыніўся на некалькі сутак. Акупанты помсцілі за гэта, пачалі з асаблівай жорсткасцю распраўляцца з мірнымі жыхарамі. Лясныя масівы ў пошуках «лясной арміі» прачэсваліся ў два разы часцей.

Дакладна вядома, што падчас вайны ні адзін немец не змог трапіць на Хаваншчыну. Востраў знаходзіўся у самай сярэдзіне непраходных балот. Партызаны траплялі на яго ноччу па доўгай танюсенькай кладцы, схаванай пад вадой. Гісторыкі і зараз не могуць назваць дакладную колькасць жыхароў Хаваншчыны ў 1943—1944 гг. Акрамя абкамаў партыі і камсамола, партызанскага штаба, рэдакцыі і шпіталя, тут жылі сотні партызан. Зусім побач знаходзіўся сямейны лагер з лясной школай. Вораг спрабаваў «выкурыць» людзей з лесу, атакуючы з паветра. Васіль Калібераў успамінаў: «Калі фашысцкія самалёты праляталі над самымі дрэвамі, нашы аўтаматчыкі і кулямётчыкі абрушвалі на іх агонь. Гэта крыху дапамагала. Гітлераўцы, адчуваючы небяспеку, без разбору скідвалі бомбы. Многія траплялі не на востраў, а ў балота. Не абышлося, канешне, і без цудаў. Неяк я сядзеў у зямлянцы, вычытваючы карэктуру. Раптам зашумела ў вушах. Падняў галаву і ўбачыў на краі стала дзіўны прадмет. Узяў у руку — цёплы, востры кавалак металу. Выйшаў з зямлянкі, гляджу — варонка з жоўтым пяском. Побач вырваная з коранем маладая сасна. Аказалася, паветраная хваля ад узарванай бомбы імгненна аглушыла мяне, я не ўбачыў і не пачуў, як кілаграмовы асколак праз адчыненыя дзверы ўляцеў і ўпаў проста на стол».

Напамін нашчадкам

Памяць аб партызанскім мінулым Хаваншчыны і яе жыхароў не згасае. Падчас экскурсій на востраў дырэктар Івацэвіцкага гісторыка-краязнаўчага музея Раіса Горбач расказвае школьнікам павучальную гісторыю:

— Здарылася гэта зімой 1944-га. Сувязная несла свежы нумар газеты з Хаваншчыны да чытачоў. Толькі зайшла на адну з вуліц, а там — немцы. Бегчы ў лес позна, дзяўчына ўскочыла ў першую з хат. Гаспадар яе пашкадаваў і схаваў на печы разам са сваімі дзецьмі. «Зарю», доўга не думаючы, запіхаў у валёнак, які стаяў пасярод хаты. Праз імгненне ўварваліся паліцаі. Абшукалі мужыка, дзяцей і сувязную, ператрэслі ўсё, што заўважылі, нават падушкі з сеннікамі папаролі. Валёнак, які валяўся каля печы, паліцай з ухмылкай падштурхнуў нагой, а вось другі чамусьці не крануў. Нічога не знайшоўшы, гітлераўскія карнікі сышлі... Вынік: хочаце што-небудзь надзейна схаваць, смела кладзіце на самае заўважнае месца.

* * *

Штогод у канцы мая ціхая ў мірны час Хаваншчына напаўняецца сотнямі галасоў. Сюды з'язджаюцца нашчадкі партызан, якія ваявалі некалі за свабоду беларускай зямлі, якія ўслаўлялі перамогі таварышаў на старонках «Зари». На подступах да вострава стаіць валун, на ім словы памяці героям. Васіль Калібераў, аднойчы вярнуўшыся сюды, напісаў: «Людзі чытаюць і думаюць: «Так, справа, за якую змагаліся, паміралі верныя абаронцы роднай зямлі, бессмяротная. Яна жыве і перамагае, кліча да новых здзяйсненняў у гонар міру і прагрэсу». Ад сэрца да сэрца ідуць гэтыя словы. Яны не ведаюць перашкод, як не ведалі іх патрыёты ў святой бітве за Радзіму».

Падрыхтавала Ганна КУРАК, фота аўтара і з архіваў Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея

Мінск — Брэст — Мінск

Загаловак у газеце: Ад сэрца да сэрца

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.