Вы тут

Як на Еўрагульнях будзе прадстаўлена спартыўная аэробіка


Адзін з 15 відаў спорту, які будзе прадстаўлены ў чэрвені на ІІ Еўрапейскіх гульнях, — спартыўная аэробіка. У Беларусі прынята лічыць гэты від хутчэй хобі або выдатным сродкам для падтрымання сябе ў добрай спартыўнай форме. У іншых жа краінах спартыўная аэробіка даўно набыла статус сур'ёзнага віду спорту, для якога характэрна выкананне ў адпаведнасці з музыкай бесперапыннага комплексу рухаў высокай інтэнсіўнасці. Пра тое, кім будзе прадстаўлены гэты від спорту на Еўрапейскіх гульнях 2019 года і хто стаіць каля вытокаў спартыўнай аэробікі ў Беларусі, мы даведаліся, пабываўшы на трэніроўцы нашай зборнай.


Трэба сказаць, што спартыўная аэробіка была прадстаўлена і на І Еўрапейскіх гульнях у Баку, беларусы ў гэтым відзе спорту не выступалі. Перамогу ў парах тады атрымалі іспанцы, а ў групавых выступленнях — венгры. Гэтыя краіны разам з расіянамі, італьянцамі, японцамі і кітайцамі сёння і з'яўляюцца сусветнымі лідарамі ў спартыўнай аэробіцы.

На Гульнях-2019 у гэтым відзе спорту будуць спаборнічаць атлеты з васьмі краін — гэта фіналісты чэмпіянату свету. Беларусь трапіла ў іх спіс у якасці краіны-гаспадыні, нашы спартсмены выступяць у двух відах праграмы — групавое практыкаванне, куды ўваходзіць пяць чалавек, і ў пары.

Каб падрыхтаваць беларускую зборную да Еўрапейскіх гульняў, асацыяцыі гімнастыкі прыйшлося запрасіць у краіну ўкраінскага трэнера — Ляну Безнасюк, у сябе на радзіме настаўнік выхавала ўжо шмат высокакваліфікаваных спартсменаў, у тым ліку чэмпіёнаў Еўропы.

Каб сфарміраваць каманду для Еўрапейскіх гульняў, Ляна Уладзіміраўна правяла адбор, у якім удзельнічалі не толькі аэробы, але і прадстаўнікі спартыўнай гімнастыкі і акрабатыкі. Выніковая пяцёрка сёння складаецца з чатырох дзяўчат і аднаго хлопца, які, дарэчы, майстар спорту па акрабатыцы.

«Я ведала, што беларускія атлеты ў спартыўнай аэробіцы не вельмі моцныя, бо, акрамя трэнерскай дзейнасці, я — суддзя міжнароднай катэгорыі, таму бачу ўзровень усіх краін на чэмпіянатах свету і Еўропы, — расказвае Ляна Безнасюк. — Аднак усе мы будзем спрабаваць паказаць добры вынік на Еўрапейскіх гульнях, у нас ёсць на гэта ўсе шанцы».

Зараз беларускія спартсмены трэніруюцца па 3-4 разы на дзень, выхадны — нядзеля. Такі інтэнсіўны графік абумоўлены не толькі набліжэннем Еўрапейскіх гульняў, у аэробаў ён такі практычна заўсёды. Перад чэрвеньскім дамашнім турнірам наша зборная ў маі выступіць на чэмпіянаце Еўропы ў Баку. «Мы хочам даказаць, што беларуская каманда вартая быць удзельнікам Еўрапейскіх гульняў не толькі як краіна-гаспадыня», — адзначае Ляна Уладзіміраўна. Настаўнік падкрэслівае, што ў ходзе падрыхтоўкі каманда напрацоўвае новыя элементы, павялічвае іх складанасць, павялічвае хуткасць абавязковых крокаў.

Увогуле выступленне аэробаў доўжыцца ўсяго хвіліну і 20 секундаў, за гэты час спартсмены павінны паказаць восем найскладанейшых васьмёрак, якія змяшчаюць абароты і скачкі. У групавым выступленні аэробы павінны выканаць дзевяць элементаў з розных груп (статычная сіла, дынамічная сіла, раўнавага, гнуткасць і скачковая група). Акрамя таго, паказаць добрае ўзаемадзеянне.

«У нашым відзе спорту чалавек павінен быць універсальным, скакаць, але ўмець танцаваць, рухацца, выконваць элементы з мастацкай гімнастыкі і спартыўнай, падтрымкі з акрабатыкі», — расказвае трэнер.

Выступленне праходзіць пад музыку, часам яе выбар займае шмат часу. Напрыклад, для праграмы на Еўрапейскія гульні Ляна Уладзіміраўна са сваімі падапечнымі падбірала яе тры месяцы, цяпер каманда распрацоўвае касцюмы.

Ляна Уладзіміраўна адзначае, што аэробіка досыць суб'ектыўны від спорту, чатыры арбітры ацэньваюць выкананне праграмы, два выстаўляюць адзнаку складанасці (залічваюць элементы або не), потым гэтыя адзнакі падсумоўваюцца. «У групавых выступленнях зараз асобна ацэньваюцца падтрымкі, таму ў нашу каманду мы спачатку адабралі пяць дзяўчат, але потым вырашылі ўзмацніць яе хлопцам, — расказвае Ляна Безнасюк. — Выступаць можна ў любым складзе, хоць пяццю хлопцамі, правіламі гэта не забаронена. Калі выходзіць мужчынская група, то адзнака па складанасці будзе дзяліцца на два балы, у змешаных груп ёсць перавага, ацэнка дзеліцца на 1,8. Як правіла, гэта вельмі дапамагае. Мужчынская група мацнейшая, таму што яны могуць зрабіць складаныя падтрымкі, гэта, напрыклад, практыкуюць расіяне».

Кіраўніцтва ставіць перад беларускай камандай па спартыўнай аэробіцы задачу на Еўрапейскіх гульнях заняць пятае месца ў пары і шостае ў групе, але самі спартсмены нацэлены на вышэйшыя вынікі — пазмагацца за прызавыя месцы.

У маі «Мінск-Арэна» прыме тэставы турнір па спартыўнай аэробіцы. Для яго правядзення ўжо закуплены спецыяльныя памосты высокай якасці.

Беларуская публіка не прывыкла да гэтага віду спорту, а вось у нашых суседзяў — расіян, украінцаў, літоўцаў — ён развіты досыць нядрэнна, таму Ляна Безнасюк адзначае: не варта турбавацца, што трыбуны «Мінск-Арэны», на якой будуць выступаць аэробы ў чэрвені, застануцца пустымі. «Упэўнена, у Мінск прыедуць балельшчыкі з Італіі, Францыі і іншых краін».

Меркаванне спецыяліста

Людміла ЮСУПАВА, член прэзідыума Беларускай асацыяцыі гімнастыкі, старшыня тэхнічнага камітэта:

— Аэробіка ў Беларусі развіваецца толькі ў прыватных клубах, няма ні аднаго чалавека, у якога б у працоўнай кніжцы было напісана: «трэнер па спартыўнай аэробіцы», таму пабудаваць работу так, каб на сур'ёзным узроўні сваімі сіламі рыхтавацца да Еўрапейскіх гульняў, не было магчымасці. У нас пры кожным інстытуце ёсць зборная па аэробіцы, але найлепшыя спартсмены раскіданы па ўсёй краіне, таму ўдалося зрабіць зборную толькі цяпер. Некаторыя прыйшлі ў яе з зусім маленькім багажом, і за гэтыя некалькі месяцаў ім трэба стаць на еўрапейскі ўзровень. Ці атрымаецца? Паглядзім. Я стаю каля вытокаў аэробікі ў Беларусі і магу сказаць, што гэта выдатны від спорту, накіраваны на здароўе чалавека. А для дзяцей наогул найлепшага спорту не прыдумаеш.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Загаловак у газеце: Тут тэхніка спалучаецца з музыкай

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пераможца «Жанчыны года-2018»: З трыма дзецьмі можа справіцца кожная пара

Пераможца «Жанчыны года-2018»: З трыма дзецьмі можа справіцца кожная пара

Тры гады таму прозвішча Трыкоза ўжо было на слыху.

Грамадства

Мэр Брэста Аляксандр Рагачук: Дзеці ў пясочніцах на касцях гуляць не будуць

Мэр Брэста Аляксандр Рагачук: Дзеці ў пясочніцах на касцях гуляць не будуць

Кіраўнік Брэсцкага гарвыканкама адмеркаваў рэзанансную тэму раскопак на тэрыторыі гета.

Культура

Як  мастак Май Данцыг ствараў свае карціны

Як мастак Май Данцыг ствараў свае карціны

Наватар, «шасцідзясятнік», ваяўнічы аптыміст — гэта ўсё пра яго.