Вы тут

Удзельнікі Гульняў-2019 змогуць наведваць сталовую з нацыянальнай кухняй


Беларускі бок імкнецца прыняць усе магчымыя меры, каб харчаванне на ІІ Еўрапейскіх гульнях было на годным узроўні, пра гэта расказала начальнік упраўлення па арганізацыі харчавання фонду «Дырэкцыя ІІ Еўрапейскіх гульняў 2019 года» Юлія КРАЎЧАНКА.


Арганізацыя харчавання для ўдзельнікаў Гульняў пачнецца з 15 чэрвеня і будзе працягвацца да 3 ліпеня. Прымаючы бок павінен забяспечыць харчаваннем 4 тысячы спартсменаў і 2 тысячы афіцыйных прадстаўнікоў камандаў у рэжыме нон-стоп, гэта значыць штодня кругласутачна арганізоўваць харчаванне ў фармаце шведскага стала непасрэдна ў Вёсцы спартсменаў і ў месцах правядзення спаборніцтваў.

У асноўнай сталовай для ўдзельнікаў Гульняў будзе прадстаўлена азіяцкая, еўрапейская кухні, грыль-меню і лінія піцы і пасты. Абавязковым патрабаваннем з боку НАКаў краін-удзельніц з'яўляецца канфесійнае харчаванне (халяль і кашэр), а таксама вегетарыянскія і дыетычныя стравы. Калі казаць больш дэталёва, то фактычна ў дзень на выбар будуць прапаноўвацца парадку 250—270 страў, а ратацыя меню будзе сямідзённай.

У Вёсцы спартсменаў таксама размесціцца сталовая з меню нацыянальнай кухні на 130 пасадачных месцаў, яна будзе працаваць штодня з 12.00 да 23.00. Спартсмены змогуць наведваць яе па жаданні без якіх-небудзь абмежаванняў. Юлія Краўчанка расказала, што, акрамя традыцыйных дранікаў, мачанкі, бабкі, там будуць падаваць нават спецыфічныя стравы. Напрыклад, бургер-дранікі з селядцом ці бургер-дранікі з курыцай. Акрамя таго, сталовая будзе аформлена ў нацыянальным стылі, а многія яе работнікі будуць насіць нацыянальныя касцюмы.

Упраўленне па арганізацыі харчавання дырэкцыі некалькі месяцаў распрацоўвала меню згодна з міжнародным вопытам, у тым ліку Алімпіяд 2014 і 2016 гадоў. Таксама быў прыняты пад увагу вопыт І Еўрапейскіх гульняў 2015 года. Прыцягваліся міжнародныя эксперты з Расіі — вядучыя шэф-павары, якія былі задзейнічаны пры распрацоўцы меню для ўдзельнікаў Алімпіяды ў Сочы.

Важны пункт забеспячэння харчавання — харчовая бяспека. Арганізатары павінны выконваць патрабаванні міжнародных стандартаў. «Гэта стандарты сертыфікацыі HАССР і ІSО 22000, дзе прасочваецца ўвесь ланцужок жыццёвага цыкла прадукту — ад поля, дзе вырошчваецца сыравіна, да відэльца — падачы гатовай стравы на стол, — расказвае Юлія Краўчанка. — Пры падборы сыравінных зон асноўную ролю адыгралі дзяржаўныя органы — Міністэрства аховы здароўя, Мінсельгасхарч, Дзяржаўны камітэт па стандартызацыі. Адбор і атэстацыю ўсіх пастаўшчыкоў прадуктаў харчавання міжведамасная камісія пад кіраўніцтвам Міністэрства аховы здароўя праводзіла больш за год. Яна і далей працягвае маніторыць выбраныя прадпрыемствы аж да пастаўкі прадукцыі непасрэднаму аператару харчавання. Трэба разумець, што ў частцы пападання ў арганізм допінгу небяспечнымі групамі прадуктаў з'яўляюцца мяса, малако, рыба, птушка, яйка. Напрыклад, яйкі і малочныя прадукты прысутнічаюць практычна ў кожным прадукце. У склад міжведамаснай камісіі па атэстацыі пастаўшчыкоў уваходзіць акрэдытаваная Нацыянальная антыдопінгавая лабараторыя, якая непасрэдна да пастаўкі прадуктаў харчавання і сыравіны аператару харчавання будзе праводзіць антыдопінгавыя пробы кожнай партыі, і мы будзем упэўнены, што выкананне асноўных патрабаванняў харчовай бяспекі для такой важнай кліенцкай групы, як «спартсмены», будзе забяспечана».

Для патрэб Гульняў дырэкцыяй закупляецца высокатэхналагічнае харчовае абсталяванне, але перад гэтым старанна вывучаецца магчымасць эфектыўнага прымянення кожнай закупленай адзінкі пасля завяршэння Гульняў. Пасля ўсё гэта абсталяванне пяройдзе ў агульнаадукацыйныя школы і камбінаты школьнага харчавання, што дазволіць абнавіць асноўныя фонды і рыхтаваць карысныя стравы па апошніх тэхналогіях для беларускіх дзяцей.

Працэс падрыхтоўкі персаналу ў харчаванні да Еўрапейскіх гульняў праходзіць планава, запэўнівае Юлія Краўчанка. Больш за 900 чалавек для арганізацыі харчавання ў Вёсцы спартсменаў прыцягвае асноўны аператар харчавання — КУП «Бізнес-цэнтр «Сталіца». Асноўны кіраўнічы персанал сфарміраваны са штатных супрацоўнікаў аператара. Дадаткова прыцягваюцца кадры з рэгіёнаў праз конкурсны адбор. Персанал, які не патрабуе спецыяльнай кваліфікацыі (афіцыянты, прыбіральшчыкі), набіраецца з ліку студэнтаў з веданнем англійскай мовы.

Нядаўна для працы ў штаце дырэкцыі і дапамогі аператару харчавання прыбыў брэнд-шэф, які меў вопыт правядзення аналагічных мерапрыемстваў. Цяпер на базе КУП «Бізнес-цэнтр «Сталіца» стартавала цэлая серыя тэставых мерапрыемстваў для кухараў.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Загаловак у газеце: Спартсменам прапануюць бургер-дранікі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пераможца «Жанчыны года-2018»: З трыма дзецьмі можа справіцца кожная пара

Пераможца «Жанчыны года-2018»: З трыма дзецьмі можа справіцца кожная пара

Тры гады таму прозвішча Трыкоза ўжо было на слыху.

Грамадства

Мэр Брэста Аляксандр Рагачук: Дзеці ў пясочніцах на касцях гуляць не будуць

Мэр Брэста Аляксандр Рагачук: Дзеці ў пясочніцах на касцях гуляць не будуць

Кіраўнік Брэсцкага гарвыканкама адмеркаваў рэзанансную тэму раскопак на тэрыторыі гета.

Культура

Як  мастак Май Данцыг ствараў свае карціны

Як мастак Май Данцыг ствараў свае карціны

Наватар, «шасцідзясятнік», ваяўнічы аптыміст — гэта ўсё пра яго.