Вы тут

Карына Альховік: Пару гадоў таму мала хто чуў пра жаночы футбол у Беларусі


Найлепшы гулец чэмпіянату Беларусі пра любімы спорт і адносіны да яго мужчын

Найлепшай футбалісткай чэмпіянату Беларусі 2018 года стала 18-гадовая нападаючая мінскага клуба РДВАР Карына Альховік, акрамя таго, менавіта яна стала найлепшым бамбардзірам найвышэйшай лігі. Гэта ўзнагарода стала для дзяўчыны адной з першых, а яе клуб у мінулым сезоне стаў сярэбраным прызёрам чэмпіянату краіны. Напярэдадні новага футбольнага года (ён стартуе ў пачатку сакавіка) Карына расказала пра сваю кар'еру і жаночы футбол у Беларусі.


— Карына, раскажыце, ці чакалі вы, што атрымаеце ганаровую ўзнагароду?

— Не, для мяне гэта быў сюрпрыз. Напярэдадні цырымоніі падвядзення вынікаў сезона «Зорны мяч» мне патэлефанавалі: «Добры дзень, вам трэба забраць запрашэнне на цырымонію ўзнагароджвання». Я адразу падумала пра тое, што ж мне надзець, часу наогул не было, бо ўзнагароджванне ўжо на носе. Было вельмі хвалююча, як і што пройдзе, а што гаварыць? Як-ніяк я буду там першы раз і сярод такіх топаў стаяць на гэтай сцэне. Але ўсё прайшло на вельмі высокім узроўні, дзякуй усім, хто падтрымаў мяне яшчэ раз.

— Што значыць гэтая ўзнагарода для вас у прафесійным плане?

— Гэта вялікі крок наперад і знак, што трэба працаваць яшчэ больш і даказваць у першую чаргу сабе, што ты найлепшы ў сваёй справе. Ну і, вядома, для таго, каб у 2019-м даказаць яшчэ раз, што ты можаш узяць гэты тытул. Калі ацэньваць мінулы сезон, то прыемна, што я стала найлепшым бамбардзірам у жаночым чэмпіянаце найвышэйшай лігі. Радасна быць найлепшай сярод такіх канкурэнтаў. Сезон 2018 года быў вельмі добрым, хоць змагацца за п'едэстал было цяжка. Для каманды таксама вельмі добры год, дзяўчаты атрымалі вопыт: калі ў тым годзе мы былі на 3-м месцы, то цяпер сталі сярэбранымі прызёрамі. У наступным сезоне будзем змагацца за «золата».

— Калі казаць у цэлым пра жаночы футбол у Беларусі, як бы вы ацанілі яго ўзровень?

— Пару гадоў таму мала хто чуў пра жаночы футбол у Беларусі, цяпер мы ўжо маем шмат дзіцячых секцый, падцягваецца шмат моладзі, прыемна, што наш футбол не стаіць на месцы.

— Вы ўжо паспелі згуляць і за зборную краіны, якія адчуванні?

— За зборную заўсёды прыемна гуляць і ўсведамляць, што ты частка гэтай каманды. На кожную гульню настройваюся сур'ёзна, зборная гэта ці клуб.

— Дзеці, якія выбіраюць спорт, практычна заўсёды вылучаюцца сваёй актыўнасцю...

— Усе мы былі трошкі хуліганкамі ў дзяцінстве, я не выключэнне. У тыя часы я таксама заўсёды займалася спортам: лёгкая атлетыка, баскетбол, лыжы і нават хакей. У дзяцінстве заўсёды гуляла ў футбол з пацанамі ў двары, і часта, калі нейкае дэрбі сярод раёнаў, клікалі мяне. Жаночай каманды ў горадзе не было, я жыла ў Дзятлаве (Гродзенская вобласць), таму трэніравалася з пацанамі. Але ў мяне не было такога, каб я дакладна абрала нейкі від спорту, займалася ўсюды пакрыху: у якім відзе спорту праходзілі спаборніцтвы, там і ўдзельнічала. Калі бегаць, то буду бегаць, калі скакаць, то буду скакаць. Але душа ляжала больш да футбола, усюды, дзе быў футбол, там была і я.

— Як паставіліся бацькі да вашага выбару футбола ў якасці прафесіі?

— Станоўча, нават падштурхнулі, за што я ім вельмі ўдзячная. У мяне мама, тата, сястра — усе займаюцца спортам. Бацькі — лёгкай атлетыкай, сястра — баскетболам. Ведаю, што сям'я заўсёды падтрымае падчас цяжкасцяў, калі яны паўстануць.

— А як рэагуюць хлопцы, калі даведваюцца, што вы гуляеце ў футбол?

— Яны наогул у шоку ад жаночага футбола, а калі яшчэ бачаць, як я гуляю... Дзівяцца, што так умею, але ставяцца да гэтага станоўча, з усмешкай на твары.

— А як вы ставіцеся да меркавання, што футбол — гэта не жаночы від спорту?

— Чаму не жаночы? Калі ў цябе ёсць талент у футболе, то чаму не гуляць і не атрымліваць ад гэтага задавальненне. Я лічу, што гэта і жаночы від спорту таксама.

— Чым даводзіцца ахвяраваць дзеля прафесійнага спорту?

— На самай справе многім. Самае галоўнае — здароўем. Спартсмены заўсёды ахвяруюць здароўем дзеля вынікаў. Зносінамі з сябрамі, бо проста пайсці пагуляць ці правесці час у прыемнай абстаноўцы не заўсёды атрымліваецца з-за трэніровак, збораў і спаборніцтваў.

— Ці перашкаджае вам футбол заставацца дзяўчынай?

— Жаноцкасць можна захаваць заўсёды, хоць я і не магу сказаць, што люблю насіць сукенкі ці абутак на абцасах. Усё ж такі аддаю перавагу спартыўнаму аддзенню — ірваныя джынсы, красоўкі.

— Якія якасці дазваляюць вам дамагацца поспехаў?

— Галоўнае — матывацыя. Хочацца з кожным днём станавіцца ўсё лепшай — як фізічна, так і псіхалагічна. Думаю, гэта самая важная якасць у спорце. Вядома, яшчэ важны прафесіяналізм, інакш кажучы, неабходна заўсёды сачыць за рэжымам. Істотны момант — харчаванне і ў цэлым паводзіны.

— Які тытул на дадзены момант з'яўляецца для вас найбольш каштоўным?

— Усе тытулы важныя, для мяне неабходна перамагаць. Прыемна было атрымліваць узнагароды на алімпійскіх днях моладзі, званне бамбардзіра чэмпіянату. Але самае важнае для мяне пакуль — гэта званне найлепшага гульца чэмпіянату Беларусі.

— Вы пастаянна знаходзіцеся ў жаночым калектыве, гэта дастаўляе нязручнасць?

— Не. У нас у камандзе вельмі пазітыўная атмасфера, шмат гумару. Заўсёды ёсць што расказаць адна адной, падзяліцца чымсьці, асабліва пасля працяглых выхадных.

— На ваш погляд, хто павінен кіраваць жаночым калектывам — мужчына ці жанчына?

— Напэўна, гэта наогул няважна. Той, хто будзе найлепшым у сваёй справе.

— Падзяліцеся вашымі мэтамі ў прафесійным спорце?

— У сезоне 2019 года, вядома ж, хацелася б узяць «золата» чэмпіянату, каб прыняць удзел у Лізе чэмпіёнаў.

— Што цікавіць вас акрамя спорту?

— Як і любая дзяўчына, я атрымліваю каласальнае задавальненне ад шопінгу. А наогул, кожны выхадны праводжу па-рознаму, таму што ён усяго адзін на тыдзень. Хаджу ў кіно ці ў кавярню з сябрамі, катаюся на каньках, праводжу час з сястрой, нават умудраюся на адзін дзень з'ездзіць дадому да сям'і. Ва ўсе астатнія дні ў мяне па дзве трэніроўкі, а днём вучоба, калі хопіць сіл. (Усміхаецца.)

У тэму

Жаночая зборная Беларусі па футболе даведалася пра саперніц па адборачным турніры чэмпіянату Еўропы 2021 года. Падапечныя Эдуарда Дземенкаўца, якія трапілі ў кваліфікацыйную групу С, першы матч правядуць 3 верасня 2019 года на сваім полі супраць каманды Фарэрскіх астравоў. Сёлета беларускі яшчэ двойчы прымуць саперніц на сваім полі — 4 кастрычніка сустрэча з Нарвегіяй, 8 кастрычніка — гульня з Уэльсам. 14 красавіка 2020 года беларускі таксама ў сябе дома сустрэнуцца з камандай Паўночнай Ірландыі, а астатнія матчы правядуць на выездзе: 5 чэрвеня — у Паўночнай Ірландыі, 9 чэрвеня — ва Уэльсе, 18 верасня — у Нарвегіі, 22 верасня — на Фарэрах.

Па выніках групавога этапу ў фінальную стадыю кантынентальнага першынства выйдуць пераможцы дзевяці груп, а таксама тры найлепшыя каманды, якія занялі другія месцы. Яшчэ тры пуцёўкі ў фінал разыграюць у стыкавых матчах астатнія шэсць зборных, якія зоймуць другія пазіцыі. Фінальны турнір жаночага форуму пройдзе ў ліпені 2021 года на арэнах Англіі.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Загаловак у газеце: «Дзе быў футбол, там была і я»

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.