Вы тут

Як разгортваюцца тэрытарыяльныя войскі?


Апошнім часам у большасці краін свету ідзе вялікая работа па стварэнні і развіцці тэрытарыяльнай абароны. Што хаваецца за гэтымі словамі? І як тэрытарыялы вучацца сваёй справе? Гэта было паказана на палігоне пад Асіповічамі.


Арганізацыйна тэрытарыяльныя войскі ўключаюць асобныя стралковыя батальёны і роты. Яны камплектуюцца жыхарамі адміністрацыйных адзінак старэйшага ўзросту, прыгоднымі да вайсковай службы. Узбраенне ў іх лёгкае — аўтаматы, мінамёты, гранатамёты, кулямёты і снайперскія вінтоўкі. Але гэта зусім не азначае таго, што зброя будзе раздадзена кожнаму ахвотнаму. Боепрыпасы, інжынернае ўзбраенне і сродкі сувязі тэрытарыялы атрымліваюць ад Узброеных Сіл. А вось матэрыяльныя сродкі накшталт таго ж аўтатранспарту, харчавання, абмундзіравання паступаюць за кошт мясцовых бюджэтаў.

Тэрытарыяльныя войскі маюць вялікую перавагу ў тым, што яны вельмі мабільныя, цудоўна ведаюць мясцовасць і жыхароў населеных пунктаў. Але гэта не азначае таго, што яны пры неабходнасці будуць дзейнічаць цалкам аўтаномна. Наадварот, канцэпцыя такіх войскаў па змоўчанні прадугледжвае шчыльнае ўзаемадзеянне не толькі з Узброенымі Сіламі, але і з падраздзяленнямі пагранічных і ўнутраных войскаў, КДБ, міліцыі і МНС. Самы яскравы прыклад, вядомы з гісторыі Беларусі, — гэта партызаны. На падставе гэтага і сусветнага досведу і дзейнічае ў нашай краіне тэрытарыяльная абарона вось ужо два дзясяткі гадоў.

Разам з тым трэба адзначыць, што яе стварылі і ўсе нашы суседзі. Як жа гэта працуе ў іх? Напрыклад, у Латвіі такія войскі носяць назву «вартаўнікі зямлі». Яны камплектуюцца дабравольцамі. У мірны час яны рыхтуюць ваенна-абучаны рэзерв і дапамагаюць ліквідаваць наступствы стыхійных бедстваў, надзвычайных сітуацый і тэхнагенных катастроф. У ваенны час на іх кладуцца іншыя важныя задачы. Сярод іх — прыкрыццё мабілізацыйнага і аператыўнага разгортвання арміі, ахова стратэгічных аб'ектаў і ваеннай інфраструктуры, партызанская барацьба, ахова дзяржаўнай мяжы. Мяркуецца, што да 2020 года латышскіх «вартаўнікоў зямлі» будзе 12 тысяч.

Крыху інакш гэтая сістэма працуе ў Польшчы. Тэрытарыяльныя войскі гэтай краіны зведзены ў брыгады і ўваходзяць у склад нацыянальных узброеных сіл. Яны чымсьці нагадваюць амерыканскую Нацыянальную гвардыю, прызначаную вырашаць унутраныя пытанні. Прычым цікава, што польскія тэрытарыялы атрымалі мянушку «войскі выхаднога дня». Пяць дзён на тыдзень людзі ходзяць на звычайную працу. А вось на заняткі па баявой падрыхтоўцы яны збіраюцца ў суботу і нядзелю. Па разліках, праз шэсць гадоў у шэрагах польскіх тэрытарыялаў будзе больш за 50 тысяч чалавек.

Вернемся ж, аднак, у Беларусь. Напярэдадні Дня абаронцаў Айчыны на базе 51-й артылерыйскай брыгады адбыўся збор са старшынямі абласных і Мінскага гарадскога выканаўчых камітэтаў, прысвечаны пытанням ваеннай бяспекі і абароны краіны пад кіраўніцтвам міністра абароны Андрэя РАЎКОВА. Губернатарам паказалі асноўныя сродкі агнявога паражэння, якія стаяць у беларускім войску на ўзбраенні, і іх магчымасці.

— Сучаснае развіццё ваенна-палітычнай абстаноўкі ў свеце і непасрэдна вакол Беларусі патрабуе ад нас павышанай увагі да пытанняў абараназдольнасці нашай краіны, — зазначыў Андрэй Раўкоў. — Неаднаразова гэта падкрэсліваў Прэзідэнт. Прыярытэт аддаецца пытанню павышэння абараназдольнасці краіны. Гэты аспект і вызначае значнасць тэрытарыяльнай абароны. Збор мае сваю індывідуальную скіраванасць і скаардынаваны з агульнай задумай падрыхтоўкі Узброеных Сіл, іншых войскаў і воінскіх фарміраванняў.

Падобныя зборы праходзяць штогод. Але калі ў мінулыя гады яны былі прысвечаны пытанням стратэгіі, то цяпер у ход пайшоў складнік непасрэднага вядзення бою.

Міністр абароны Андрэй Раўкоў  дзякуе прызваным з запасу.

...Да першых залпаў усяго некалькі хвілін. Раптам непадалёк раздаецца шум матора, і з укрыцця адзін за адным выязджаюць тактычныя ракетныя комплексы «Кропка». Яны ставяць дымавую заслону. У гэты час праз некалькі соцень метраў пачынаюць разгортвацца магутныя рэактыўныя сістэмы залпавага агню «Смерч», «Ураган», «Бялград». Гучаць словы «гатоўнасць нумар адзін да нанясення ракетнага ўдару!» Агнявая ўспышка — і ракета ўзмывае ў неба. Праз некалькі секундаў даносяцца громападобныя гукі, якія скаланаюць зямлю.

На іншым палігоне ў гэты час практычныя заняткі ў роты агнявой падтрымкі і процітанкавай батарэі. Яны камплектуюцца з прызваных з запасу на зборы ваеннаабавязаных. Па легендзе, на нашы пазіцыі наступае пяхота праціўніка пры падтрымцы танкаў. Гучыць каманда — і мінамёты вывяргаюць агонь і снарады па ўмоўным праціўніку. Пасля надыходзіць чарга процітанкавых кіраваных рэактыўных снарадаў...

— Кожны збор мае сваю індывідуальную скіраванасць, — кажа начальнік упраўлення тэрытарыяльнай абароны — намеснік начальніка Генеральнага штаба Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь Андрэй Пасека. — З 2016 года мы штогод праводзім зборы з кіруючым складам абласных выканаўчых камітэтаў і горада Мінска. За гэты час мы адпрацавалі пытанні фарміравання тэрытарыяльных войскаў, правядзення баявога зладжвання, падтрымання ваеннага становішча, аховы і абароны аб'ектаў тэрытарыяльнай абароны. А яшчэ паказалі асаблівасці баявога прымянення войскаў сумесна з тэрытарыяльнымі войскамі, зрабіўшы акцэнт на абароне гарадоў. На гэтым зборы мы працягваем тэматыку баявога прымянення войскаў і сумеснага выканання з імі задач тэрытарыяльных войскаў. На працягу дваццаці пяці сутак практычна з нуля быў навучаны асабовы склад. Магу адзначыць, што ўсе задачы паспяхова выкананы. А гэта, у сваю чаргу, даказвае, што людзі ў нас надзейныя.

Наперадзе – умоўны праціўнік.

— Летась у Брэсцкай вобласці мы знаёміліся з досведам арганізацыі абароны населеных пунктаў, сёлета пазнаёміліся з артылерыйскім узбраеннем, якое стаіць ва Узброеных Сілах, — адзначыў старшыня Магілёўскага аблвыканкама Уладзімір ДАМАНЕЎСКІ. — Мы бачым, наколькі сёння важна займацца пытаннямі тэрытарыяльнай абароны, разумеем умовы арганізацыі кіравання тэрытарыяльных войскаў. Мы ж атрымліваем не толькі тэарэтычныя веды, але і праводзім практычныя заняткі. Вось і самі асабіста паспрабавалі зрабіць стрэлы з артылерыйскіх прылад. Канешне, трэба зрабіць усё, каб гэтая навука ніколі не спатрэбілася ў жыцці, але ведаць яе варта...

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Фота прэс-службы Міністэрства абароны

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.