Вы тут

Нарвежац выйграў спрынт чэмпіянату Еўропы па біятлоне


Самым хуткім у мужчынскім спрынце аказаўся нарвежскі біятланіст Тар’е Бё, сярэбраным прызёрам стаў Еспер Нэлін са Швецыі, замкнуў прызавую тройку расіянін Дзмітрый Малышка.


— Не скажу, што для мяне гэтая гонка стала ідэальнай, — адзначыў Дзмітрый на прэс-канферэнцыі. — Ды і хуткасць з-за падзення ўпала. Адным словам, ёсць над чым працаваць, каб максімальна наблізіцца да добрага выніку.

Найлепшым з беларусаў у спрынце стаў Сяргей Бачарнікаў, паказаўшы добрую хуткасць і дапусціўшы адзін промах на стральбе. Беларус аказаўся на пятым месцы, што вельмі важна перад гонкай пераследу.

— У мяне засталіся добрыя ўражанні ад гэтай гонкі, атрымалася паказаць годны вынік, — адзначыў Сяргей. — Дзень за днём атрымліваецца выступаць усё лепш. Пры падтрымцы такіх трыбун усё атрымліваецца класна. Заўтра, думаю, будзе яшчэ цікавей, будзе барацьба. У спрынце я зрабіў усё, што мог, працаваў на максімуме, таму не аб чым не шкадую. Беларуская каманда цяпер у вельмі добрай форме, мы зрабілі патрэбную працу і падрыхтаваліся да гэтага старту. Будзем змагацца да канца тут і на чэмпіянаце свету.

Сяргей таксама адзначыў, што яму было б цікава выступіць у мас-старце, але яго ў праграме чэмпіянату Еўропы няма.

— Улічваючы трасу Эстэрсунда, дзе пройдзе чэмпіянат свету, трэба пакінуць сілы на сакавік. Адзначу, што падтрымліваць форму заўсёды прасцей, чым яе набіраць.

Астатнія беларусы размясціліся за межамі 20-кі наймацнейшых. 22-м стаў Антон Смольскі, 32-м — Максім Варабей, 34-м — Уладзімір Чапелін, 35-м — Раман Ялётнаў, 59-м — Мікіта Лабастаў.

— Сёння я задаволены сваім фізічным станам, бегчы было лёгка, лыжы ехалі добра, — расказвае Антон Смольскі. — Трыбуны падтрымалі, хацелася б лепш адстраляцца. Калі параўноўваць з індывідуальнай гонкай, мне было больш камфортна, у сераду траса была цяжкая і ветравая абстаноўка складаная. Сёння надвор’е практычна ідэальнае для біятлона.

Дар’я ЛАБАЖЭВІЧ

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.