Вы тут

У пракуратуры Мінскай вобласці назвалі самыя карумпаваныя сферы


У лік самых карумпаваных у Мінскай вобласці за мінулы год трапіла транспартная сфера — 24,1 % ад агульнай колькасці. У асноўным факты датычацца кантролю за пропускам грузаў Міністэрства транспарту, калі яго прапускалі з перавышэннем дазволенага танажу. На другім месцы — сельская гаспадарка і прадпрыемствы аграпрамысловага комплексу — 17,5 %. Размова, як правіла, ідзе аб парушэннях пры закупках прадукцыі і разліках. Абласная пракуратура выходзіла з прапановай у зацікаўленыя органы зрабіць гэтую працэдуру больш празрыстай. Трэцюю пазіцыю трымае апарат дзяржаўнага кіравання — 37 злачынстваў.


Страцілі інстынкт самазахавання

Усяго ж на Міншчыне летась выяўлена 381 карупцыйнае злачынства. Гэта на 85 % больш за папярэдні год. На 44 % павялічылася і колькасць асоб, якія за іх здзяйсненне прыцягнутыя да крымінальнай адказнасці.

— Найбольшая колькасць іх зафіксавана ў Мінскім, Салігорскім, Барысаўскім, Маладзечанскім, Смалявіцкім раёнах і горадзе Жодзіна, — адзначыў намеснік пракурора Мінскай вобласці Аляксандр Беліцкі. На яго думку, выяўленню такой колькасці злачынстваў карупцыйнай накіраванасці садзейнічала мэтанакіраваная і зладжаная работа ўсіх праваахоўных органаў вобласці.

— Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка аддае самую пільную ўвагу праблеме карупцыі. Але, відаць, людзі, якія прызначаюцца на адказныя пасады, забываюць пра тое, што ў нас не вельмі вялікая краіна. Таму пра чалавека, які тут нарадзіўся, працуе, можна даведацца практычна ўсё, у тым ліку і за якія сродкі ён жыве, — упэўнены пракурор Мінскай вобласці Алег Лаўрухін. — Напэўна, высокія пасты дурманяць некаторым галаву і яны страчваюць інстынкт самазахавання.

«Дзедаўшчыне» — заслон

У мінулым годзе грамадскасць узбударажыла справа радавога Коржыча, які служыў у 72-м аб'яднаным вучэбным цэнтры ў Печах. Там сапраўды былі выяўлены факты парушэння ўстаўных правіл паміж ваеннаслужачымі. Што зроблена, каб спыніць так званую дзедаўшчыну ў войску?

— Летась у параўнанні з 2017 годам колькасць здзейсненых злачынстваў, звязаных з парушэннем устаўных правіл узаемаадносін паміж ваеннаслужачымі, знізіліся на 72 працэнты, — канстатаваў намеснік пракурора Сяргей Шыкунец. — Большасць іх прыходзілася на 72-і цэнтр у Печах. — У пяці часцях Цэнтра ў казармах устаноўлена 256 камер відэаназірання з кругласутачным запісам. І работа ў гэтым напрамку працягваецца. Акрамя таго, ваеннаслужачым тэрміновай службы дазволена пастаянна карыстацца мабільнымі тэлефонамі, у агульнадаступных месцах размешчаны тэлефоны даверу камандавання, Камітэта салдацкіх маці, Следчага камітэта, пракуратуры і міліцыі.

Толькі разам, усёй талакой

На Міншчыне ўмацаванню правапарадку і законнасці пасадзейнічала работа пракуратуры ва ўзаемадзеянні з праваахоўнымі органамі, арганізацыйныя, практычныя меры па павышэнні эфектыўнасці пракурорскага нагляду і яго праваабарончага складніка, — падзяліўся сваімі меркаваннямі Алег Лаўрухін.

У прыватнасці, летась на 3,5 % скарацілася колькасць злачынстваў. У 2017 годзе іх здзейснена 16,5 тысячы, у мінулым годзе — 15,9 тысячы. Знізіўся і ўзровень злачыннасці ў разліку на дзесяць тысяч насельніцтва — са 116 да 111 выпадкаў.

У той жа час павялічылася колькасць крадзяжоў з выкарыстаннем камп'ютарнай тэхнікі, прысвойвання або растраты фінансаў і матэрыяльных каштоўнасцяў, маёмасці, хуліганства. У Бярэзінскім, Лагойскім, Любанскім, Уздзенскім, Нясвіжскім, Вілейскім раёнах назіраецца рост злачыннасці, забойстваў — у Барысаўскім, Любанскім, Уздзенскім раёнах і горадзе Жодзіна. Прычым 37,5 % забойстваў носяць сямейна-бытавы характар.

У першым паўгоддзі 2019-га пракуратурай запланаваны мерапрыемствы, якія могуць паўплываць на паляпшэнне крымінагеннай абстаноўкі. Пракуроры правядуць шматлікія праверкі наконт выканання мерапрыемстваў дзяржаўных праграм, мэтавага і эфектыўнага выкарыстання бюджэтных сродкаў, што выдзяляюцца на іх рэалізацыю. Будзе праверана работа органаў унутраных спраў па выкананні заканадаўства аб прафілактыцы гвалту ў сям'і, эфектыўнасць мер мясцовых органаў улады па кантролі ў галіне будаўніцтва, законнасці падаўжэння тэрмінаў будаўніцтва жылых дамоў.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Жыць па сродках

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».