Вы тут

Жыгімонт Аўгуст (1520—1572)


Жыгімонт Аўгуст быў апошні гаспадар незалежнага Вялікага Княства Літоўскага, і ён стаў першым правіцелем Рэчы Паспалітай — федэратыўнай дзяржавы Каралеўства Польскага і Вялікага Княства Літоўскага. Ён быў апошні з каралеўскай дынастыі Ягайлавічаў.


Сучаснікі аднагалосна характарызуюць Жыгімонта Аўгуста, як бязвольнага і кволага чалавека, няздатнага правіць дзяржавай. Востры на язык беларускі шляхціц Іван Мялешка ўвогуле з пагардай адазваўся аб Жыгімонце Аўгусце: «Того нечего и в люди личити, бо Подляше и Волынь наш вытратив, ляхом менечися». Добрых слоў не заслужыў ад літвінаў. Хоць яны звязвалі з Жыгімотам Аўгустам шмат спадзяванняў і 4 снежня 1522 года «Сгодными голосы и добровольным позволением» выбралі яго вялікім князем літоўскім.

На характар Жыгімонта Аўгуста паўплывала ягоная маці — каралева Бона Сфорца. Хітрая і ўладная каралева хацела выхаваць сына паслухмяным сабе і праз яго самой правіць Польшчай і Літвой пасля смерці састарэлага мужа Жыгімонта. Хлопчык рос распешчаным і капрызным, да вучобы не ляжала сэрца, затое любіў забавы і гульні ў атачэнні дзяўчат. Бацька-кароль сумна глядзеў, як сын «дарэмна губляе час сярод зграі дзяўчат і нявестаў». Відаць, каб прыцягнуць каралевіча да дзяржаўных спраў і выхаваць самастойнасць і адказнасць, Жыгімонт у 1529 годзе згадзіўся з просьбай літвінаў перадаць сыну ў кіраванне Вялікае Княства Літоўскае. Але рэальную ўладу ў княстве захаваў у сваіх руках.

Пакуль Жыгімонт Аўгуст весяліўся з дзеўкамі на каралеўскім двары і не нёс цяжару дзяржаўнага клопату, яго задавальняла такое становішча — уладара без улады і адказнасці. Але, калі ён пасталеў і ў 1543 годзе ажаніўся з дачкой аўстрыйскага эрцгерцага Фердынанда Габсбурга, Альжбетай, роля ўладара без гаспадарства стала яму не па душы. «Сорамна мне, — казаў ён, — перад самім сабой і людзьмі. Я кароль і князь, але без каралеўства і ўлады княскай і не маю месца, дзе мог бы жыць з каралевай-жонкай». Але больш за ўсё ён хацеў вырвацца з-пад гнятлівай апекі маці. Упершыню Жыгімонт Аўгуст праявіў настойлівасць і актыўнасць. Па яго просьбе літвінская шляхта на Берасцейскім сойме ў 1544 годзе прасіла Жыгімонта перадаць уладу ў Вялікім Княстве сыну, што ён і зрабіў. Непрызвычаены да цяжкой і сістэматычнай працы Жыгімонт Аўгуст не абцяжарваў сябе дзяржаўнымі справамі, пераклаўшы іх на вяльмож і найбліжэйшага дарадчыка Мікалая Радзівіла Чорнага. Куды больш увагі аддаваў вялікі князь уладкаванню свайго палаца ў Вільні, упрыгожваў яго карцінамі і габеленамі, збіраў багатую бібліятэку і ювелірныя вырабы. Дарагія і вытанчаныя рэчы зрабіліся для Жыгімонта Аўгуста атрыбутам ягонай велічы. У шыкоўным рэнесансным палацы ладзіліся вясёлыя балі і маскарады, што са здзіўленнем адзначыў замежны сведка: «Акружыла яго цэлая зграя нежанатых аднагодкаў: смех і размовы толькі аб дзяўчатах, а пасля танцы, гутаркі, музыка, флірты, паляванне і на тым сыходзілі дарэмна ягоныя найлепшыя гады». Мірная перадышка і ўнутраны спакой, якія выпалі Вялікаму Княству падманвалі бясхмарным становішчам. І як бачым, Жыгімонт Аўгуст не выкарыстаў спрыяльны час для ўмацавання дзяржавы і траціў сябе на балях і паляваннях. Калі ён і паказаў сябе, як гаспадар, дык і тое ў абароне асабістых інтарэсаў — праз «няслушны шлюб» з Барбарай Радзівіл. Стаўшы ў 1548 годзе пасля смерці бацькі польскім каралём, Жыгімонт Аўгуст накіраваў свае намаганні на адстойванне шлюбу з каханай Басяй, якую польская шляхта не хацела бачыць сваёй каралевай. На сойме кароль рэзка заявіў, што гатовы адмовіцца ад каралеўства і хай у «апошняй кашулі» застацца разам са сваёй жонкай. Калі нарэшце сціхлі страсці, ён усе ж каранаваў Барбару. Але яна нядоўга пражыла і неўзабаве пасля цяжкой хваробы памерла. Усе дні хваробы кароль не адыходзіў ад ложка каханай, асабіста даглядаў яе. Драматычнае каханне Жыгімонта Аўгуста да сваёй падданай, якую зрабіў каралевай, стала прыцягальным сюжэтам для мастацкіх твораў, і такім чынам у гісторыю ён увайшоў гэтымі неардынарнымі ўчынкамі.

Прыгнечаны стратай каханай Басенькі, Жыгімонт Аўгуст надоўга адышоў ад дзяржаўных спраў, якія ён пусціў на самацёк, адкладваючы іх вырашэнне «на заўтра», а то і «на іншы час», спадзеючыся на іх самаўладкаванне. Яго так і празвалі «кароль Заўтра». Адносна спакойнае праўленне Жыгімонта Аўгуста было часам згубленых магчымасцяў для пераўтварэнняў у дзяржаве. Па-ранейшаму Жыгімонт Аўгуст больш любіў забавы, чым дзяржаўныя справы, мілаваў сваіх каханак, але не рыцарства, захапляўся мастацтвам, а не стваральнай дзейнасцю. Гэта быў аматар мастацтва, эстэт і сібарыт на манаршай пасадзе, а не ўладар па складзе характару і па пакліканні. Ад ваенных паходаў ён ухіляўся, спасылаючыся на кволае здароўе, а па-простаму з-за маладушша і нерашучасці. Ён мусіў падначальвацца абставінам, а не рабіць іх, згаджацца, а не настойваць на сваім, хоць часам і праяўляў упартасць, але не меў цвёрдасці ўладара. І ў складаным становішчы, у цяжкі час выпрабаванняў ён быў абсалютна бездапаможны як капрызнае і распешчанае дзіця. Гэта яскрава праявілася падчас Лівонскай вайны, калі ў 1563 годзе войска маскоўскага цара Івана Грознага захапіла Полацк і працягвала наступ на Вялікае Княства Літоўскае. Жыгімонт Аўгуст як мог спрабаваў наладзіць абарону краіны ад нападніка, закладваў свае ўладанні на вайсковыя патрэбы, склікаў паспалітае рушэнне, але гэта было відавочна недастаткова. У 1567 годзе ён ухіліўся ад начальства над войскам у паходзе на Полацк і распусціў яго. Не на полі бітваў адчуваў сябе мужчынам, а ў будуарах з каханкамі. Прастадушна, як дзіця, апраўдваўся: «Гэтыя сокалы (каханкі.— Аўт.) не дазваляюць ні за што ўзяцца, каб і хацеў бы». І зусім ганебна, з пункту гледжання літвінаў, паводзіў сябе іх гаспадар на Люблінскім сойме ў 1569 годзе, цалкам прыняўшы польскі бок. «Што мне параіць рада і кароннае рыцарства, так і зраблю. Нічога не пашкадую, не зраблю ніякіх саступак». Пад ціскам палякаў Жыгімонт Аўгуст пагадзіўся на пераход са складу ВКЛ да Польскага Каралеўства Падляшша, Валыні і Кіеўскага ваяводства, здрадзіўшы сваёй прысязе захоўваць у цэласці Вялікае Княства. Аслабленая Літва была пастаўлена на калені перад Польшчай і мусіла заключыць 1 ліпеня 1569 года Люблінскую унію аб стварэнні федэратыўнай дзяржавы Рэчы Паспалітай. Жыгімонт Аўгуст шчыра лічыў, што робіць сваім падданым у Літве дабро, і ўяўляў унію як сваю вялікую справу, вартую славы. Не задумваўся, што па сутнасці пазбавіў літвінаў іх дзяржаўнасці. Зразумела, ён кіраваўся добрымі намерамі, але ж вядома, што добрыя намеры часта не даводзяць да дабра. Пэўна, чуйным сэрцам Жыгімонт Аўгуст адчуваў гэта, таму прароча і папярэджваў на закрыцці сойма: «Старайцеся аб тым, каб у панствах не чулася, як раней, плачу і стогнаў, бо калі ў іх не будзе справядлівасці, яны не толькі доўга не пратрымаюцца, але Бог звергне іх». Гісторыя, як вынікае, пацвердзіла яго прароцтва.

Справа была зроблена, і Жыгімонт Аўгуст цалкам падпаў пад уладу хітрых прыдворных прайдзісветаў, якія патакалі яго слабасцям і вадзілі яго рукой па дзяржаўных дакументах. Суцяшэнне ён знаходзіў у каханні да Барбары Гіжанкі, так падобнай да яго мілай Басі. Яе нават выкралі з манастыра. Гіжанка нарадзіла каралю дачку. Вось такі грахоўны лёс у каханні! Зрэшты знясілены ад жыцця апошні Ягайлавіч памёр 7 ліпеня 1572 года ў замку Кнышын на Падляшшы, пакінуўшы пасля сябе неадназначную славу.

Вітаўт ЧАРОПКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?