Вы тут

Рэйтынгавая сістэма — не «селекцыя», а шанц для выкладчыкаў


«Наша задача — навучыць студэнта творча думаць, задаваць пытанні, ставіць мэты і аналізаваць вучэбныя вынікі, каб атрымаць на выхадзе спецыяліста, гатовага дзейнічаць ва ўмовах нявызначанасці, у сітуацыі, калі няма гатовых рэцэптаў», — такую думку выказаў падчас відэабрыфінгу на сайце Нацыянальнага прэс-цэнтра рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Андрэй КАРОЛЬ.


Андрэй Кароль. Фота: bsu.by

«Выкладчыкам таксама трэба навучыцца па-іншаму выстройваць свае стасункі са студэнтамі. Неабходна навучыць іх ствараць свой прадукт, забяспечыць умовы, каб кожны з іх мог рэалізаваць сябе ў вучэбнай дзейнасці», — падкрэсліў Андрэй Кароль.

Па словах рэктара, у БДУ распрацаваная стратэгія развіцця ўніверсітэта, якая ўключае асноўныя стратэгічныя і тактычныя мэты і задачы па кожным з ключавых для ўніверсітэта кірункаў дзейнасці — адукацыйным, навуковым, выхаваўчым... Адна з фундаментальных мэт — кадравая палітыка ва ўніверсітэце.

— Мы перагледзелі многія нашы нарматыўныя прававыя акты ва ўніверсітэце, узгаднілі іх з прафкамам і зацвердзілі на канферэнцыі працоўнага калектыву. Прывязалі заработную плату работнікаў да прадукцыйнасці іх працы, — паведаміў Андрэй Кароль. — Для гэтага ёсць канкрэтныя механізмы. Калі браць прафесарска-выкладчыцкі склад, то была распрацаваная рэйтынгавая сістэма матывацыі і стымулявання прадукцыйнасці працы, і кожны выкладчык ведае арыенціры, якіх ён можа дасягнуць.

У рэйтынгавай сістэме вынікі ацэньваюцца па аб'ектыўных крытэрыях, якія адлюстроўваюць вучэбна-метадычную, навуковую, арганізацыйную і выхаваўчую работу выкладчыкаў. Гэтыя крытэрыі будуць штогод карэктавацца ў залежнасці ад прыярытэтных задач развіцця БДУ. Тэхнічная ўнікальнасць рэйтынга ПВС заключаецца ў поўнай аўтаматызацыі працэсаў выстаўлення рэйтынгавай ацэнкі, разліку і прызначэння прэмій. Гэта дазваляе мінімізаваць суб'ектыўны фактар пры аналізе паказчыкаў эфектыўнасці работы выкладчыкаў. Усе справаздачы, якія яны прадстаўляюць, запаўняюцца і верыфікуюцца ў электронным выглядзе ў асабістых кабінетах супрацоўнікаў. Перад укараненнем рэйтынгавай сістэмы яна на працягу чатырох месяцаў абмяркоўвалася ў працоўных калектывах факультэтаў БДУ.

— Штомесяц выкладчык мае магчымасць атрымліваць больш, чым той, хто менш эфектыўны ў сваёй рабоце. Дадатковая прэмія па выніках рэйтынгавых ацэнак у залежнасці ад індывідуальных паказчыкаў можа вагацца ад 69 да 320—350 рублёў. Гэта не значыць, што праводзіцца «селекцыя», — падкрэслівае Андрэй Кароль. — Проста мы ўвасабляем у жыццё прынцып: «Калі хочаш быць шчаслівы — будзь ім». Стаўленне выкладчыкаў да перамен мы ўжо бачым. Яны цяпер разумеюць неабходнасць паўдзельнічаць у тым ці іншым міжнародным праекце, падрыхтаваць і апублікаваць свой артыкул у часопісе Scopus або базе даных Web of Scіence. І гэта ўсё працуе на агульную скарбонку дасягненняў універсітэта. Гэты працэс быў досыць скрупулёзны, і тут няма нейкага дырэктыўнага ціску. Сёння мы маем абсалютна выразны па змесце і працэдуры механізм ацэньвання, які вызначае паспяховасць працы любога выкладчыка. Рэалізуецца прынцып празрыстасці і адкрытасці, а галоўнае, мы істотна скарацілі зусім непатрэбны дакументаабарот, калі кожны кіраўнік спрабаваў даказаць, што яго супрацоўнік — выключны. Цяпер з'явіліся дакладныя крытэрыі паспяховасці і эфектыўнасці кожнага.

Для ўсіх іншых катэгорый работнікаў універсітэта — кіраўнікоў службаў і аддзелаў, лабарантаў, спецыялістаў, метадыстаў — таксама ўстаноўлены крытэрый эфектыўнасці. Ёсць дакладны парадак, за што прэміруюць супрацоўнікаў. Кіраўнік падраздзялення сам прымае рашэнне аб выніковасці іх працы, а кіраўнікоў прэміруе спецыяльна створаная камісія ва ўніверсітэце.

«Праз рэалізацыю кадравай палітыкі мы маем унікальныя і для БДУ, і для ўсёй краіны вынікі ў навуковай дзейнасці, — дадаў Андрэй Кароль. — Летась ва ўніверсітэце была абаронена і зацверджана 71 кандыдацкая дысертацыя і 8 доктарскіх».

Таксама ў 2019 годзе ў БДУ заснаваны конкурс на атрыманне грантаў рэктара для падрыхтоўкі кандыдацкіх і доктарскіх дысертацый. Мэта — павелічэнне колькасці спецыялістаў з вучонай ступенню. У прыватнасці, сродкі гранта будуць вылучацца на публікацыі вынікаў навуковай працы, набыццё матэрыялаў і абсталявання, аплату ўдзелу ў навуковых мерапрыемствах і іншыя выдаткі, звязаныя з падрыхтоўкай і абаронай дысертацыі. Конкурс будзе праводзіцца штогод са студзеня да сакавіка. Для падрыхтоўкі кандыдацкай дысертацыі прадугледжаны грант на тэрмін да двух гадоў, а для доктарскай — да трох. Усяго будуць вызначаны тры ўладальнікі з ліку патэнцыяльных кандыдатаў навук і пяць — з тых, хто рыхтуе доктарскую дысертацыю.

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».