Вы тут

Чым можа быць небяспечны страчаны пашпарт?


Чаму трэба адразу ж паспяшацца ў міліцыю, калі вы згубілі пашпарт або яго ў вас скралі? Чым пагражае сітуацыя, калі вашы даныя трапілі ў чужыя рукі?

У некаторых выпадках гэта можа каштаваць чалавеку вельмі дорага, ва ўсіх сэнсах гэтага слова. Аб самых папулярных спосабах выкарыстання чужых пашпартных даных махлярамі «Звяздзе» расказала адвакат спецыялізаванай юрыдычнай кансультацыі № 1 па прававым абслугоўванні суб'ектаў гаспадарання Мінска Кацярына ЛЯЎЧУК.


Адвакат спецыялізаванай юрыдычнай кансультацыі № 1 па прававым абслугоўванні суб'ектаў гаспадарання Мінска Кацярына ЛЯЎЧУК

Чым можа быць небяспечна залішняя даверлівасць

Пры пэўных абставінах з дапамогай чужых даных можна аформіць крэдыт у банку, кажа Кацярына Ляўчук. Гэта найбольш часты від махлярства са скрадзеным пашпартам. Але яно становіцца магчымым толькі дзякуючы сумесным намаганням злачынцаў і несумленнага ці няўважлівага супрацоўніка банка. Першыя бяруць крэдыт, пагашаць які разам з працэнтамі і штрафамі даводзіцца ўладальніку пашпарта. Ён потым вымушаны даказваць сваю невінаватасць, праходзячы праз мноства судовых цяжбаў, выкарыстоўваючы паказанні сведак і г. д. Як правіла, такія суды добрасумленны грамадзянін у рэшце рэшт выйграе, але на іх патрабуецца выдаткаваць нямала часу, намаганняў і нерваў.

Прад'явіце пашпарт!

Таксама, завалодаўшы чужымі пашпартнымі данымі, ашуканцы могуць зарэгістраваць фірму і ажыццяўляць праз яе незаконныя аперацыі. Часта ўладальніка пашпарта прызначаюць фармальным дырэктарам такой канторы. У далейшым праз гэтую фірму пераводзяцца ў наяўныя або абезнаяўліваюцца грашовыя сродкі, здзяйсняюцца іншыя незаконныя дзеянні. І менавіта чалавек, чыімі пашпартнымі данымі скарысталіся, будзе прыцягнуты ў далейшым да адказнасці за супрацьпраўныя ўчынкі ашуканцаў, калі не зможа даказаць сваю невінаватасць. «У маёй практыцы былі такія справы, над адной з іх я працую якраз цяпер, — кажа Кацярына Ляўчук. — У прыватнасці, яна датычыцца артыкула 243 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь і мае на ўвазе ўхіленне ад выплаты падаткаў».

З дапамогай чужых пашпартных даных можна таксама здзяйсняць розныя махінацыі ў інтэрнэце. Цяпер, у эпоху глабальных сетак, гэта вельмі распаўсюджана, папярэджвае Кацярына Ляўчук. Напрыклад, ашуканцы могуць адкрыць на ваша імя электронны кашалёк, здзяйсняць махлярства ў анлайн-гульнях і інш.

Наогул, што датычыцца інтэрнэту, тут любому можна параіць быць уважлівым і ўводзіць свае даныя толькі на правераных рэсурсах, напрыклад, на афіцыйных сайтах дзяржаўных органаў або партале дзяржаўных паслуг.

Каментарый з нагоды

Не пагаджайцеся ні на якія схемы

Начальнік аддзела па раскрыцці рабаванняў, разбояў і іншых злачынстваў супраць уласнасці галоўнага ўпраўлення крымінальнага вышуку МУС Беларусі Васіль Шупляк:

— Некалькі гадоў таму ў Брэсцкай вобласці мела месца сітуацыя, калі махляр, абяцаючы выпіўку, угаворваў асацыяльных асоб аформіць на свой пашпарт растэрміноўку на розныя пакупкі — ад мабільнага тэлефона да тэлевізараў і халадзільнікаў. Пры гэтым для падстрахоўкі, каб у краме ці ў банку не ўзнікала сумневаў, што гэтыя асобы з'яўляюцца плацежаздольнымі, пакідаў свой нумар у якасці тэлефона іх работадаўца. Людзей, на чые пашпарты афармляліся пакупкі, ён падманваў, запэўніваючы, што з розных прычын не можа аформіць гэта на сябе, прытым абяцаў, што будзе спраўна ўсё сам аплачваць.

У выніку даўжнікамі банкаў і крамаў станавіліся, вядома ж, падстаўленыя ім людзі. Такім чынам ён падмануў звыш дзесяці чалавек. У рэшце рэшт усё скончылася тым, што гэты махляр быў прыцягнуты да крымінальнай адказнасці. Нядаўна такія ж схемы былі выяўленыя праваахоўнікамі ў Гомельскай вобласці і ў Мінску. Па азначаных злачынствах ужо распачатыя крымінальныя справы, вінаватыя будуць пакараныя.

Мараль жа сказанага ў тым, што нельга давяраць свае пашпартныя даныя і згаджацца на падобныя схемы, бо, калі растэрміноўка або крэдыт будуць аформлены на вас, расплачвацца за ўсё давядзецца вам.

Здараюцца сітуацыі, калі асобы з алкагольнай залежнасцю, якім ужо ніхто не дасць ніякага крэдыту, самі афармляюць на свой пашпарт і бяруць напракат розны інструментарый, ад балгаркі да шрубавёрта, а затым нясуць і закладваюць яго ў ламбард. Грошы ідуць на выпіўку. Такія «дзялкі», мабыць, разлічваюць, што не будуць прыцягнутыя да крымінальнай адказнасці і ўсё абмяжуецца толькі адміністрацыйным артыкулам. Гэта не так, такія дзеянні падпадаюць пад крымінальны артыкул.

Тэарэтычна з дапамогай скрадзенага пашпарта можна нават перааформіць на іншую асобу кватэру. Але на самай справе кантроль за такімі здзелкамі ў нашай краіне вельмі строгі. Дарэчы, і пры выдачы крэдытаў праверка таксама апошнім часам стала значна больш жорсткай. Таму выпадкі такога махлярства сустракаюцца ўсё радзей, кажа юрыст. Тым не менш яна рэкамендуе не абнародаваць свае персанальныя даныя без асаблівай падставы.

Што рабіць, калі дакумент скралі ці ён згублены?

«Трэба звярнуцца ў РАУС і напісаць заяву аб крадзяжы, — кажа наш эксперт. — У РАУС пасля гэтага вы атрымаеце талон аб рэгістрацыі вашай заявы. Ён будзе з'яўляцца падставай для таго, каб вам пасля выдалі новы пашпарт».

У выпадку згубы пашпарта таксама трэба як мага хутчэй звярнуцца ў міліцыю, каб дакумент унеслі ў спецыяльную базу і прызналі несапраўдным. Тады ніхто не зможа здзейсніць якія-небудзь супрацьпраўныя дзеянні з яго дапамогай, тлумачыць Кацярына Ляўчук. Далей вам будзе выдадзены новы пашпарт. Для гэтага трэба будзе звярнуцца ў органы ўнутраных спраў па месцы жыхарства, у аддзел па грамадзянстве і міграцыі з заявай і аплаціць дзяржаўную пошліну (адну базавую велічыню, якая на сёння складае 25,5 рубля).

Што рабіць у такім выпадку ў іншай краіне?

Фота: chernobylguide.com

Неабходна звярнуцца ў консульскую ўстанову або дыпламатычнае прадстаўніцтва Рэспублікі Беларусь у гэтай краіне. Спіс іх ёсць у інтэрнэце. Калі ў згаданай краіне няма беларускіх дыпламатычных устаноў, прыйдзецца звярнуцца ў бліжэйшую суседнюю дзяржаву або, у крайнім выпадку, у амбасаду Расіі.

У гэтым выпадку вам выдадуць пасведчанне на вяртанне ў Рэспубліку Беларусь. Яно фактычна будзе замяняць пашпарт на час вашага знаходжання за мяжой. А пасля вяртання дадому вам трэба будзе з'явіцца ў аддзел па грамадзянстве і міграцыі з заявай і атрыманым у консульстве пасведчаннем, каб атрымаць новы пашпарт.

Святлана Бусько

Загаловак у газеце: Прад'явіце пашпарт!

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.