Вы тут

Разважанні пасля наведвання выстаўкі ў Брэсцкім краязнаўчым музеі


Пачну, мабыць, з нечаканага і не зусім па тэме. Хаця як паглядзець. Нядаўна ў размове са старшынёй Ружанскага пасялковага Савета між іншым прагучала такая думка: маўляў, што жыць бяспечна можна цяпер толькі ў аддаленай вёсцы ў гармоніі з прыродай. І хацелася б паспрачацца, але, калі задумацца, гэта меркаванне ў наш час мае пад сабой усе падставы.


Ідэя і тэма

Да падобнай высновы прыходзяць многія ў свеце. Прыходзяць рознымі шляхамі. «Паратунак» ад выгод цывілізацыі, да якіх імкнуўся вякамі, чалавек знаходзіць толькі на ўлонні прыроды, там, дзе стагоддзямі амаль нічога не мянялася. Але як сам чалавек паводзіць сябе з навакольным асяроддзем і што яму за гэта ў рэшце рэшт будзе? Такімі ды іншымі пытаннямі кіраваліся арганізатары выстаўкі пад назвай «Чалавек і прырода — саюзнікі альбо
ворагі?».

Назва экспазіцыі хоць і носіць крыху агульны характар, але мае пэную тэму — барацьба з браканьерствам.

Загадчыца сектара «Прырода і экалогія» Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея Наталля МУРЫГІНА, аўтар экспазіцыі, выступіла ў ролі гіда для карэспандэнта. Наталля Анатолеўна расказала, што большая частка экспанатаў вернісажу складаецца з браканьерскіх прылад, якія канфіскавалі супрацоўнікі Дзяржінспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету. Рэдкі выпадак, калі пасля завяршэння выстаўкі яе экспанаты будуць знішчаныя. Ну, хіба толькі кіраўніцтва музея дамовіцца з кіраўніцтвам інспекцыі, каб нешта з прыкладаў незаконных снасцей пакінулі ў фондах для будучых экспазіцый.

Дык вось, своеасаблівым фонам для гэтай сёлетняй выстаўкі стала двухсотметровая сетка ручной работы, якую канфіскавалі на Прыпяці. Фонам, таму што сетку развесілі ўздоўж сцяны, давялося нават загарнуць яе канцы. Гэта класічная браканьерская снасць патрабуе ўмення і майстэрства ў вырабе. Паплаўкі, зробленыя з бярозавай кары, нечым нагадваюць старажытную грамату — бяросту. У такой сетцы могуць заблытацца некалькі чалавек, не кажучы ўжо пра колькасць рыбы. І гэты экспанат, варта сказаць, уяўляе сабой самае гуманнае прыстасаванне для незаконнага промыслу. Тут ёсць заточаныя восці і сачкі, да якіх падведзены самаробныя электрапрыборы. Апошні — вельмі небяспечны інструмент, які губіць усё жывое на сваім шляху. І за яго выкарыстанне прадугледжана крымінальная адказнасць. Ёсць яшчэ капканы, якія нечым нагадваюць сярэднявечныя прылады для катаванняў. Адным словам, прадстаўлены цэлы арсенал сродкаў, якімі чалавек ХХІ стагоддзя губіць прыроду.

Формы і праявы браканьерства

Успамінаю рэйд прыкладна гадавой даўніны з супрацоўнікамі Брэсцкай абласной інспекцыі на азёрах Маларыччыны. Дык вось, на Лукаўскім вадасховішчы сярод белага дня трое злосных браканьераў з лодкі цягнулі адну за адной сеткі з вады. Потым падлічылі: сетак было 14 штук агульнай даўжынёй больш за 800 метраў. За крымінальнымі рыбакамі з засады назіралі інспектары і ўбачанае фіксавалі на відэа. Потым былі затрыманыя двое грамадзян, жыхары суседніх вёсак, раней судзімыя, за іх незаконным заняткам. У мяшках у іх знаходзілася больш за два дзясяткі рыбін і 561 рак. Паколькі шкода, нанесеная прыродзе, мела асабліва буйны памер, справа скончылася судом.

Кіраўнік раённай арганізацыйнай структуры Маларыцкага таварыства паляўнічых і рыбаловаў расказваў пра яшчэ адзін кірунак у браканьерстве, які можна назваць хіба толькі дадатковым пошукам адрэналіну. Ну, скажам так, багаты чалавек бярэ стрэльбу, ідзе ў лес на паляванне без пуцёўкі. Яму тыя 30 рублёў нічога не значаць, але знарок не бярэ дакумент, ідзе на пэўную рызыку, маўляў, вось я такі, вольны ад законаў. Адным словам, браканьерства мае самыя розныя формы і праявы. Пра гэта і расказвалі супрацоўнікі брэсцкай інспекцыі, калі праводзілі сустрэчу з наведвальнікамі выстаўкі. Напрыклад, прыводзіліся такія лічбы: толькі летась у рэгіёне было выяўлена і спынена 127 парушэнняў правілаў вядзення паляўнічай гаспадаркі і палявання, 342 парушэнні правілаў вядзення рыбалоўнай гаспадаркі і рыбалоўства, канфіскавана 78 адзінак паляўнічай зброі і 40 кіламетраў сетак.

Адным з цікавых раздзелаў гэтага вернісажу можна назваць і выстаўку плакатаў, іншай агітацыйнай прадукцыі розных гадоў. Напрыклад, плакат 60-х гадоў мінулага стагоддзя зроблены ў «вожыкаўскай» стылістыцы: «Калі любіш ты прыроду, браканьерам не дай ходу!», іншыя агіткі, варта сказаць, не менш цікавыя. Ёсць і сучасная прадукцыя, а таксама школьныя газеты. Напрыклад, брэсцкая СШ № 10 выпускае газету «Лесавічок». Дзеці заклікаюць не паддавацца спакусе збіраць першацветы, не знішчаць іх.

Прапаганда і агітацыя

Чалавек штогод не толькі знішчае кволыя першацветы, ён ссякае дрэвы ў гарадскім асяроддзі, тым самым робячы горад больш безабаронным. І не адны старыя ды аварыйныя дрэвы церпяць. У патэнцыйных забудоўшчыкаў на ўсё заўсёды знаходзяцца дазволы, абгрунтаванні. У музеі раней працавала дазорцам жанчына, якая жыла ў Паўднёвым мікрараёне. Гадоў дваццаць таму названы былы ваенны гарадок нагадваў парк па колькасці зялёных насаджэнняў. Яна расказвала, што старэйшыя жыхары раёна, грамадскія актывісты нават ноччу дзяжурылі, каб не даць ссекчы асобныя дрэвы. Але дзе там! Сёння гэты раён аброс новабудоўлямі, рознымі аб'ектамі і перастаў быць зялёнай плямай на целе горада. І адбываецца так кругом, з кожным лапікам зямлі ў межах горада. Чалавек наступае на прыроду, не заглядваючы ў будучыню. Таму паветра атручваецца выхлапнымі газамі, выкідамі адходаў прадпрыемстваў, зямля сілкуецца гербіцыдамі. Гэтага нельга зусім пазбегнуць у сучасных умовах, але можна мінімізаваць, хаця б рабіць нейкія крокі на паказаным шляху.

Нядаўна давялося чытаць, што ў свеце атрымлівае распаўсюджанне антынаталізм — сістэма філасофскіх поглядаў, носьбіты якіх негатыўна ставяцца да размнажэння чалавека і лічаць яго неэтычным. Згодна з ідэямі гэтай сістэмы, чалавецтва павінна вымерці, тады Зямлі і жывёлам будзе лепей... Сумная тэорыя, але не скажаш, што поўнасцю пазбаўленая ўсялякага сэнсу.

Дык вось, лепей усё ж заставацца чалавеку ў прыродзе. Таму трэба гаварыць з цяперашнім юным пакаленнем аб адказнасці чалавека за прыроду. Пры любой нагодзе варта спрабаваць дастукацца да іх душы, закласці ў свядомасць хаця б неабходнасць роздуму аб значэнні ўсяго жывога навокал. «Калі бачу спілаванае здаровае дрэва, для мяне гэта як... чалавек забіты», — эмацыянальна даводзіць Наталля Мурыгіна. Яе экскурсію хочацца слухаць.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Чаму саюзнік становіцца ворагам

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.