Вы тут

Прысутнасць Вільнюс. Кніжны форум з беларускім словам


Гэтымі днямі беларуская дэлегацыя ўдзельнічае ў чарговым ХХ Вільнюскім кніжным кірмашы, які пачаў сваю работу 21 лютага.


На адкрыцці стэнда «Кнігі Рэспублікі Беларусь» ужо прайшла прэзентацыя зборніка гісторыка-краязнаўчых нарысаў Міколы Маляўкі «Спадчына, або Каб не стаць манкуртам», які пабачыў свет у выдавецтве «Народная асвета». Пра астатнія падзеі, звязаныя з удзелам беларускіх кніжнікаў у Вільнюскім кірмашы, расказвае рэферэнт упраўлення выдавецкай і паліграфічнай дзейнасці Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь Вікторыя Лукашутэ:

— У першы дзень работы мы прэзентавалі і выданні «Беларускай Энцыклапедыі імя Петруся Броўкі» «Музеі Беларусі» і «Арганы Беларусі». Досыць унікальныя, прадстаўнічыя выданні, якія, на мой погляд, з’яўляюцца сур’ёзным здабыткам у кнігавыданні краіны за апошні час. Мяркую, яны будуць цікавыя і літоўскаму чытачу, а таксама чытачам тых краін, якія прыехалі на выстаўку ў Вільнюс. У чацвер мы ладзілі і круглы стол у гімназіі імя Францыска Скарыны — адметнай навучальнай установе літоўскай сталіцы, дзе гаспадарыць беларускае слова, беларускае асветніцтва. Гімназіі ад імя беларускага ўрада падаравана бібліятэка кніг нашых выдавецтваў. Спадзяюся, што гэта паспрыяе таму, каб да кніжніцы ў навучальнай установе звярталіся і беларусы горада.

Сярод запамінальных прэзентацый на нашым стэндзе — і знаёмства з кнігай беларускага дыпламата Уладзіміра Дражына «Беларусь — Літва: час збліжэння». Удзел у прэзентацыі ўзяў сам аўтар, які доўгі час працаваў Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Літве.

Мы плануем яшчэ наведаць друкарню «Spauda». Правядзём прэзентацыю сур’ёзнага гістарычнага даследавання «Князі Вітгенштэйны і іх уладанні ў Расійскай імперыі у XIX стагоддзі». І адбудзецца гэта ў дырэкцыі рэгіянальных паркаў Павільню і Веркю. Пройдзе рабочая сустрэча з кіраўніцтвам Саюза пісьменнікаў Літвы. Спадарыня Берута Янушкайтэ ў тэлефоннай размове выказала шэраг цікавых прапаноў, якія мы і абмяркуем. А ўвогуле хацелася б часцей бачыць у Мінску літоўскіх пісьменнікаў. Як і часцей бачыць пераклады іх твораў на старонках беларускіх літаратурна-мастацкіх перыядычных выданняў. Лічу, што нам трэба пашыраць прысутнасць і на Вільнюскім кніжным кірмашы. Трэба было бачыць, з якой цікаўнасцю разглядаюць наведвальнікі многія беларускія выданні. Сярод іх — і прыгожа ілюстраванага «Пана Тадэвуша» Адама Міцкевіча ў перакладзе на беларускую мову.

Мікола РАЎНАПОЛЬСКІ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.