Вы тут

Іванава праўда


З чым толькі не асацыюецца вайсковая служба — з кірзавымі ботамі, з жорсткай дысцыплінай і статутам, бясконцымі марш-кідкамі, доўгім чаканнем дэмбеля, радасцю атрымання лістоў з дому ці ад каханай, нават з негалосным падзелам на «дзядоў» і навічкоў. Але толькі не з гумарам... Прынамсі сярод тых, хто сам не пабываў у шэрагах абаронцаў. Менавіта гэты прабел і кампенсуе кніга Сяргея Клімковіча «А ў палку тым жылі-былі...: аповесць і апавяданні», што летась пабачыла свет у сталічным выдавецтве «Чатыры чвэрці».


Аўтар — у мінулым службовец: спачатку шэрагаў Савецкай Арміі, пасля — беларускай, не адзін год спецкар вайсковага часопіса. Таму ўсе гісторыі, асаблівасці армейскага ўкладу, дачыненняў паміж службоўцамі падаюцца з «першых рук». Тым выданне і цікавае, асабліва асобам, далёкім ад вайсковых шэрагаў: можна «знутры» пабачыць свет, куды трапіць не так проста.

Але не толькі на жартах трымаецца цікавасць у творах Сяргея Клімковіча. Яго героі вырашаюць сур’ёзныя праблемы, прычым не толькі службовыя, сутыкаюцца з несправядлівасю, непаразуменнем, хлуснёй. У самых складаных сітуацыях і няпростых умовах яны не страчваюць галоўнае — унутраны стрыжань, які не дазваляе пайсці супраць сумлення, супраць сябе, чаго б гэта ні каштавала.

Пачынаецца кніга з аповесці пад назвай «Прызванне». Чытанне ж лепш пачынаць з кароткіх расповедаў (іх у кнізе — палова аб’ёму) — яны аўтару ўдаліся найлепш. У кожным з іх — роўны лагічна выбудаваны сюжэт, падзеі ўзяты з армейскай паўсядзённасці. Напісаны апавяданні з іскрамётным гумарам, жывой вобразнай мовай, кожнае слова на сваім месцы, нічога лішняга: ні адняць, ні дабавіць. Аўтар інтрыгуе чытача з першага сказа так, што той не ў сілах адкласці чытанне, пакуль не дойдзе да апошняга сказа. Намаляваныя сцэны бачыш перад сабой так, быццам з’яўляешся іх непасрэдным удзельнікам: ці гэта строй салдат, якія маршыруюць пад хіт Фрэдзі Мерк’юры «Show Must Go On!» («Лейтэнант-капітан»), ці навагодняе прадстаўленне, дзе ролю Папялушкі, яе мачахі і сёстраў выконваюць шарагоўцы («Аншлаг»), ці вячэра ў салдацкай сталоўцы, падчас якой на стол невядома як трапляе прыхаваная хатняя пасылка аднаго з навічкоў («Пасылка»).

Аўтар абірае такі ракурс расповеду, што яны не падобныя адзін на другі, хаця пра адно і тое ж — але не становяцца дакучлівымі, наадварот, пры канцы кожнага ўзнікае лёгкае шкадаванне, што ўжо — апошняя кропка...

Інтрыгоўны пачатак мае і ўжо згаданая аповесць: «Если бы у Ивана спросили, когда он заметил эту девушку, он не смог бы ответить», — сказ настройвае на меладраматычныя сентэнцыі. Аднак далей ідзе апісанне службы, розных дробных правінак, якія заўжды маюць месца ў любым вайсковым асяроддзі. Аўтар знаёміць чытача з галоўным героем праз яго адносіны да падначаленых і да саміх армейскіх парадкаў, а таксама да абранай ім дзяўчыны. Прычым робіць гэта з веданнем псіхалогіі: «...нарочито разыгранного непонимания, за которым скрывались обыкновенная трусость и ничем не подкрепленная бравада, Иван ему не простил. Мелкая, безобразная, уживавшаяся с совестью трусость противна всегда, а для Ивана в особенности. Он с непониманием относился к слабостям других, но терпеть не мог, когда эти слабости рядили в фальшивую самоуверенность. И имя этого второго парня Иван навсегда вычеркнул из списка своих друзей.»...

Галоўны герой з першай старонкі заваёўвае сімпатыю чытача. Ён нібыта цалкам станоўчы, нават яго ваганні і адсутнасць цвёрдасці ў пэўных момантах узаемаадносінаў з каханай, якая стала жонкай, апраўданыя — не хацеў псаваць адносінаў...

Аўтар выявіў сябе і як філосафсузіральнік, уважлівы да дробных дэталяў. Адметна, як праз апісанне прыроды пісьменнік вяртаецца да свайго героя: «Стоял жаркий август. Есть в этом месяце что-то неуловимо печальное, несмотря на кажущийся разгар лета. Всего лишь несколько недель отделяло его от дождей, промозглого холода по вечерам и утренних паутинок на траве, покрытой тяжелой росой. Это двоякий месяц. Все в августе жаждало уже осенней прохладцы — и одновременно не желало холодов. Таким же двояким было и настроение Ивана»... На працягу расповеду Іван становіцца сведкам злачынства, якое адбываецца на яго вачах. Не пакрыўджаны розумам і здольнасцямі лагічна мысліць, ён «на раз» раскрывае яго, але... не даводзіць да лагічнага завяршэння: той, чыімі рукамі здзейснілася забойства сваяка, застаецца непакараным законам. Праз маўклівае неўмяшальніцтва Іван дазваляе разбурыць сваю сям’ю... На службе ён становіцца сведкам таго, як судзяць двух шарагоўцаў за тое, у чым яны не вінаватыя. Іван робіць усё магчымае, каб іх апраўдалі, але ж у падобных выпадках найлепшы ход — знайсці сапраўднага віноўніка, а ў аповесці гэтага не адбываецца. Таму на яе завяршэнні застаецца лёгкае неўразуменне: перапляліся тры сэнсавыя лініі — любоўная, дэтэктыўная і побытавая, але ніводная з іх не выпрацавана да сэнсавай кропкі. У рэшце рэшт, Іван апынуўся там, адкуль пачынаў, быццам тыя цяжкасці і праблемы, якія ён пераадольваў, былі патрэбны толькі для таго, каб указаць яму, дзе яго сапраўднае месца: на службе. І новае каханне, якое ён сустракае ў першы ж дзень вяртання, — як узнагарода за правільна зроблены выбар... Шанс перапісаць жыццё «на чыставік». Куды ж падзецца тым, хто застаўся ў чарнавых накідах, — першай жонцы і сыну? Хай Каця пакараная лёсам за сваю несамастойнасць, але ж у чым вінаватае дзіця?..

Канешне, у жыцці падобных выпадкаў колькі заўгодна, але ж у задачы літаратуры не ўваходзіць поўнасцю яго капіраваць... А, мажліва, «пераплятаць» столькі ліній — гэта ўжо аб’ём рамана, а не аповесці...

Яна БУДОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.