Вы тут

Дэпутатам паказалі прыклады паспяховага грамадскага самакіравання


Некаторыя выдатна разумеюць гэтую простую ісціну і не чакаюць, калі прыйдзе хто-небудзь і навядзе парадак у іх пад'ездзе, двары, арганізуе вольны час і ва ўсім дапаможа. Такія гараджане аб'ядноўваюцца ў калегіяльны орган — камітэт тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання (КТГС). Пра тое, колькі такіх у Гомелі і па якіх крытэрыях ацэньваецца іх праца, ішла размова на выязным пленуме старшыняў раённых Саветаў дэпутатаў, на якім пабывалі і журналісты газеты «Савецкі раён».


Фота Вячаслава КАЛАМІЙЦА

Узоры ўдалага супрацоўніцтва мясцовых органаў улады, камунальнікаў і неабыякавых жыхароў дэпутатам паказалі ў Савецкім раёне. Актывіст гарсавета Міхаіл Прус лічыць, што па-за вышэйадзначаным трыумвіратам дасягнуць прыкметных вынікаў наўрад ці атрымалася б, бо вырашаць надзённыя праблемы ўтрымання тэрыторый лепей разам.

— Сродкаў з бюджэту на рамонт двароў выдзяляецца ўсё менш, і добра, калі за іх можна замяніць асфальт. Гульнявое і спартыўнае абсталяванне людзі купляюць ужо за свае асабістыя грошы, а мы яго манціруем, — кажа Міхаіл Прус.

Міхаіл Юльевіч як дырэктар камунальнага прадпрыемства ўжо пераканаўся, што жыхары, якія ўклалі рубель у добраўпарадкаванне двара, не зламаюць арэлі самі і не дазволяць рабіць гэта сваім дзецям.

Сочаць яны і за паводзінамі наведвальнікаў збоку. Прус прывёў прыклад, калі і да яго пры наведванні аднаго з пад'ездаў звярнуліся жыхары з пытаннем, хто ён такі і навошта завітаў.

У такім пад'ездзе сумнеўныя кампаніі з напоямі надоўга не затрымаюцца, а значыць, нічога і не сапсуюць, упэўнены дэпутат гарсавета.

Да таго ж можна ператварыць свой раён у казачны амаль з нічога. Стануць прыдатнымі старыя паддоны і катушкі ад правадоў, згнілыя драўляныя фігуры і састарэлыя кветачніцы з прыпынкаў. Трэба зусім крыху намаганняў, каб прывесці іх у нармальны стан і пафарбаваць. КТГС «Праспект цудаў» так і пачынаў — з рамонту зламанай пясочніцы. А цяпер да іх водзяць экскурсіі.

Пачалі з двароў. Першым на гэта адважыўся КТГС «Кастрычніцкі». Пры арганізацыйнай падтрымцы адміністрацыі і камунальнікаў людзі мадэрнізавалі свае двары, якія за мінулыя сорак гадоў з моманту забудовы хіба што падмяталі. Расказалі пра свой вопыт усяму наваколлю і ў першы ж год занялі другое месца ў абласным конкурсе камітэтаў самакіравання. Гэта натхніла.

На наступны год ужо на ўсю краіну прагучала ўдала рэалізаваная мадэрнізацыя двара за сродкі жыхароў на вуліцы Давыдаўскай. Завадатар добрых спраў разам з суседзямі Ірына Піскун, пад кіраўніцтвам якой велізарны двор паміж 11 шматпавярховымі дамамі быў ператвораны ў спартыўна-забаўляльны цэнтр пад адкрытым небам, разлічаны на дзяцей усіх узроставых груп.

Энтузіязм быў заразлівы, і людзі пайшлі. Капалі, фарбавалі, саджалі дрэвы, здавалі грошы на набыццё спартыўнага інвентару і сертыфікаваных гульнявых комплексаў завадской вытворчасці. Двор знаходзіцца на ўскраіне горада, але цяпер у ім праводзяцца ўсе дзіцячыя святы, у тым ліку раённага маштабу. Бо гэта не закрытая тэрыторыя за высокай агароджай, тут рады ўсім, хто беражліва ставіцца да чужой працы.

У Навабеліцкім раёне аб'ядноўвае людзей дэпутат мінулага і цяперашняга скліканняў Кацярына Мурашка. Яна ўзяла на сябе адказнасць за двор на вуліцы Урыцкага, што ў самым сэрцы раёна. Тэрыторыя вялікая і дазваляе многа чаго добрага зрабіць. Шмат гадоў яна служыла неарганізаванай пляцоўкай для выгулу хатніх жывёл.

У першых жыхароў дома з'явіліся ўнукі, заехалі ў кватэры і новыя сем'і. Пагутарылі паміж сабой, звярнуліся да дэпутата па дапамогу. І бур'ян знік. А замест яго з'явіліся месцы адпачынку для дзяцей і пенсіянераў, размешчаныя пад святлодыёднымі ліхтарамі, якіх тут не было з моманту ўзвядзення дома. Разам пабудавалі спартыўную пляцоўку, зрабілі клумбу для кветак, не пасаромеліся звярнуцца да прадпрымальнікаў па спонсарскую дапамогу.

Зрэшты, разам — гучна сказана. У доме 60 кватэр, а актыўна ўдзельнічаюць у добраўпарадкаванні 25 сем'яў. Астатнія абыякава сочаць за валтузнёй у двары з вокнаў. Што таксама не самы дрэнны варыянт. Міхаіл Прус прызнаўся, што ў кожным двары, які перажыў рэканструкцыю з удзелам жыхароў, ім жа даводзілася сутыкацца з процідзеяннем. Пераважна з боку пажылых людзей, якім перашкаджаюць жыць шчаслівыя дзіцячыя воклічы. У адным выпадку груба аблаялі мастачак, якія ўпрыгожвалі сцены пад'езда. У іншым — бабулі падпілавалі стойкі гульнявога комплексу, трапіўшы пры гэтым у аб'ектыў рэгістратара. Міхаіл Прус параіў не звяртаць на такія выпады ўвагі, інакш станоўчага выніку не дамагчыся.

Вось актывісты і не звяртаюць. Замест гэтага прапануюць новыя ідэі. У КТГС «Алеся» падлічылі, што ў наваколлі жывуць 59 сем'яў, якія выхоўваюць 88 дзяцей-інвалідаў. Цяпер вядуць збор сродкаў на закупку дваровага абсталявання, адаптаванага для заняткаў гэтай катэгорыі падрастаючых жыхароў раёна. Усталююць у тым жа двары на Урыцкага і запросяць усіх ахвотных дзетак, якія змогуць гуляць са сваімі аднагодкамі на роўных.

Старшыні райсаветаў дэпутатаў прынялі атрыманую інфармацыю да ведама, але пажадалі ўбачыць вынікі такой дзейнасці на свае вочы. Гаспадары былі гатовыя да гэтага і вырашылі згуляць на кантрасце.

Жыхары дамоў за афтальмалагічнай паліклінікай сабралі грошы, і цяпер у іх ёсць маляўнічы спартыўна-гульнявы гарадок. А вось два дамы перад паліклінікай ідэю не падтрымалі. Іх жыхарам даводзіцца задавольвацца выбівалкай для дываноў, лаўкамі і сметніцамі. Чыста, акуратна, але ўжо занадта сціпла стала ў іх пасля рамонту.

Сціпла было і на Рэчыцкім праспекце, 77, куды народныя абраннікі адправіліся для знаёмства з гаспадыняй «Праспекта цудаў» Марынай Марціновіч. Гэта тая самая маладая мама, якая сагітавала суседзяў на рамонт згнілай пясочніцы. Атрымаўшы дабро, спыніцца не змагла. Заручыўшыся падтрымкай дэпутатаў Дзмітрыя Нілава, Уладзіміра Рэзнікава і Аляксандра Ганчарова, суседзі спланавалі двор і цэлы год напаўнялі яго новымі элементамі.

Спачатку прыйшлося патраціцца. Збіралі з жыхароў двара па 40 рублёў, але потым частку грошай атрымалі ад спонсараў — прамысловых прадпрыемстваў раёна. Адзін з іх кіраўнікоў казаў, што не даў бы і ржавай трубы, калі б не бачыў, як актывісткі самі з дня ў дзень выходзяць на вуліцу з пэндзлікамі ў руках, а па вечарах іх мужы збіваюць з дошак лаўкі і столікі. Як маглі, дапамагалі і дзеці.

На піку актыўнасці жыхары «Праспекта цудаў» прымусілі паверыць у свой праект нават сталічных жыхароў. Тэрыторыя перамагла ў дабрачынным конкурсе «Сочны дворык», за што атрымала ў падарунак вялікі сучасны гульнявы комплекс.

Дэпутаты прыехалі ў гэты двор акурат да пачатку добрасуседскага свята з канцэртам, роставымі лялькамі і частаваннем усіх ахвотных гарбатай з самавара і хатнімі піражкамі. Пакуль у Савецкім раёне ўсяго пяць двароў, у якіх ладзяцца такія святы. Але іх вопыт паказвае, што грамадскае самакіраванне можа быць паспяховым.

Яўген ЗАХАРАЎ

Загаловак у газеце: Хочаш зрабіць нешта добра — зрабі сам

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.