Вы тут

На старасці жывуць у радасці


Старасць, як кажуць, не ў радасць. Не стае сіл, здароўя ўпраўляцца з хатнімі клопатамі, прапаліць печку, схадзіць у краму. У многіх пажылых людзей дзеці жывуць далёка, не могуць кожны дзень наведваць бацькоў. У кагосьці дзеці пенсіянеры, і ім самім патрэбны догляд. І тады клопат аб састарэлых, нямоглых бярэ на сябе дзяржава.


Кант­роль за ста­нам зда­роўя пра­жы­ва­ючых —  кло­пат мед­сяст­ры Але­ны Се­мя­но­вых.

На базе былой школы ў вёсцы Жажэлка год таму адкрылася аддзяленне кругласутачнага знаходжання для людзей пажылога ўзросту і інвалідаў Смалявіцкага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Будынак знаходзіцца ў ціхім і прыгожым месцы. Чыстае паветра, светлыя прасторныя цёплыя пакоі, дзе пражываюць па тры-чатыры чалавекі. Жыльцы любяць збірацца разам у вялікім холе, каб паглядзець тэлевізар, паспаборнічаць у настольных гульнях, пачытаць газету. І проста пагутарыць, абмеркаваць апошнія навіны, паслухаць выступленне артыстаў, спевакоў, якія прыязджаюць да іх. У аддзяленні створана ўсё неабходнае, каб яно адкрыла новую старонку ў жыцці пажылых.

— На сённяшні дзень тут пражываюць 22 грамадзяніны, якіх абслугоўваюць 11 чалавек персаналу, — расказала загадчыца аддзялення Таццяна Палягошка. — За пажылымі людзьмі прыбіраюць, мыюць іх саміх, іх адзенне і бялізну, пераадзяваюць. Малодшая медыцынская сястра дапамагае ім захоўваць асабістую гігіену. Медсястра кожную раніцу абыходзіць пакоі, кантралюе стан іх здароўя, вымярае крывяны ціск. Калі хтосьці захварэў, калі камусьці патрэбна спецыялізаваная дапамога, то яна выклікае «хуткую», якая дастаўляе пацыента ў раённую бальніцу. Харчаванне добрае, збалансаванае, чатырохразовае.

У аддзяленні жывуць і свае ўнікумы, таленты, народныя самародкі. Таццяна Віктараўна пазнаёміла нас з Пятром Заляшчонкам.

— Добра тут жывецца, у пакоях цёпла, смачна кормяць, ладзяць для нас канцэрты, віншуюць з днём нараджэння, — кажа Пётр Герасімавіч.

Пётр За­ля­шчо­нак, які тут пра­жы­вае, — пер­шы гар­ма­ніст (як і ў ма­ла­дыя га­ды!).

У дзевяноста адзін год мужчына захаваў светлы розум і памяць:

— Нарадзіўся я ў вёсцы Белае Крупскага раёна. Можа, чулі, што адтуль родам касманаўт Уладзімір Кавалёнак. Затым перабраўся ў вёску Слабада, што пад Смалявічамі. Жонка памерла. Унук і ўнучка працуюць, не могуць пастаянна знаходзіцца побач. На лета, можа, пусцяць дадому пагуляць.

На развітанне Пётр Герасімавіч сыграў нам на гармоніку. «Вучыўся сам, па слыху», — заўважыў ён не без гонару. Да Пятра Заляшчонка штодзень наведваюцца сяброўкі з суседніх пакояў, каб паспяваць. І тады паслухаць зладжаны ансамбль збягаюцца з усяго аддзялення.

— Мы пакуль часткова ўпарадкавалі тэрыторыю каля будынка, дзякуючы спонсару паставілі альтанкі. Увесну прадоўжым работы, неабходна дарожкі ўладкаваць, лаўкі, разбіць кветнікі, — дзеліцца планамі Таццяна Палягошка.

А яшчэ жыльцы мараць пра свой агарод, дзе можна было б вырошчваць зеляніну. Многія з іх з сельскай мясцовасці, не могуць жыць без работы. Зімой просяць дазволіць ім расчысціць снег у двары, пасыпаць тэрыторыю пяском. Налета супрацоўнікі аддзялення мяркуюць насыпаць высокія градкі, каб не давялося дужа гнуць спіну выхаванцам. Няхай займаюцца працоўнай тэрапіяй, каму яна не супрацьпаказана.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».