Вы тут

Як развіваецца бізнес у Шумілінскім раёне


Ад Шумілінскага раёна да Расіі, як той казаў, рукой падаць. Канешне, ёсць тыя, хто працуе ў краіне-суседцы. Але ўсё больш мясцовых распачынаюць сваю справу ў родных мясцінах. І сцвярджаюць, што можна нядрэнна зарабляць пры сімвалічных падатках. З тутэйшымі прадпрымальнымі людзьмі пазнаёміўся наш карэспандэнт.


Уладальніца кветкавай крамы Ганна Галуза.

Як з рабочымі месцамі?

Паводле слоў старшыні Шумілінскага раённага Савета дэпутатаў Ірыны Новікавай, сітуацыя не выходзіць за рамкі прагнознай.

— Прынятыя меры летась дазволілі паменшыць каэфіцыент напружанасці на рынку працы з 0,34 да 0,1, выканаць планы па колькасці грамадзян, якіх уладкавалі на новыя рабочыя месцы, накіравалі на прафесійнае навучанне, у тым ліку пад заказ наймальніка... У цэлым выканалі ўсе задачы ў сферы арганізацыі занятасці, — канстатавала кіраўнік органа прадстаўнічай улады.

Усяго летась па дапамогу ў працаўладкаванні звярнулася каля 350 чалавек, з якіх 260 ужо працуюць. У якасці беспрацоўных зарэгістравалі 185, асноўная большасць з якіх таксама працаўладкавана (127 чалавек). У пачатку бягучага года было больш за 80 вакансій — на 7,4 % больш, чым у такі ж перыяд 2018-га. Узровень беспрацоўя на сёння — 0,1 %.

Вельмі запатрабаваныя ветурачы, заатэхнікі, бухгалтары, эканамісты, урачы, фельчары, медсёстры. А трактарысты наогул на вагу золата.

Выбар ёсць заўжды...

Канешне, чалавек мае права выбіраць, дзе яму працаваць. Але калі патрэбныя грошы, дык можна і на грамадскіх работах падпрацаваць. Летась падчас пошуку работы часова было занята больш за 50 тутэйшых жыхароў. З бюджэту для гэтага выдаткавалі 42,6 тысячы рублёў.

У асноўным людзі займаліся добраўпарадкаваннем населеных пунктаў.

Беспрацоўным у райвыканкаме актыўна прапаноўваюць паспрабаваць сабе ў ролі прадпрымальнікаў. Дарэчы, калі ёсць неабходнасць, бясплатна накіруюць на адпаведныя курсы. Яшчэ вялікая падтрымка ў тым, што могуць аказаць бязвыплатную фінансавую дапамогу. Толькі трэба падрыхтаваць і абараніць бізнес-план. Адказныя асобы і гэта дапамогуць зрабіць. Нямала тых, хто самастойна распачаў сваю справу. Так, напрыклад, два беспрацоўныя летась атрымалі фінансавую дапамогу для старту сваіх праектаў у памеры больш за шэсць тысяч рублёў.

Самі сабе гаспадары

Муж і жонка Сяргей і Ірына Бельчанковы — індывідуальныя прадпрымальнікі. Ён першы ў раёне пачаў рамантаваць пасудамыйкі, воданагравальнікі, пральныя машыны. Кажа, што кліентаў шмат. Штомесяц у якасці падатку пералічае дзяржаве базавую велічыню. Дзеля пашырэння кола кліентаў дае аб'явы ў раённую газету. Мужчына імкнецца зрабіць усё на месцы. Калі трэба заказаць неабходную дэталь, звязваецца з пастаўшчыкамі. Апошнія недалёка — у Віцебску. Калі трэба, можа пачакаць з аплатай, і гэта народу вельмі падабаецца.

А Ірына кансультуе фірмы, якія робяць вырабы з драўніны. Сама раней працавала інжынерам у галіне лясной гаспадаркі. Таму ведае ўсе нюансы. Як зрабіць прадукцыю канкурэнтаздольнай, як наладзіць экспарт, аптымізаваць выдаткі — усё падкажа. Падатак залежыць ад таго, колькі заробіць. Але, на яе погляд, вельмі прывабны...

Дама з кветкамі

Вельмі цікава было гутарыць з Ганнай Галузай, якая прадае кветкі. Цяпер яна — індывідуальная прадпрымальніца. Раней была дзяржаўнай служачай, але, калі знаходзілася ў дэкрэтным водпуску, вырашыла, што зоймецца продажам кветак! Праблем з рэгістрацыяй і пошукам памяшкання не было: працуе ў будынку камбіната бытавога абслугоўвання. Плаціць адзіны падатак — 64 рублі ў месяц.

Прызналася, што першае ж святкаванне жаночага дня «адбіла» выдаткі. Нягледзячы на тое што да яе бізнесу ў райцэнтры ўжо існаваў такі ж, да Ганны людзі па пакупкі прыходзяць часта. Ведаюць, што зрэзаныя кветкі па чацвяргах у яе будуць абавязкова. Тавар прывозяць з абласнога цэнтра.

Букеты жанчына прыгожа афармляе: навучылася гэтаму на курсах у Полацку. Прадае паралельна зямлю для кветак, сувеніры, гаршкі. Дарэчы, муж яе таксама дзелавы чалавек: займаецца аптовым гандлем сродкаў абароны раслін. Рэалізуе іх фермерам і гаспадаркам.

Калі ёсць жаданне...

Пазітывам я зарадзіўся падчас размовы з мужам і жонкай Канстанцінам і Святланай Сталяровымі. Святлана калісьці працавала ў фотасалоне. Жанчына расказала, што калі яны з мужам жылі ва Украіне — радзіме яе мужа, у яе з'явілася ідэя: а чаму нельга рабіць аналагічнае, але працуючы на сябе? Па спецыяльнасці ж яна — эканаміст.

Канешне, адукацыя і вопыт працы аказаліся дарэчы. Тым больш што канкурэнтаў у райцэнтры не было. Каб купіць абсталяванне, прадалі аўто. Падатак штомесяц — базавая велічыня. Мужчына цяпер працуе па найме на жонку. Наведвальнікі вельмі хваляць салон. Тут і фота на пашпарт зрабіць можна, і надрукаваць здымкі, і заказаць альбом, аформіць яго прыгожа і гэтак далей.

Задаволена сабой і Людміла Новікава. Такіх называюць самазанятымі. Жанчына — былы гандлёвы работнік. Цяпер зарабляе тым, што робіць прычоскі, макіяж, карэкцыю броваў... Дзяржаве — падатак у памеры базавай штомесяц. Побач працуе Ірына Шавурава, якая робіць педыкюр, — не толькі тутэйшыя, а нават з Віцебска прыязджаюць да яе.

Усе мае наваспечаныя знаёмыя аднагалосна сцвярджалі, што, калі ёсць жаданне, ніякіх праблем з адкрыццём і развіццём бізнесу няма. Калі хочаш, дык працуй на сябе, багацей, аказвай паслугі людзям...

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Загаловак у газеце: Багацейце... за базавую!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».