Вы тут

Што такое іпатэрапія і як гэта працуе


Тут адбываюцца сапраўдныя цуды. Дзеткі са складанымі дыягназамі пачынаюць трымаць лыжку ці аловак, рэагаваць на колеры і гукі, становяцца спакайнейшыя. Мамачкі, якія бачаць такі прагрэс, скачуць ад радасці, яны гатовы падаць у ногі, цалаваць інструктараў і коней. Так, Ягорка, які чатыры з паловай гады амаль не рухаўся, дзякуючы іпатэрапіі пачаў хадзіць. І гэта ўжо з першых заняткаў!


— Інструктар угадаў рытм хадзьбы — такі, з якім хадзіла бы звычайнае дзіця ў чатыры з паловай гады. Крок каня нагадвае крок чалавека. Мозг жывёлы дае сігнал мышцам, такім жа чынам усё працуе і ў чалавека. І, дзіця, калі яно едзе на коніку, быццам атрымлівае падказку, вучыцца кіраваць сваім целам, — расказвае Васіль Сінкавец — гаспадар Green Ranch, дзе праводзяцца заняткі па іпатэрапіі. — Да таго ж дзіця, якое падчас такіх лячэбных заняткаў ляжыць на коніку (ці на спінцы, ці на жывоціку — кожны раз інструктар падбірае розныя позы), расслабляецца, саграецца, бо тэмпература цела жывёлы вышэй, чым у чалавека. Некаторыя малыя пры гэтым засынаюць. Ва ўсіх дзетак, што да нас прыязджаюць, праз некалькі месяцаў заняткаў заўважныя добрыя вынікі...

Рэабілітацыя дзетак з псіхафізічнымі асаблівасцямі — адзін з дабрачынных праектаў «Зялёнага ранча». Ён праводзіцца разам з Цэнтрам карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі Смалявіцкага раёна. І менавіта тут спраўджваюцца надзеі бацькоў дзетак з дзіцячым цэрэбральным паралічам, што іх малым сапраўды змогуць дапамагчы. За два гады ў праекце паўдзельнічала каля дваццаці дзяцей. Хтосьці прыязджае на заняткі пастаянна. Іншыя праходзяць такую рэабілітацыю «курсамі». Праводзяцца заняткі бясплатна. Усе выдаткі на сябе бяруць гаспадары чароўнай фермы. Далучыліся да праекта і валанцёры. Справа ў тым, што, каб правесці адны заняткі, даводзіцца задзейнічаць каля чатырох чалавек. Інструктар-рэабілітолаг займаецца з дзіцем, канявод  вядзе жывёлу, а валанцёры знаходзяцца побач — падстрахоўваюць.

Другая добрая справа Green Ranch — бясплатная школа верхавой язды для дзяцей раёна, пераважна з прыёмных сем'яў. Выхаванцы спартыўнай секцыі ўжо паказваюць добрыя вынікі — у цэнтры нават праводзіліся невялікія спаборніцтвы. Дзеці тут падабраліся цудоўныя. Яны стараюцца не прапускаць заняткі, дамагаюць даглядаць коней. Дзякуючы крытаму манежу заняткі могуць праводзіцца ў любое надвор'е.

Мі­кі­та Па­пен­ка і яго сяб­ра По­кер.

— Наша ранча — гэта дабрачынны праект, — заўважае Мікалай Васілевіч. — Будавалі яго грамадой. У мяне многа сяброў, свіснуў — адгукнуліся. Сабраліся валанцёры з розных краін, некаторыя пры гэтым яшчэ і грошы ахвяравалі. І да гэтага часу да нас прыязджаюць добраахвотныя памочнікі. Так, летам студэнткі — аматары коней дапамагалі. У планах у нас яшчэ пабудаваць сэнсарны сад, ён важны для дзетак...

Green Ranch — сямейная справа, за якую разам з Мікалаем Васілевічам адказваюць яго двое дарослых дзяцей, да таго ж у сям'і ёсць яшчэ адзін «праект дабра» — будаўніцтва дамоў сямейнага тыпу. А ідэю з конікамі падкінула нявестка.

— Мікалай Васілевіч хацеў працаваць на зямлі. Ён падзяліўся сваёй марай з намі — і ўся наша дружная сям'я пагадзілася пакінуць вялікі горад. А ўжо коні — гэта мая мара. Гэта як невылечная хвароба. Памятаю з маленства, як убачыла каня ў парку Горкага, не перадаць тое захапленне, якое выклікала вялікая цудоўная жывёла. І да гэтага часу такое пачуццё не адпускае. Для мяне важна не столькі ездзіць на конях, колькі з імі быць. У іх нейкая энергетыка, яны здольны забіраць на сябе негатыў. Іпатэрапія спрацоўвае яшчэ і таму, што коні моцна ўплываюць на эмацыянальную сферу. У дзяцінстве бацькі мяне не пусцілі ў секцыю: далёка было ездзіць, не было каму вазіць. І далей усё жыццё маё ніякім чынам не было звязана з коньмі, і, здавалася, што яно праходзіць міма мяне, — расказвае Наталля Сінкавец.

Дарэчы, пераезд з Мінска для Наталлі супаў з нараджэннем трэцяга дзіцяці. У той час дзяўчына не магла ўявіць, што ім удасца так маштабна развярнуцца. Яны закупілі коней і пабудавалі стайні для ўтрымання жывёл прыватнікаў. Не было ніякай рэкламы, але на ранча сталі звяртацца людзі з просьбамі ўзяць на пастой і іх коней. А ўсё таму, што на ранча перанялі еўрапейскую мадэль утрымання апошніх. Тут падстройваюцца пад кожнага «пастаяльца» і максімальна ўлічваюць пажаданні гаспадароў. У коней у пастаянным доступе ёсць сена — і яны больш спакойныя (у дзікай жа прыродзе ў жывёл няма «рэжыму харчавання»). Да таго ж кожнаму каню забяспечаны выгул, а сёння не кожная стайня ў Беларусі можа пахваліцца, што ў іх падапечных ёсць магчымасць столькі часу знаходзіцца на свежым паветры. Сёння ў гасцініцы для жывёл няма вольных месцаў. Па просьбах аматараў коней давялося нават дабудоўвацца.

На «Зялёным ранча» заўсёды рады гасцям. Сюды прыязджаюць пакатацца на конях ці на фотасесію з прыгожымі жывёламі людзі з розных куткоў Беларусі (для іншагародніх тут ёсць міні-гасцініца).

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Фота Андрэя САЗОНАВА

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.