Вы тут

На Віцебшчыне чаканая працягласць жыцця павялічылася на 4,2 года


На Віцебшчыне за апошнія сем гадоў чаканая працягласць жыцця павялічылася на 4,2 года і дасягнула 73,7 года. Дарэчы, адпаведныя тэмпы вышэйшыя за сярэднерэспубліканскія. Каэфіцыент смяротнасці летась стаў найлепшым за апошнія 25 гадоў. Пра гэта «МС» расказаў начальнік галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Віцебскага аблвыканкама, член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Юрый Дзяркач.


Старэем, на жаль

Насельніцтва ў Еўропе старэе. І Прыдзвінне — не выключэнне.

— Грамадзян ва ўзросце 65 гадоў і старэйшых — 16,6 працэнта, што перавышае міжнародны паказчык у 2,4 раза. Пры гэтым 16,1 % насельніцтва яшчэ не дасягнула працаздольнага ўзросту (у краіне — 17,7 %)... Між іншым, на Віцебшчыне ўзровень смяротнасці ў працаздольным узросце адзін з самых нізкіх сярод рэгіёнаў, — кажа Юрый Дзяркач.

Цікава, што Віцебшчына — лідар па колькасці тых, каму 100 гадоў з плюсам, — іх больш за шэсцьдзясят.

Летась у вобласці нарадзілася больш за 10,3 тысячы дзяцей, а пазалетась — каля 11,5 тысячы. Прафесар скарачэнне тлумачыць тым, што кожны год у сярэднім па 5,5 тысячы прадстаўніц прыгожай паловы чалавецтва з'язджаюць на вучобу, пераязджаюць, калі выходзяць замуж... Цікава, што ў параўнанні з 2010 годам сярэдні ўзрост маці пры нараджэнні першага дзіцяці павялічыўся з 24,7 да 26,3 года.

Дзякуючы эфектыўнаму кансультаванню змяншаецца колькасць абортаў. Дарэчы, паспяхова быў адпрацаваны пілотны праект па перадачы жаночых кансультацый Віцебска ў склад Віцебскага абласнога клінічнага радзільнага дома. Гэта сярод іншага дазволіла сэканоміць немалыя грошы.

— Улічваючы павышэнне якасці аказання медыцынскай дапамогі і эканамічны эфект, летась гэты вопыт перанялі ў Аршанскім раёне. Там каардынацыя работы акушэрска-гінекалагічнай службы ўскладзена на гарадскі радзільны дом. А на Полаччыне каардынатарам дзейнасці стаў Наваполацкі гарадскі радзільны дом, — працягвае Юрый Дзяркач.

Вельмі запатрабаваныя сярод жыхароў «Школа будучай мамы», «Школа маладых бацькоў». Моладзь ахвотна займаецца валанцёрствам, агітуючы за здаровы лад жыцця. Актывістамі руху «Роўны навучае роўнага» ўжо сталі каля 330 хлопцаў і дзяўчат.

Самая нізкая цякучка

Кіраўнік аховы здароўя вобласці агучыў і такую статыстыку. Сёння на Віцебшчыне функцыянуюць 42 міжраённыя медыцынскія цэнтры, 13 — абласных спецыялізаваных.

— Арганізавана работа адзінага ў краіне перасоўнага медыцынскага дыягнастычнага комплексу,— падкрэслівае прафесар.

Гэтая навацыя прадыктавана самім жыццём, паколькі вобласць — лідар па колькасці населеных пунктаў: іх больш за 6,2 тысячы.

Многае зроблена для зніжэння смяротнасці ад хвароб сістэмы кровазвароту. Іх удзельная вага — 46,8 % — самы нізкі паказчык у краіне. Дзякуючы памяншэнню цяжкасці наступстваў інфаркту і вострага парушэння мазгавога кровазвароту летась атрымалі эканамічны эфект — 542 тысячы рублёў.

Павялічыўся ўзровень дыягностыкі анкапаталогіі на ранніх стадыях. Гэты і іншыя факты дазволілі сэканоміць каля 977,7 тысячы рублёў.

Тое, што не патрацілі, накіроўваецца на паляпшэнне матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння ўстаноў аховы здароўя. Толькі летась на іх будаўніцтва, рэканструкцыю, мадэрнізацыю і рамонт накіравана 48,2 мільёна, пабудавалі 20 аб'ектаў, набылі абсталяванне на 15,9 мільёна рублёў.

Нагодай для гонару можна назваць тое, што на Віцебшчыне самая нізкая ў краіне цякучасць кадраў. За апошнія пяць гадоў адток паменшыўся ў 1,4 раза. Гэта вынік таго, што пачынаючым медыкам прадастаўляюць жыллё, у тым ліку і арэнднае. Напрыклад, летась — 11 спецыялістам.

Аршанскі пілотны праект

— У Аршанскім раёне рэалізуецца пілотны праект інфарматызацыі з выкарыстаннем «воблачных» тэхналогій, — расказаў медык.

Паміж рознымі інфармацыйнымі сістэмамі ажыццяўляецца абмен неабходнымі звесткамі... Для паскарэння і аптымізацыі іх перадачы арганізуецца захоўванне даных пацыентаў і іх медыцынскіх картак цэнтры аднаго з аператараў мабільнай сувязі.

— Выкарыстанне «воблачных» тэхналогій дазваляе размеркаваць нагрузку. Акрамя захоўвання мінімальна неабходнай інфармацыі, цэнтральны вузел выконвае функцыі адміністратара запытаў ад розных устаноў на атрыманне больш падрабязных даных, — тлумачыць Юрый Дзяркач.

Усё гэта дазволіць ажыццявіць хуткі абмен інфармацыяй паміж установамі аховы здароўя і арганізаваць у вобласці адзіную інфармацыйную медыцынскую прастору.

Цікава, што медыкаў забяспечваюць планшэтамі. Імі ўжо карыстаюцца брыгады «хуткай» у Оршы, Мёрах, Верхнядзвінску і ў абласным цэнтры.

Калі гаварыць пра карысць у цэлым ад укаранення высокіх тэхналогій, то праз гэта можна сэканоміць да 10 % выдаткаў.

Па ініцыятыве галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Віцебскага аблвыканкама на тэлеканале «Беларусь 4» рэгулярна выходзіць у эфір праграма «Жыві і будзь здаровы». У ёй бяруць удзел вядучыя ўрачы, прадстаўнікі навуковай медыцыны. Расказваюць пра прафілактыку захворванняў, фактары рызыкі, першыя сімптомы хвароб. Даюць рэкамендацыі, як аказаць сабе і іншым дапамогу ў экстранных сітуацыях. Ёсць цікавая ідэя трансляваць абласны спецыялізаваны медыцынскі тэлевізійны канал.

Аляксандр ПУКШАНСКІ


Што людзі кажуць

«МС»:  — У якіх кірунках вы бачыце перспектыву развіцця рэгіёна?

Глеб Лапіцкі, генеральны дырэктар Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску»:

— Рэгіён, канешне, можа развівацца ў розных кірунках, пачынаючы ад сельскай гаспадаркі, заканчваючы культурай. І, калі гаварыць пра развіццё Прыдзвінскага краю ў сферы культуры, канешне ж, гаворым пра наш «Славянскі базар».

Сёння якраз мы пачынаем продаж білетаў. Сёлета дырэкцыя прыкладвае вялікія намаганні, дарэчы, як і раней, каб з'яўляліся новыя прадстаўленні. Напрыклад, лядовыя шоу, КВЗ-канцэрты, мерапрыемствы для дзятвы і іншае.

Мы плённа працуем з нашымі партнёрамі, каб усе людзі, незалежна ад узросту, змаглі для сябе знайсці нешта цікавае на фестывалі. І робім многае, каб «Славянскі базар» стаў не толькі культурным, але і турыстычным прадуктам.

У наш час актыўна развіваецца падзейны турызм. І мы хочам, каб у яго рамках наш фэст стаў асноўнай падзеяй, якая будзе прыцягваць людзей — тых, хто жыве на Віцебшчыне, і тых, хто прыязджае ў наш цудоўны рэгіён.

Ірына Воранава, дырэктар установы культуры «Музей Марка Шагала ў Віцебску»:

— Лічу, што ў сувязі з адменай віз на 30 дзён для іншаземцаў, у Віцебшчыны, як і ў цэлым Беларусі, добры патэнцыял развіцця ў турыстычным кірунку.

Наконт бязвізу: заўважыла, што музей наш стала па аўторках і серадах наведваць больш немцаў і галандцаў. Напэўна, гэта звязана з адпаведнымі авіярэйсамі ў сталічны аэрапорт. Пры гэтым, дарэчы, купляюць білеты да нас не ў складзе турыстычных груп, а прыходзяць некалькі чалавек або па адным...

А вось кітайскіх турыстаў пакуль не так многа, як хацелася б. Калі летась усяго ў нас было каля 36,7 тысячы наведвальнікаў, сярод якіх 70 % — іншаземцы, з іх толькі 90 кітайцаў!

Мы пастараліся, каб інфармацыю пра музей можна было адшукаць у інтэрнэце і на кітайскай мове. І ў турыстычнай рэкламнай друкаванай прадукцыі, якая бясплатна распаўсюджваецца ў гатэлях і гэтак далей, для нас, канешне, заўсёды ёсць месца.

Безумоўна, імя Шагала вабіць у Прыдзвінскі край многіх. І «шагалаўскі турызм», я ўпэўненая, з кожным годам будзе ўсё больш запатрабаваны і папулярны.

Ведаю, што абмяркоўваецца перспектыва дазволу наведваць Беларусь без візы не толькі праз Нацыянальны аэрапорт. Як вядома, наша вобласць мяжуе з Латвіяй і Літвой. Дык навошта ляцець жыхарам гэтых краін у Мінск, калі мяжа побач? Праз суседзяў і палякам, напрыклад, да нас прасцей прыехаць цераз аўтамабільныя пункты пропуску...

Ігар ЕШЧАНКА, в. а. камерцыйнага дырэктара Аршанскага льнокамбіната:

— Паколькі Орша ва ўсёй краіне асацыюецца са льном, я бачу прыярытэтам развіццё перапрацоўкі і культуры льнаводства ў нашым рэгіёне. Гэтая сфера гістарычна склалася, яе трэба развіваць. Нам ёсць з каго браць прыклад і ў каго вучыцца. Скажам, у Бельгіі, якая значна меншая за Беларусь (уся Бельгія па памерах, як наша Віцебская вобласць), але эканамічна больш развітая краіна. У бельгійскім горадзе Кортрэйк ёсць музей ільну. Гэта падкрэслівае асаблівае стаўленне жыхароў да культуры земляробства, вытворчасці. І гэта паказчык таго, што краіна захавала культуру работы са льном. У нас, на жаль, гэтага няма. Прэзідэнт сказаў, што лён — культура палітычная. Таму задача выпрацаваць такое ж стаўленне ўскладаецца не толькі на наш камбінат і край, а і на ўсю краіну. Што датычыцца ўсёй Віцебскай вобласці, адзначу турызм як перспектыўную сферу.

Жанна АКУЛА, старшыня Мяжанскага сельскага Савета дэпутатаў:

— На мой погляд, перспектыву ўяўляе турызм. Браслаўшчына — гэта прыгожыя мясціны, прырода, разнастайныя мерапрыемствы. Турыстычны бізнес трэба развіваць і ў сферы абслугоўвання. Мы прыгранічны з Літвой, Латвіяй рэгіён. Шмат замежных гасцей адтуль прыязджае, таму шмат увагі трэба аддаваць добраўпарадкаванню. У многіх нашых мясцовых жыхароў там жывуць родныя. Спрыяе і тое, што як у прыгранічнага рэгіёна, на Браслаўшчыне спрошчаны візавы рэжым. Да таго ж, на тэрыторыі нашага сельсавета працуе каля 20 аграсядзіб. Гэта таксама прыцягвае гасцей з нашай краіны і замежжа.

Марыя ДАДАЛКА

Загаловак у газеце: Галоўнае — якасць аказання медыцынскай дапамогі

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.