Вы тут

Як грамадзянін Нідэрландаў стварыў пад Смалявічамі сучасную ферму


Калі праект гэтай мегафермы толькі ўзнік на паперы, мала хто верыў у тое, што яго можна здзейсніць. І тым не менш 30 сакавіка малочнатаварнаму комплексу на 4200 галоў (3600 з іх — дойны статак) спаўняецца тры гады. Гэты комплекс не мае аналагаў на постсавецкай прасторы. Ён уражвае сваімі памерамі, дызайнам, тэхналогіямі. Тут былі апрабаваныя многія новыя ідэі, улічаны здабыткі розных заморскіх фермаў. Мы сустрэліся з дырэктарам філіяла «Смалявічы Дэйрыз» кампаніі ААТ «Смалявічы Бройлер» Марыусам Янам Зодсмам і даведаліся, якім чынам яму ўдалося запусціць такі амбіцыйны праект.


Дырэктар філіяла «Сма­ля­ві­чы Дэй­рыз» Ма­ры­у­с Ян Зодс­ма.

Свежы погляд

Найперш Марыуса запрасілі ў групу кампаній «Сервалюкс». Каб развіваць кампанію, неабходны былі новыя ідэі, новыя людзі. Ведам, вопыту і прапановам Марыуса (да таго, як прыехаць у Беларусь, ён аб'ездзіў усю Еўропу і Амерыку) знайшлося прымяненне ў многіх галінах: ён працаваў на камбікормавым заводзе, быў уцягнуты ў будаўніцтва птушніка, кансультаваў, дапамагаў рэарганізоўваць вытворчасць, наведваў розныя беларускія комплексы, фермы. У тым ліку яго папрасілі прыглядзецца да Смалявіцкай бройлернай фабрыкі, а ў дадатак і да фермаў, якія таксама тут можна было набыць. Адпаведна была просьба скласці пэўны план развіцця па жывёлагадоўлі. А калі праект быў гатовы, генеральны дырэктар і асноўны ўладальнік групы кампаній «Сервалюкс» Яўген Баскін сказаў Марыусу: «Цудоўна, планы ёсць, а зараз нам патрэбны нехта, хто б гэтыя планы здзейсніў».

Марыус прыняў прапанову з адной умовай: кіраваць жывёлагадоўляй і раслінаводствам ён будзе індывідуальна, без памочнікаў.

Трэба сказаць, што на той час мясцовая гаспадарка была стратная. Усе яе актывы былі нічога не вартыя: старыя тэхналогіі, абсталяванне, тэхніка. Давялося паламаць галаву, каб прыдумаць, як далей працягваць работу, які выбраць шлях і як развіць бізнес. Будучы комплекс Марыус спачатку намаляваў у «галаве»...

— Тут было поле з люцэрнай, увечары я прыходзіў, садзіўся ў ім, марыў аб тым, што б мне хацелася зрабіць і як павінен выглядаць новы комплекс, — дзеліцца ён.

Калі карцінка склалася, трэба было прыдумаць, як усе мары пакласці на паперу. Пры стварэнні праекта важна было ўлічыць многа розных нюансаў. І адна з самых вялікіх складанасцяў была ў тым, як усе гэтыя карцінкі ва ўяўленні рэалізаваць, каб яны патрапілі пад усе тыя нормы, правілы, якія існуюць у Беларусі. Пры гэтым Марыус быў упэўнены: кампрамісаў для жывёл не павінна быць. Ферма задумвалася такой, каб у ёй былі ўлічаны ўсе патрэбы кароў. «Шчаслівая карова — шчаслівы фермер», — заўважае Марыус.

Людзі. Планета. Прыбытак

Пры падрыхтоўцы да будаўніцтва будучай фермы была праведзена вялікая «разведвальная» работа. Марыус шмат падарожнічаў. Пабываў у Амерыцы і іншых краінах, шукаў комплексы з прыблізна такім жа пагалоўем, якія працуюць ва ўмовах з падобным кліматам (дзе халодныя зімы і спякотнае лета). Падмячаў цікавыя дэталі, думаў, як гэта спалучыць з уласнымі ідэямі. Комплекс у Смалявічах — якраз і ёсць камбінацыя з падгледжанага вопыту і прыватных вынаходніцтваў. І аналагаў такой ферме ў Беларусі пакуль няма.

Пакуль новы комплекс толькі будаваўся, на старых фермах быў запушчаны працэс па іх абнаўленні, закладваліся новыя тэхналагічныя рэчы. Мянялася кармленне, кармавая база, іншымі сталі падыходы да абнаўлення статка.

— Малочная жывёлагадоўля без такой базы немагчымая, — упэўнены Марыус. — Ёсць толькі адзіны варыянт для таго, каб выжыць. Немагчыма паўплываць на кошт рэалізацыі прадукцыі. Але калі рынкавы кошт складана нівеліраваць, трэба шукаць іншыя шляхі. На што можна сапраўды паўплываць — дык гэта на сабекошт. А паколькі мы з'яўляемся прыватнай кампаніяй, інтарэс у нас, безумоўна, адзіны — зарабляць грошы. Я не кажу: «Як мага болей». Важна зарабляць іх дастаткова, каб была магчымасць іх інвеставаць. Безумоўна, калі мы не будзем столькі зарабляць, мы не зможам укладаць іх у далейшае развіццё. Да таго ж грошы патрэбны, каб ашчаслівіць уласніка, каб ён бачыў, што ўкладанні даюць вынікі.

Але не трэба забывацца і на іншыя аспекты, якія звязаны з дзейнасцю комплексу. Тут вырашаецца шэраг дадатковых задач. Так, ствараюцца рабочыя месцы. Адзначым, што ферма ў Смалявічах — адна з самых буйных у Беларусі.

Апе­ра­тар ма­шын­на­га да­ен­ня Ека­ця­ры­на СУ­РА­ВІЦ­КАЯ пра­вя­рае аб­ста­ля­ван­не для дой­кі.

— У англійскай мове ёсць тры «Р»: Реорlе. Рlаnеt. Рrоfіt (Людзі. Планета. Прыбытак). Гэта аснова, закладзеная тут, — тлумачыць Марыус. — Мы стараемся падтрымліваць навакольнае асяроддзе, каб усё было ў чыстаце, парадку і гэтак далей. Тыя ж кармы залежаць ад зямлі. Адпаведна, мы павінны паклапаціцца, каб яна знаходзілася ў добрым стане, каб мець магчымасць з яе нешта атрымліваць. Выдатныя кармы неабходныя, каб вырабляць малако высокай якасці. Прыбытак з яго продажу размяркоўваецца, каб людзі маглі добра жыць...

— А ці даводзілася мяняць людзей, каб яны «ўпісаліся» ў гэту сістэму, навучыліся працаваць па новых правілах?

Жывёлавод Таццяна ШКРЭД і яе гадаванцы каля паілкі.

— Гэты працэс і цяпер не спыняецца. Людзі пастаянна вучацца... У сваю чаргу мы шукаем нейкія падыходы для таго, каб іх задаволіць. І гэта вельмі складанае пытанне. Пастаянна ідуць размовы наконт менталітэту людзей. Што адбываецца і чаму менавіта так? Як матываваць людзей? Напрыклад, ім можна заплаціць больш высокі заробак. Гэта добра, але спрацуе на працягу двух месяцаў, і праз некаторы час людзі будуць хацець яшчэ большых грошай. Можна набываць найноўшае абсталяванне, тэхніку, і зноў-такі эфект будзе дзейнічаць толькі некалькі месяцаў...

Марыус усё яшчэ працягвае шукаць ключык да сэрца беларусаў, хоць у гаспадарцы ўжо вельмі многа зроблена для работнікаў. Выраслі заробкі. Памяняліся ўмовы, больш стала механізаванай працы. Новыя тэхналогіі значна спрасцілі жыццё работнікаў. Напрыклад, калі раней аператарам машыннага даення даводзілася нахіляцца пад жывёлу, каб замацаваць апарат, сёння ім дастаткова проста працягнуць руку, каб выканаць тую ж аперацыю...

Аў­та­ма­ты­за­ва­ная да­іль­ная ўста­ноў­ка «Ка­ру­сель».

Ферма прасторная і светлая, праз вялізныя вокны можна глядзець на вуліцу. У летні перыяд усё адчыняецца, людзі працуюць на свежым паветры. Падлога заўсёды падаграецца, каб тут было суха і камфортна людзям.

— Умовы працы змяніліся. Тут ёсць і душавыя, і мікрахвалёўкі, пакой, дзе можна паесці. Стаяць і пральныя машыны, брудную вопратку ўжо не трэба несці дамоў, можна памыць тут, — падказвае старшы аператар па машынным даенні Жанна Крупская. Жанна Міхайлаўна — адзін з самых вопытных работнікаў, пачынала сваю дзейнасць яшчэ ў калгасе ў 80-х гадах. Сёння разам з ёй на новым комплексе працуе яе дачка.

З ра­бо­ча­га мес­ца стар­ша­га апе­ра­та­ра ма­шын­на­га да­ен­ня Жан­ны КРУП­СКАЙ доб­ра ві­даць ка­ру­сель для да­ен­ня.

Можна яшчэ сказаць пра сацыяльны пакет, кожны месяц людзі атрымліваюць дапамогу на харчаванне. Ёсць у гаспадаркі і жылы фонд, спецыялістам, якія сюды прыязджаюць з іншых раёнаў, дапамагаюць з жыллём.

Простая арыфметыка

— І ўсё ж мара, якая ўзнікла ў полі люцэрны, здзейснілася цалкам?

— Так, і гэта каштавала вялікіх намаганняў. Даводзілася многа пісаць, тлумачыць, даказваць, чаму тэхналагічна ўсё павінна быць так, як задумана намі.

Праблема была яшчэ і ў тым, што ў Беларусі такіх праектаў не існуе (падобныя фермы можна знайсці ў Злучаных Штатах, у Расіі). І тут выкарыстана багата розных навінак. Адно з адрозненняў фермы — каровы ўтрымліваюцца на пяску. Вядома, што правільны выбар падсцілкі забяспечвае жывёлам камфортны адпачынак, зніжае рызыку захворванняў. І сёння ўжо даказана, што пясок — адзін з найлепшых варыянтаў. Да таго ж ён таннейшы за іншыя. Напрыклад, тыя ж матрацы (гумавыя падсцілкі) неабходна праз некаторы час мяняць.

Апе­ра­тар ма­шын­на­га да­ен­ня Анд­рэй БІ­КЕ­ТА за ра­бо­тай.

Тут іншае, чым на астатніх фермах, асвятленне і сам колер святла. Уражваюць аб'ёмы, яны большыя за тыя, што мы прызвычаіліся бачыць. Самі стойлы для жывёл больш шырокія і доўгія. Тое ж з шырынёй праходаў, калідораў. Напрыклад, калі карова стаіць каля кармавога стала, яе ніхто не чапае. Калі якая рагуля выходзіць са стойла, накіроўваецца паесці, яна не перашкаджае іншым. Тое ж і з піццём, ніхто нікога не зачэпіць, бо прасторы дастаткова. Каровам камфортна. Поўная адсутнасць стрэсу!

Нам тлумачаць, чаму пагалоўе фермы — 4200 галоў. Гэта невыпадковая лічба. Столькі можна максімальна падаіць на адной каруселі. Менавіта да аптымальнага часу даення прывязана колькасць кароў. Так, за гадзіну на каруселі дояць тры сотні кароў. Пасля рагулі вяртаюцца ў сваю групу.

Таксама тут улічваецца, што жывёлы не любяць сваёй галавой ляжаць да сцяны ці насупраць яе. Таму і стойлы размяшчаюцца ў цэнтры, а не ўздоўж сцен. Кароўкі ляжаць у цэнтры секцыі пыса да пысы.

Усе нюансы ўлічваюцца і адпаведна адсюль вылічваюцца даўжыня, шырыня, вышыня кароўніка...

Таксама вядома, колькі кароў неабходна мець, каб максімальна загрузіць карусель. Доіцца звычайна 85 працэнтаў плюс яшчэ 15 працэнтаў маецца сухастойных кароў. Вось такая арыфметыка і прыводзіць да лічбы ў 4200... Персанальнае вынаходніцтва Марыуса — цэх сепарацыі пяску.

— Кожны дзень на галаву неабходна падсыпаць каля трох кілаграмаў свежага пяску. Калі яго ніяк не ачышчаць і не вяртаць назад, бясспрэчна, пясок давядзецца недзе здабываць. І гэта няправільна, дрэнна для навакольнага асяроддзя, — тлумачыць дырэктар філіяла «Смалявічы Дэйрыз». — Было прынята рашэнне, калі мы збіраемся выкарыстоўваць пясок на пастаяннай аснове, нам неабходна станцыя па яго ачыстцы. 95 працэнтаў пяску мы ачышчаем і вяртаем назад на комплекс і толькі пяць працэнтаў свежага пяску нам даводзіцца падвозіць. Адпаведна ўплыў на навакольнае асяроддзе мінімальны.

— А як вы працуеце з зямлёй? Як атрымліваеце кармы?

Жы­вё­ла­вод Ва­лян­цін ЗА­БЕЛ­ІН по­іць ця­лят ма­ла­ком.

— У першую чаргу былі закуплены добрыя апырсквальнікі, каб дазіраванне прэпаратаў, дазволеных у Беларусі, здзяйснялася канкрэтна ў той прапорцыі, дозе, якая дазволена і павінна быць: каб не больш і не менш. Кантраляваць гэты працэс можна пры дапамозе камп'ютара, у яго заносяцца ўсе звесткі. Мы знізілі колькасць хімічных угнаенняў да мінімуму, з другога боку, аптымізавалі ўнясенне арганічных угнаенняў, такіх як курыны памёт і каровін гной. Сёння мы эканомім каля 75 працэнтаў на хімічных угнаеннях. У далейшым плануем знізіцца да нуля.

Мы не робім узорванне зямлі, а выкарыстоўваем дыскатары, культыватары. Імкнёмся мінімізаваць колькасць тэхнікі на палях, каб не ўтрамбоўваць глебу, ездзіць толькі там, дзе трэба, і не болей, за раз рабіць некалькі аперацый. Напрыклад, задыскавалі — і тут жа пасеялі адным агрэгатам. Такім чынам атрымліваецца вялікая эканомія на паліве, тэхніцы, а самае галоўнае — глебе не наносіцца ўрон. Напрыклад, звычайна пры ўзорванні трыццаць сантыметраў глебы верцяць-круцяць. Зараз дзякуючы новым тэхналогіям там усё жывое, чарвячкі, казяўкі жывуць, «зямля дыхае». А яшчэ мы памянялі культуры, вырошчваем добрыя сарты траў і такім чынам імкнёмся паляпшаць нашы вынікі.

«Атракцыён» для рагуль

Для нас праводзяць экскурсію па ферме, падчас якой мы даведваемся пра асобныя яе сакрэты. Натуральна, найперш мы выпраўляемся паглядзець, як сучасныя тэхналогіі дапамагаюць змяніць даенне кароў. Паназіраць за прымяненнем аўтаматызаванай даільнай устаноўкі «Карусель» можна зверху праз шкло, што вельмі зручна — так ніхто не патурбуе жывёл.

На комплексе забаронена прымяняць сілу да жывёл. Кароў ніхто не штурхае, не падганяе, не крычыць на іх. Жывёлы тут павінны ўсё рабіць самі. І на карусель яны заходзяць самі. Праехалі кароўкі круг — і падаіліся, пасля чаго зноў жа самастойна вяртаюцца ў сваю секцыю. Асобным рагулям такі атракцыён спадабаўся, і трэба сачыць за тым, каб «дамы», якія любяць катацца, вярталіся ў свае стойлы.

Пра тое, што жывёлам тут камфортна, могуць расказаць розныя фактары. Калі карусель чыстая, значыць каровак нішто не хвалюе, і наадварот, калі б тут быў гной — гэта б азначала, што жывёла нервуецца. Скура жывёл блішчыць — значыць, усё ў іх добра. «Жывёлам камфортна — яны шчаслівыя. І я шчаслівы. Калі ж ім з нейкай прычыны кепска, то я тым больш расстроены», — прызнаецца Марыус.

— А як камфорт уплывае на надоі?

— Адзін-два літры плюс на галаву дае. Тут трэба многае ўлічваць. Калі жывёла недастаткова добра харчуецца, адпаведна ёй будзе кепска, яна можа нервавацца і на каруселі. Уплываць могуць на яе і паводзіны чалавека.

Маленькія сакрэты вялікай фермы

Нам паказваюць яшчэ адно вынаходніцтва — сістэму ахалоджвання малака. Яно паступае па спецыяльных трубах з тэмпературай у 30 градусаў. Тут малако ахалоджваюць вадой да тэмпературы 15 градусаў. У дадатак халодная вада пры гэтым ад малака крыху награецца, і пасля яна ідзе на паенне кароў. У выніку атрымліваецца нядрэнная эканомія на энергарэсурсах. Таксама на комплексе ўсталяваны чылер, які дазваляе далей ахалоджваць малако, да тэмпературы  3 градусы. Зразумела, такія тэхналогіі дазваляюць атрымліваць прадукцыю больш высокай якасці.

Ёсць тут і свае сакрэты па кармленні жывёл, пра якія расказвае намеснік дырэктара філіяла Святлана Лукашонак.

Намеснік ды­рэк­та­ра філіяла Свят­ла­на Лу­ка­шо­нак.

Кармы нарыхтоўваюць самастойна (безумоўна, не абыходзіцца і без пакупных элементаў). У меню каровак — сянаж, кукурузны сілас, кукурузу яны атрымліваюць у розным выглядзе (яе плюшчаць, робяць з яе муку), такім жа чынам працуюць і з зернем. Пэўным шляхам апрацоўваючы пшаніцу, атрымліваюць дастаткова нядрэнны прадукт, які дадаецца ў корм. Рацыёны рагуль загружаюцца ў камп'ютар, і механізатары, глядзячы на экран, кормяць пэўную групу жывёл. Дакладна распісаны інгрэдыенты, колькі кожнага неабходна дадаць. Штодзень жывёлы атрымліваюць адно і тое ж — якасць кармоў не мяняецца на працягу года, заўсёды застаецца высокай.

Па-іншаму тут адбываецца закладка сенажу. Калі звычайна ён паступае ў сіласныя траншэі, ямы, то на комплексе ў Смалявічах выкарыстоўваюцца пластыкавыя рукавы, задзейнічаны спецыяльныя машыны.

Наогул тут багата розных навінак, і гэта не тое, што агульнапрынята і часта сустракаецца на іншых фермах. Можна доўга гаварыць пра розныя дэталі, выкарыстаныя падчас будаўніцтва, нюансы па вентыляцыі, утрыманні, кармленні жывёл.

Таму сюды часта прыязджаюць па ідэі і парады калегі ці тыя, хто толькі збіраецца будаваць новыя комплексы. Тут былі госці з Расіі, Галандыі, Сірыі, Ірана, Кітая.

Паказалі нам і вёску для цялят — усяго тут вырошчваюць іх каля васьмі сотняў. Палова з іх цялушкі, якія, як падрастуць і стануць даваць малако, змогуць «пакатацца» на каруселі...

Краіна для кароў

Марыус пастаянна знаходзіцца на ферме. Ён сустракаецца, гутарыць з людзьмі, часта ў яго галаве нараджаюцца новыя ідэі, якія ён спрабуе праводзіць у жыццё.

— Для мяне вельмі важна, што «Сервалюкс» дазваляе развіваць той кірунак, за які я адказваю. Менавіта такая свабода і неабходна для руху, — заўважае Марыус. — Кожны дзень трэба шукаць новае, не стаяць на месцы. Самае вялікае адрозненне нашай фермы ад іншых — мы ўвесь час нешта спрабуем. Але гэта не значыць, што ў нас заўсёды ўсё добра атрымліваецца. Калі навінка не пайшла, вяртаемся да старых тэхналогій.

Ён упэўнены, што без гэтага немагчыма было б ісці наперад. І верыць, што ў нашай краіне ёсць фермеры, якія здолелі б таксама дасягнуць добрых вынікаў, ім толькі патрэбны глыток свежага паветра, сіла волі. Самае галоўнае — навучыцца марыць, ставіць мэты і дабівацца свайго.

Навінкі, інавацыі — гэта рухавік прагрэсу. Але часам трэба не баяцца і рызыкаваць, памыляцца.

На ферме ў Смалявічах паспрабавалі цікавы эксперымент. Нягледзячы на шматлікія рэкамендацыі аб тым, што цялят трэба ўтрымліваць асобна, тут паспрабавалі іх групавое ўтрыманне пад тэнтамі — і дасягнулі заўважных поспехаў. Малыя разам хутчэй растуць, адзін аднаго стымулююць. Калі якое цяля пайшло паесці сена, за ім цягнецца іншае. Аднаму захацелася пакаштаваць камбікорм, а за ім — уся група.

Натуральна, у такой гаспадарцы, дзе гатовы эксперыментаваць і адкрыты новым ідэям, цікава працаваць. І тут заўсёды будуць рады маладым і амбіцыйным спецыялістам, якія хочуць развівацца і адкрыты ўсяму новаму. На сёння ёсць некалькі вакансій. У тым ліку для механізатараў і ветэрынараў.

Мы пацікавіліся на ферме і пра тое, якія веды сёння патрэбны маладым спецыялістам, якія плануюць працаваць у сельскай гаспадарцы. Бясспрэчна, у студэнтаў павінна быць больш практыкі. Навучальныя ўстановы павінны ісці ў нагу з часам. Ніхто не кажа, што трэба глядзець менавіта на Захад. У свеце шмат новых тэхналогій, метадаў, і за імі трэба сачыць. Таму вялікае значэнне мае валоданне замежнымі мовамі, гэта дазволіць праглядаць інфармацыю ў інтэрнэце, самаразвівацца.

— Калі б у сябе на радзіме вам прапанавалі ствараць ферму, ці змаглі б вы там рэалізаваць падобны праект?

— На жаль, у Галандыі гэта немагчыма зрабіць. Там максімальнае пагалоўе па ўсіх пэўных законах і патрабаваннях не больш за 100—200 галоў. Не было б магчымасці пабудаваць падобную ферму. У Беларусі выдатны клімат, тут можна вырошчваць добрыя кармы. Ёсць месца, дзе можна будаваць так, каб нікому не перашкаджаць, не наносіць урон наваколлю. Беларусь — гэта краіна для кароў. Таму ідэальнае месца для маёй дзейнасці.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ, Алена ДАЎЖАНОК

Фота Андрэя САЗОНАВА

УНП 600046788

*На правах рэкламы

Загаловак у газеце: Тры англійскія літары «Р» або Што неабходна ўлічваць пры стварэнні сучаснай фермы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Прэтэндэнты на студэнцкі білет здалі тэст па матэматыцы

Прэтэндэнты на студэнцкі білет здалі тэст па матэматыцы

Пазнаць у гарадскім натоўпе абітурыентаў можна без праблем.

Грамадства

Як жывуць апошнія жыхары вёскі Вясневічы

Як жывуць апошнія жыхары вёскі Вясневічы

Галоўная славутасць Вясневічаў, яе жывая гісторыя — 96-гадовы Аляксей Юркевіч.

Культура

Наталля Батракова: Чытачы пішуць, што мае героі нібыта працуюць у суседнім офісе

Наталля Батракова: Чытачы пішуць, што мае героі нібыта працуюць у суседнім офісе

З Наталляй Батраковай мы сустрэліся на адкрыцці абноўленай кнігарні «Светач», што на сталічным праспекце Пераможцаў, 11.