Вы тут

​На прамой лініі да Наталлі Якубіцкай звяртаюцца з разнастайнымі пытаннямі


На тэлефонныя лініі, што праводзіць старшыня Мінскага абласнога Савета дэпутатаў Наталля Якубіцкая, людзі звяртаюцца з самымі разнастайнымі пытаннямі: па добраўпарадкаванні, навядзенні парадку на зямлі, уладкаванні дарог, могілак, рамонце дамоў, па рабоце камунальных службаў і спажывецкай кааперацыі. Аднак ёсць пытанні, якія адразу не вырашыш, неабходны час, каб на месца выехалі спецыялісты, вывучылі сітуацыю. Ды і звароты, шчыра кажучы, часам бываюць спецыфічныя, далікатныя. Асабліва тыя, што датычацца чалавечых стасункаў, зямельных адносін. За кожным з іх — боль, крыўда, слёзы і нават лёс канкрэтнага чалавека.


Напрыклад, жыхар Пухавіцкага раёна Уладзімір Міхайлавіч паскардзіўся, што яго пабіў дачнік, канфлікт выйшаў з-за сабакі. Наталля Якубіцкая даручыла разабрацца ў сітуацыі адпаведным органам. Пухавіцкі раённы аддзел унутраных спраў правёў праверку, высветліў усе абставіны канфлікту, склаў на грамадзяніна пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні. На аснове яго раённы суд вынес рашэнне аб спагнанні штрафу ў памеры 500 рублёў з чалавека, які распусціў рукі ў дачыненні да пенсіянера. А 25 студзеня гэтага года ўчастковы інспектар міліцыі правёў праверку па факце выгулу сабакі без намордніка і павадка і склаў адміністрацыйны пратакол за парушэнне правіл утрымання хатніх або драпежных жывёлін, які накіраваны для разгляду ў адміністрацыйную камісію Пухавіцкага райвыканкама.

Міхаіл Сафонавіч з Барысава паскардзіўся, што ў яго кватэры са столі капае вада па прычыне няспраўнасці вентыляцыі. Яму паабяцалі яшчэ ў кастрычніку мінулага года выправіць недахопы, але так нічога і не зрабілі. Наталля Якубіцкая даручыла выехаць на месца зацікаўленым службам і дапамагчы чалавеку. У выніку работнікі жыллёва-камунальнай гаспадаркі ўцяплілі трубаправод сістэмы цэнтральнага ацяплення і гарачага водазабеспячэння дома, замянілі сістэму каналізацыі ў першым пад'ездзе. Выканалі і іншыя работы: ушчыльнілі дзвярны блок у падвале, дзе знаходзіцца цеплавы вузел і ўладкаваны вентыляцыйныя адтуліны, у трэцім пад'ездзе. У далейшым работнікі ўнітарнага прадпрыемства «Жыллё» паабяцалі кантраляваць тэхнічны стан дома. У выпадку, калі гэта запатрабуецца, яны звернуцца ў спецыялізаваную арганізацыю, каб выявіць і ліквідаваць дэфекты.

Калі Галіна Аляксандраўна з Узды ляжала ў бальніцы, суседка абрэзала яе яблыню. Жанчына палічыла, што такія дзеянні неправамерныя. Дарэчы, раней паміж суседзямі былі зямельныя спрэчкі. Наталля Якубіцкая адрасавала запыт старшыні Уздзенскага райвыканкама Сяргею Савіцкаму і старшыні райсавета Ігару Пятровічу. На месца выехалі спецыялісты. Яны растлумачылі бакам, што 2 ліпеня 2009 года ўступіў у дзеянне новы Тэхнічны кодэкс практыкі. Згодна з ім, на дрэвы, якія высаджаны да яго прыняцця, новыя правілы не распаўсюджваюцца. Яблыня на ўчастку Галіны Аляксандраўны з'вілася раней гэтага тэрміну. Тым не менш, гаспадыні неабходна было абрэзаць галіны з боку надзела суседзяў. Уладальніца сумежнага ўчастка ацерабіла дрэва, якое належыць заяўніцы, толькі са свайго боку. Галіне Аляксандраўне параілі звярнуцца ў праваахоўныя органы, паколькі гэтыя пытанні адносяцца да грамадзянска-прававых адносін.

Дадам, што да старшыні абласнога Савета дэпутатаў звяртаюцца не толькі з праблемамі. Людзі тэлефануюць, каб павіншаваць са святамі, падзякаваць за працу, за тое, што адстойвае інтарэсы жыхароў Міншчыны.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Загаловак у газеце: ​Выслухаць і дапамагчы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».