Вы тут

Камунальнікі фарміруюць не толькі свой імідж, але і імідж раёна*


Лічыць дырэктар КУП «Смалявіцкая ЖКГ»

Сферу жыллёва-камунальнай гаспадаркі не лае хіба што самы лянівы. У доме прапала святло — вінаваты электрык, у кране няма вады — гэта віна слесара-сантэхніка. Сапраўды, апошнім часам спажыўцы паслуг сталі больш патрабавальнымі, прывыклі да камфорту. І нават дробязная праблема, якую нескладана вырашыць, становіцца повадам да незадаволенасці. Разам з тым ніхто са спажыўцоў не здагадваецца, колькі чалавечай працы, намаганняў укладзена ў тое, каб у нашых дамах было ўтульна. Аляксандр Аксяновіч літаральна паўгода як прызначаны дырэктарам камунальнага ўнітарнага прадпрыемства «Смалявіцкая жыллёва-камунальная гаспадарка». Пры сустрэчы Аляксандр Уладзіміравіч падаўся мне шчырым, адкрытым чалавекам, добрым гаспадарнікам, які ведае, як вырашаць праблемы, валодае якасцямі лідара.


Нельга абняць неабдымнае

Кі­раў­нік ка­лек­ты­ву  Сма­ля­віц­кай ЖКГ  Аляк­сандр Ак­ся­но­віч.

Сёння на жыллёва-камунальную сферу ўскладзены шматлікія функцыі. Яны разнастайныя і шматгранныя. У першую чаргу — гэта цеплазабеспячэнне жыллёвага фонду і юрыдычных асоб. У агульным аб'ёме вытворчасці цяпло займае 85—90 працэнтаў. Акрамя таго, прадпрыемства займаецца абслугоўваннем і рамонтам дарог, жылых дамоў, у тым ліку бягучым і капітальным, вулічным асвятленнем, добраўпарадкаваннем, азеляненнем, зборам цвёрдых камунальных адходаў і другасных матэрыяльных рэсурсаў. Апошняму кірунку сёння аддаецца найбольш значная ўвага.

Праблемы ў сферы ЖКГ назапашваліся яшчэ з савецкіх часоў. Асноўныя — добраўпарадкаванне, рамонт жыллёвага фонду і абслугоўванне дарожнай сеткі. Гэта галаўны боль не толькі Смалявіцкага раёна, але і Мінскай вобласці, краіны.

— Мы разумеем, што гэтыя паслугі фарміруюць імідж раёна, улады, камунальнікаў, — лічыць Аляксандр Аксяновіч. — Мы прааналізавалі скаргі, заяўкі нашых жыхароў, вылучылі першачарговыя моманты, аспекты сваёй дзейнасці. Прыйшлі да высновы, што нельга распыляцца, нельга абняць неабдымнае. Перш за ўсё неабходна закрыць мінімальныя базавыя праблемы, каб у людзей у кватэры элементарна не прамярзала сцяна, не працякаў дах над галавой. Латанне дзірак — гэта не выхад з сітуацыі. Да рамонту кожнага праблемнага дома падыходзім комплексна, так бы мовіць, з самага нізу да верху, мяняем сістэмы водазабеспячэння, ацяплення, дахі, вокны. Пры жаданні жыльцоў і пры іх долевым удзеле можам правесці цеплавую рэабілітацыю дома, адрамантаваць пад'езд. Вядома, пры згодзе на правядзенне работ усіх жыхароў. Але, як сведчыць практыка, не заўсёды атрымліваецца сабраць неабходную колькасць ахвотных. На бягучы рамонт жылфонду сёння нам патрабуецца 550 тысяч рублёў, на капітальны рамонт — 1300 тысяч рублёў. Усяго ж запланавана адрамантаваць 9,5 тысячы квадратных метраў.

Па рашэнні Мінаблвыканкама вуліцы населеных пунктаў, якія раней абслугоўвалі дарожныя службы, перададзены на баланс жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Калі Смалявіцкая ЖКГ утрымлівала 150 кіламетраў дарог, то сёння з'явілася дадаткова яшчэ 230 кіламетраў вуліц у населеных пунктах. Прычым фінансаванне на гэтыя мэты засталося на ранейшым узроўні.

Цяпло з мінімальнымі выдаткамі

Сёння ёсць даручэнне кіраўніка дзяржавы ў перспектыве прыйсці да мінімальнага сабекошту паслуг цеплазабеспячэння, канкрэтна — 80 рублёў за гігакалорыю. Гэта даволі складана, таму што фінансавыя выдаткі павінны быць значнымі. Цяпер можна эканоміць шляхам замены кацельняў на больш эфектыўныя і ў той жа час меншай магутнасці. Справа ў тым, што дзесьці змяншаецца колькасць спажыўцоў і спажывання. Напрыклад, пасля правядзення цеплавой рэабілітацыі будынкаў, пракладкі новай цепласеткі расход ацяплення змяншаецца, адпадае патрэба ў празмернай магутнасці кацельняў.

Ман­таж но­ва­га аб­ста­ля­ван­ня ў ка­цель­ні Сма­ля­ві­ч. На пя­рэд­нім пла­не — ман­таж­нік  Ана­толь Міх­нюк, на­чаль­нік ка­цель­ні Мі­ка­лай За­друц­кі, звар­шчык Ана­толь Дра­гу­лен­ка.

— Паралельна пераходзім на мясцовыя віды паліва: дровы, шчэпкі, торф. Па трох кацельнях распрацавана тэхніка-эканамічнае абгрунтаванне на іх рэканструкцыю і перавод на электраэнергію, — дзеліцца планамі на перспектыву Аляксандр Аксяновіч. — Ёсць у нас і больш глабальныя праекты. У прыватнасці, будаўніцтва новай камбінаванай кацельні на шчэпках і газе плануецца ў пасёлку Акцябрскі. У стадыі распрацоўкі крыніцы яе фінансавання. Пачалося праектаванне кацельні ў Забалоцці на мясцовых відах паліва, наступны крок — будаўніцтва кацельні з выкарыстаннем электраэнергіі. У пачатку года ў Крывой Бярозе ўвялі кацельню на фрэзерным торфе, і на дадзены момант ідзе рэканструкцыя кацельні ў Зялёным Бары, якая будзе працаваць таксама на торфе. На тэрыторыі раёна ёсць торфапрадпрыемства, якое пастаўляе нам сыравіну. У суфінансаванні будаўніцтва азначаных вышэй кацельняў прымае ўдзел Міністэрства энергетыкі. Паралельна працуем над пытаннямі рэканструкцыі цеплавых вузлоў і сістэм рэгулявання ў жыллёвым фондзе. Акрамя таго, дадаткова распрацоўваем праекты пяці кацельняў на перспектыву. Працуем на апярэджанне падзей: магчыма, у будучыні з'явіцца фінансаванне, а ў нас ужо будзе гатовая дакументацыя.

Адходы ў даходы

Значная ўвага аддаецца збору цвёрдых камунальных адходаў і здабычы з іх другасных матэрыяльных рэсурсаў. У Смалявічах будуецца другая чарга палігона для гэтых мэт. Паколькі палігон знаходзіцца паблізу ад аэрапорта, для бяспекі прадугледжваецца ўстаноўка сістэм адпужвання птушак сумесна з Інстытутам заалогіі Нацыянальнай акадэміі навук. Гэты аб'ект дазволіць больш якасна праводзіць прыёмку адходаў, сартаваць іх. «Сёння мы вымушаны размяркоўваць патокі па міні-палігонах. Але іх неабходна закрываць наогул, — тлумачыць Аляксандр Аксяновіч. — Гэта адно з патрабаванняў Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя ў частцы работы з бытавымі адходамі.

У мэтах закрыцця міні-палігонаў распрацоўваюцца праекты па іх рэкультывацыі. Акрамя таго, сумесна з мясцовымі органамі ўлады прадпрыемства працуе па ўладкаванні дадатковых кантэйнерных пляцовак і закупцы кантэйнераў для раздзельнага збору смецця, над тым, дзе размясціць лініі сартавання і прасавання: на палігоне або побач з ім. Галоўнае, каб было зручна і кампактна, як кажуць, усё пад рукой.

Кадры вырашаюць многае

У дыс­пет­чар­скай ЖКГ. На­мес­нік на­чаль­ні­ка па ідэа­ла­гіч­най  ра­бо­це Андрэй Скля­рэн­ка і дыс­пет­чар Ве­ра Ру­ба­на­ва.

На прадпрыемстве на поўную магутнасць функцыянуе адзіная дыспетчарская служба з кароткім нумарам 115 з выкарыстаннем праграмнага забеспячэння камунальнага ўнітарнага прадпрыемства «Цэнтр інфармацыйных тэхналогій Мінгарвыканкама». Створана яна 1 студзеня 2019 года. Яе мэта — максімальна актыўна і аператыўна рэагаваць на звароты грамадзян у сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі, ажыццяўляць кантроль за прыняццем мер па ліквідацыі праблем, вырашаць пытанні, звязаныя з узнікненнем складаных аварыйных сітуацый. У задачы гэтай службы ўваходзіць таксама забеспячэнне якаснага даведачна-інфармацыйнага абслугоўвання насельніцтва, каардынацыя дзеянняў з пастаўшчыкамі камунальных паслуг, стварэнне празрыстасці і павышэнне ўзроўню абслугоўвання насельніцтва Смалявіч і Смалявіцкага раёна ў сферы ЖКГ.

— Спажыўцы нашых паслуг звяртаюцца з рознымі пытаннямі. У кагосьці тэмпература ў кватэры не адпавядае нормам, у некага кран цячэ, у іншага каналізацыя забілася. Мы перадаём усе заяўкі адпаведным службам, аварыйнай брыгадзе, імкнёмся рэагаваць своечасова на ўсе званкі, — кажа дзяжурны дыспетчар Вера Рубанава. Дарэчы, Вера Анатолеўна працуе на адным месцы ўжо дзесяць гадоў.

А сам дырэктар толькі паўгода як узначаліў калектыў. Як кажуць, генерала робіць світа. Таму Аляксандр Уладзіміравіч шмат увагі аддае падбору прафесійных кадраў, дружнай каманды. «Сёння гэта пытанне нумар адзін, — прызнаецца ён. — І тут ёсць свае складанасці. Смалявіцкі раён — спецыфічны. З аднаго боку, блізкасць да сталіцы дае пэўныя перавагі. З іншага, Мінск прыцягвае моладзь большымі заробкамі. Ды і ў нашым раёне таксама ёсць прыватныя прадпрыемствы, якія прапаноўваюць добрую зарплату. Напрыклад, «Смалявічы-Бройлер».

Але, як кажуць, не працай адзінай жыве чалавек. Утрымаць кадры можна не толькі дастойнай заработнай платай, але і добрымі ўмовамі працы і адпачынку. Гэта выдатна разумее кіраўніцтва ЖКГ.

— У нас праводзіцца шмат культурных, пазнавальных, спартыўных мерапрыемстваў. Нядаўна на кінастудыі «Каменка» прайшоў Дзень здароўя, дзе сабралася каля
70 работнікаў са сваімі сем'ямі, дзецьмі. Увесь дзень яны спаборнічалі па лыжах, па біятлоне, дартсе, каталіся з горак. На кінастудыі якраз здымаўся фільм, таму і туды трапілі. Культурнае жыццё б'е ў нас крыніцай, — лічыць намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Андрэй Склярэнка.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ, Алена ДАЎЖАНОК

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

УНП 600017378.

*Рэклама на партале

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?