Вы тут

Пытанні харчавання і бяспекі пад асаблівым кантролем


Акрамя чатырох тысяч атлетаў і дзвюх тысяч трэнераў і спецыялістаў, якія будуць пражываць у Вёсцы спартсменаў, арганізатарам трэба будзе накарміць 1800 vір-гасцей (высокапастаўленых асоб), каля 1200 прадстаўнікоў СМІ, 500 спецыялістаў тэлевяшчальніка, каля 700 суддзяў і каля васьмі тысяч валанцёраў. Акрамя гэтага, арганізаваць пункты з харчаваннем для балельшчыкаў, дзе павінен быць прадстаўлены асартымент, які паказаў бы асноўны беларускі каларыт.


Начальнік упраўлення па арганізацыі харчавання фонду «Дырэкцыя ІІ Еўрапейскіх гульняў 2019 года» Юлія Краўчанка адзначыла, што абсалютная большасць пастаўшчыкоў прадуктаў харчавання — гэта беларускія прадпрыемствы, імпартаваць будуць толькі тую прадукцыю, якая ў Беларусі не вырабляецца, гэта такія спецыфічныя рэчы, як соевае малако і безглютэнавыя прадукты, якія патрабуюцца для арганізацыі дыетычнага харчавання.

Па вопыце падобных мерапрыемстваў вядома, што ў сярэднім адзін спартсмен з'ядае каля пяці-шасці кілаграмаў ежы ў дзень і заходзіць у сталовую каля чатырох разоў у суткі. Пра тое, якое меню будзе прадстаўлена ў сталовай, што размясціцца ў Вёсцы атлетаў, мы паведамлялі раней. Гэтым разам у Дырэкцыі дадалі, што беларусы збіраюцца здзіўляць замежных спартсменаў не толькі бургерамі з селядцом. «Мы не ставім перад сабой мэту здзівіць атлетаў незвычайнымі стравамі, але свая «цікавінка» ў Мінску будзе: у Вёсцы спартсменаў з'явяцца анімацыйныя станцыі, дзе падчас вячэры шэф-повар будзе абслугоўваць удзельнікаў спаборніцтваў, — расказвае кіраўнік па арганізацыі харчавання ў Вёсцы спартсменаў фонду «Дырэкцыя ІІ Еўрапейскіх гульняў 2019 года» Антон Ягораў, які, дарэчы, мае вопыт работы на Алімпійскіх гульнях у Сочы. — Такога яшчэ не было на спартыўных мерапрыемствах, і гэта стане цікавым шоу — спартсмены змогуць убачыць і пагутарыць з кухарамі, якія гатавалі ім стравы».

Дарэчы, кухары асабіста будуць абслугоўваць спартсменаў і яшчэ з адной прычыны — каб зберагчы ўдзельнікаў спаборніцтваў ад трапляння забароненых рэчываў у ежу, узяць самі атлеты змогуць толькі запячатаную прадукцыю. «Мы распрацавалі шэраг мер для таго, каб не дапусціць пападання ў арганізм атлетаў забароненых рэчываў, напрыклад з прадуктамі харчавання. Ужо вызначаны і віды харчовай прадукцыі, якая будзе падвяргацца дадатковаму допінг-кантролю: у гэтым спісе мяса-малочная прадукцыя, ізатанічныя растворы для піцця і гатовыя замежныя прадукты, якія прыехалі, напрыклад, з Бразіліі, Паўднёвай Амерыкі і Кітая», — расказвае дырэктар Нацыянальнай антыдопінгавай лабараторыі Сяргей Бяляеў. Акрамя таго, у сталовай у Вёсцы спартсменаў будзе ўстаноўлена відэаназіранне.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Загаловак у газеце: Пяць-шэсць кілаграмаў ежы для аднаго спартсмена

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».