Вы тут

Ад старажытных часоў да сучаснасці


Гісторыю сваёй службы прэзентаваў Гродзенскі філіял РУП «Белпошта». У музеі сабрана 300 экспанатаў, сярод якіх ёсць адзінкавыя на ўсю краіну экзэмпляры. Пазнаёміцца з імі могуць як асобныя наведвальнікі, так і вялікія групы. У музеі ёсць штатны экскурсавод.


Аб адкрыцці музея абвясціў адмысловы паштовы ражок. Яго гукі калісьці паведамлялі аб прыбыцці ў горад паштовага дыліжанса. У нашай краіне гэты ражок — рэч рэдкая. Дзьмуць у яго даволі цяжка, расказаў начальнік камерцыйнага аддзела Гродзенскага філіяла Юрый КарПач. Ён паўстаў у вобразе работніка пошты сярэдзіны ХІХ стагоддзя. У гэты перыяд паштавікі насілі спецыяльныя фрэнчы зялёнага колеру і форменныя фуражкі. Дарэчы, гродзенцы прадэманстравалі і форму паштовага ганца перыяду Рэчы Паспалітай. Яе можна ўбачыць у вітрыне музея. Экспазіцыя расказвае аб развіцці службы, якая з даўніх часоў так патрэбна людзям.

— Час не стаіць на месцы. На змену састарэламу абсталяванню прыходзяць новыя тэхналогіі. Аднак вельмі важна захаваць гэты гістарычны пласт, які дазваляе зазірнуць у мінулае, даведацца аб жыцці грамадства, — падкрэсліў падчас адкрыцця музея міністр сувязі і інфарматызацыі Канстанцін Шульган.

Новы аб'ект знаходзіцца ў гістарычнай частцы горада ў так званым Доме сувязі. Раней у памяшканні, адведзеным пад музей, месціўся перагаворны пункт, потым вясельны салон. І вось зараз — яшчэ адна — знакавы для горада турыстычны пункт.

— Спадзяёмся, што наш музей упрыгожыць горад, спадабаецца не толькі гараджанам, але і гасцям. А іх з увядзеннем бязвізавага рэжыму прыязджае ў Гродна з кожным годам усё больш і больш. Думаю, ім спадабаецца і тая сувенірная прадукцыя, якая прапануецца ў спецыяльным аддзеле музея, — адзначыў дырэктар Гродзенскага філіяла РУП «Белпошта» Іван Пратасевіч.

Да адкрыцця экспазіцыі выйшаў у абарачэнне спецыяльны паштовы штэмпель з перавадной каляндарнай датай «Беларусь. Экспазіцыя «Гісторыя Гродзенскай пошты». Падчас урачыстаці можна было пагасіць ім памятныя паштоўкі.

Першую экскурсію правёў Юрый Карпач, які разам з іншымі аматарамі прымаў актыўны ўдзел у зборы матэрыялу — наведваў архіў, бібліятэкі. Некаторыя экспанаты падаравалі гараджане. Напрыклад, гузік ад формы ўзору 1869 года. Ці тэлеграму 30-х гадоў мінулага стагоддзя. Пісьмо-трохвугольнік з фронта набылі ў калекцыянера.

У першую чаргу звяртаюць на сябе ўвагу незвычайныя прадметы. Напрыклад, у паўтара метра вышынёй паштовая скрыня, якая яшчэ да 90-х гадоў ХХ стагоддзя стаяла на пошце ў Ваўкавыску. І, уявіце сабе, карэспандэнцыя вымалася двойчы ў дзень — такі вялікі быў аб'ем перапісак.

Многія яшчэ памятаюць і аўтаматы па продажы канвертаў і паштовак. Яны дзейнічалі ў 70-х гадах, а калі капейкі выйшлі з абарачэння, сталі неактуальныя і зніклі. Перайшлі ў разрад музейных экспанатаў.

У мінулым стагоддзі існавала так званая зваротная тара, калі пасылкі адпраўлялі ў пластыкавых каробках, а пры атрыманні адрасат мусіў пакінуць тару на пошце. Больш шырокае распаўсюджанне займелі, канешне, драўляныя скрыні, якія і цяпер існуюць.

У паштавікоў былі і свае вагі. Акрамя таго, што яны мелі спецыяльныя дзяленні для бандэроляў і пасылак, на іх яшчэ пазначаўся і адпаведны тарыф. Дарэчы, пошта мела і свой спецыфічны пах. Гэта пах сургучу. Рэчыва закуплялася ў цвёрдым выглядзе і награвалася па патрэбе. Кажуць, што для гэтага хапала простай лямпачкі. Ад гэтай «тэхналогіі» пазбавіліся гадоў 20 таму, як і ад штэмпеляў, іх папросту павінны былі знішчыць. Частка нейкім цудам захавалася і таксама ўвайшла ў экспазіцыю. Дарэчы, некаторыя штэмпелі былі для спецыяльных пасылак, напрыклад — «фруктовая».

У цырымоніі гашэння ўдзельнічаюць дырэктар Гродзенскага філіяла РУП «Белпошта» Іван Пратасевіч, міністр сувязі і інфарматызацыі Канстанцін Шульган і намеснік старшыні Гродзенскага гарвыканкама Зоя Кулеша.

Знойдзена нямала ўнікальных дакументаў. Самым каштоўным лічыцца адзін з першых канвертаў, які датуецца 1885 годам. Пісьмо ішло чыгункай з Гродна ў Парэчча. Праз гэтую невялікую станцыю прайшла першая чыгунка больш за 150 гадоў таму. Дарэчы, пошту з экспрэс-цягнікоў на малых станцыях ў той час выкідвалі з вагона на перон.

Адзін са стэндаў прысвечаны ваеннаму перыяду. Па словах экскурсавода, увесь паштовы архіў Гродна часоў акупацыі немцы спалілі. Многае збіралі па іншых раёнах.

— Напрыклад, у Навагрудку захавалася пісьмо аднаго з мясцовых жыхароў, якога завезлі на работы ў Германію, і адтуль ён адправіў ліст сваім родным, — расказвае Юрый Карпач. — Вось што піша той чалавек: «Дарагая цётка Вера, мы ўсе навасельскія працуем на фасфатнай фабрыцы, а дзе знаходзяцца вашы дачка і сын, напішыце нам адрас. Дарагая цётка, ці прыходзяць да вас тыя самыя госці, што забіраюць усё? Калі дойдзе пісьмо, напішы нам...» Але гэта пісьмо так і не дайшло да адрасата. На ім стаіць штамп «АА», нямецкі цэнзар яго не прапусціў.

З паштавікоў патрабавалі якасці апрацоўкі паштовых адпраўленняў. У газеце за 1935 год быў артыкул, дзе пісалі аб парадку дысцыплінарных пакаранняў і штрафаў. Так, за дасыл простага пісьма з вінаватага ўтрымлівалі 20 капеек, заказнога — 40, за газету — 1 рубель. А маглі і пасадзіць пад арышт на 15 сутак за асабліва цяжкія службовыя недагляды.

Былі і свае кулібіны. Работнік гродзенскай пошты прапанаваў выкарыстаць механізм швейнай машынкі для адпраўкі бандэроляў на другі паверх. Каб не бегаць туды-сюды. Прыёмшчыцы дастаткова нажаць на педальку, і каробка з пасылкай паедзе наверх. За гэтую прапанову вынаходнік нават атрымаў прыз на рэспубліканскім конкурсе, але ў практыку яго так і не ўкаранілі. Чарцёж можна ўбачыць у музеі.

Цікава, што дастаўляць пошту маглі не толькі паштавікі. У музеі ёсць дагавор, які быў заключаны са свіслацкім купцом. Той, як кажуць цяпер, выйграў тэндар на гэтую работу. Дагавор датуецца пачаткам ХХ стагоддзя.

— Раней гэта была толькі мужчынская прафесія, але паступова пачалі браць і жанчын. Іх прымалі з умоваў — каб размах рук быў не менш за 120 сантыметраў, — падкрэслівае Юрый Карпач. — Жанчына павінна была пераключаць камутатар не сыходзячы з месца.

А вось пасля вайны на пошце працавалі ў асноўным жанчыны. Такая тэндэнцыя захоўвалася доўгі час. Зараз яна змяняецца. Па словах Юрыя, у абласным філіяле 22 % работнікаў пошты — мужчыны. Усе маюць спецыяльную адукацыю.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».