Вы тут

Сакрэты «Апостала» ад вандроўнага друкара


Выдатны друкар Спірыдон Собаль нарадзіўся каля 1580—1590 гг. у сям’і бурмістра Магілёва. Вучыўся ў школе праваслаўнага брацтва ў Магілёве і Кіеве. З гэтымі гарадамі ў асноўным была звязаная яго далейшая прафесійная дзейнасць. У Кіеве, Куцейне (пад Оршай), Буйнічах (пад Магілёвам) і Магілёве ён стварыў прыватныя друкарні і выдаў кнігі рэлігійнага і адукацыйна-выхаваўчага зместу.


Выява апостала-евангеліста Лукі.

Адметна, што вандроўны друкар у розных месцах і ў розны час перавыдаваў адны і тыя ж кнігі, пры гэтым захоўваліся аднолькавыя тытульныя аркушы. На думку даследчыкаў, так ён рабіў і з мэтай канспірацыі, і каб пазбегнуць канфліктаў з кіеўскім мітрапалітам Пятром Магілам. Магчыма, сам друкар паўторную дадрукоўку кніг без істотных змен лічыў простым працягам першапачатковага накладу. Многія кнігі ў мэтых эканоміі кампанаваў з выданняў розных часоў, з рэшткаў нявыкарыстаных матэрыялаў.

Разабрацца ў гэтых прафесійных тонкасцях і хітрыках друкара дапаможа асобнік «Апостала» (Магілёў, 1638), які захоўваецца ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Кніга змяшчае напісаныя евангелістам Лукой дзеянні апосталаў, саборныя пасланні апосталаў Іакава, Пятра, Іаана, Іуды, 14 пасланняў апостала Паўла і Апакаліпсіс. «Апостал» быў вельмі папулярны і запатрабаваны ў нашых продкаў: з ім праводзілі праваслаўныя богаслужэнні, навучаліся ў школе. Першы раз Собаль надрукаваў «Апостал» у Кіеве ў 1630 г., але пад уціскам Кіева-Пячэрскай лаўры (каму патрэбны канкурэнты?) яго дзейнасць у гэтым горадзе прыпынілася. Друкар быў вымушаны пакінуць Кіеў, не паспеўшы закончыць справу: у большасці экзэмпляраў былі гатовыя толькі «пачаткова-сярэднія» сшыткі. З аркушамі кіеўскага выдання друкар пераехаў у маёнтак Куцейна, што належаў прыхільніку праваслаўя мсціслаўскаму падкаморыю Багдану Статкевічу. Там былі дадрукаваныя астатнія аркушы і з’явілася другое выданне. Пераехаўшы ў Магілёў, Собаль зноў выдаў «Апостал», уключыўшы ў яго кіеўскія сшыткі. Гэта было ўжо трэцяе выданне кнігі. У выніку бібліёграфы да гэтага часу разбіраюцца з собалеўскімі дадрукоўкамі.

Асобнік ЦНБ НАН Беларусі, на жаль, не ў поўнай меры дазваляе ўявіць трэцяе выданне Спірыдона Собаля: у ім адсутнічаюць 8 аркушаў у пачатку, 10 аркушаў у сярэдзіне і канцы кнігі. Але ўявіць, як камплектавалася кніга, дазваляюць вадзяныя знакі паперы, асаблівасці шрыфту і арнаментыкі. Для параўнання мы звярталіся таксама да асобніка з Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Так, у сярэдняй частцы абодвух асобнікаў выкарыстаны шрыфт, у якім літары «З» і «Д» маюць па два віды: «З» — круглявай і вуглаватай формаў, «Д» — з кароткімі і доўгімі «ножкамі» — гэтыя асаблівасці адпавядаюць першаму выданню, значыць, сярэдняя частка асобнікаў была надрукавана ў Кіеве.

А вось з ідэнтыфікацыяй трэцяга выдання не ўсё так гладка. На пераважнай большасці аркушаў выкарыстаны шрыфт з літарамі «З» і «Д» аднаго віду: «З» — круглявай формы, «Д» — з кароткімі ніжнімі штрыхамі, што характэрна для трэцяга выдання. Гэта адпавядае бібліяграфіі і пытанняў не выклікае. Але ёсць і спрэчныя моманты, напрыклад, выкарыстанне літары «зело» (S). Паводле бібліяграфіі, яе быць не павінна ў трэцім выданні, але яна ў асобніках ёсць: «духъ sолъ», «творящаго sлое», «ненавидящи sлое». Іншыя вышэйзгаданыя літары на гэтых аркушах ужыты ў адпаведнай трэцяму выданню форме: «З» — круглявай формы, «Д» — з кароткімі ніжнімі штрыхамі.

Цікава, тут хаваецца памылка бібліёграфаў ці варыянт выдання? Канчаткова высветліць гэту акалічнасць можа параўнанне з іншымі захаванымі асобнікамі.

Што датычыць гравіраванага арнаментальнага ўпрыгажэння «магілёўскіх аркушаў», розначытанняў з бібліяграфіяй няма. У наяўнасці шматлікія прыклады старых моцна зношаных гравіраваных дошак, з якіх адціскаліся застаўкі, радкі вязі. Згублены верхні выступ у застаўках, абламаны верхні вугал у вязі. Часам замест старых дошак, непрыдатных для ўжытку, выразаны новыя.

Адзіная ілюстрацыя ў асобніку — выява легендарнага аўтара кнігі апостала-евангеліста Лукі малога памеру, што характэрна для другога і трэцяга выданняў. Гравюра дадаткова павялічана Собалем рамкай наборнага арнаменту, а адзін з уладальнікаў асобніка яшчэ больш «упрыгожыў» яе, размаляваўшы акварэльнымі фарбамі. Вадзяны знак «Пагоня» сустракаецца толькі ў «магілёўскіх аркушах», на ім пазначаны ініцыялы і прозвішча ўладальніка паперні Сімяона-Самуіла Сангушкі — прадстаўніка вядомага княжацкага рода герба «Пагоня», маршалка аршанскага, кашталяна мсцiслаўскага i вiцебскага, ваяводы вiцебскага.

Заўважна, што асобнік ЦНБ НАН Беларусі актыўна чыталі, часам вечарамі пры свечках: на аркушах захаваліся сляды кропляў воску. Чытачы пазначалі важныя моманты тэксту з дапамогай адзнак «зри» («глядзі») і крыжыкаў на палях. Да XIX ст. кніга ўжо была зачытаная да дзір, таму былым уладальнікам давялося яе рэстаўраваць, падклейваць кожны аркуш. На падклейках бачны штэмпель папяровай фабрыкі «Рэйнер», які сведчыць пра тое, што папера выраблена ў Санкт-Пецярбургскай губерні ў 1854 г. Замест 7 страчаных друкаваных аркушаў устаўлены рукапісныя на блакітнай паперы 1803—1804 гг. з вадзяным знакам «Pro Patria» («За Радзіму»). На прасвет бачна жаночая фігура, якая сядзіць за сімвалічнай агароджай і трымае ў руках шост.

Аркушы верхняга і ніжняга форзацаў устаўленыя падчас рэстаўрацыі XIX ст. За гэта стагоддзе ўладальнікі амаль поўнасцю іх і спісалі. На аркушах адзначаны мешчанін Фадзей Масцючын, Сяргей Казлоў, Васіль Арцем’еў, Карней Масцючын, Андрэй Карнеевіч, Чабатароў, Арцём Масцючын, Ірына Масцючына, Васіль Масцючын, гомельскі купец Сава Заваротнаў, Арцемій Сінязгібаў.

Да аркушаў форзацаў уладальнікі ставіліся прагматычна. Пра гэтую кнігу пісалі мала («В сей книге составлено всяким святым разное чтение апостольское»), асноўную ўвагу ўдзялялі мірскім справам. Вялі грашовыя разлікі: «Получено от мещанина Фадея Иванавича Мастючина денег 126 рублей ассигнациями…». Пазначалі даты смерці сваякоў, асабліва старанна вёў сямейны памянік Сава Фёдараў Заваротнаў («Память умершим роственникам Саввы Фёдорова Заворотнова…»), у яго спісе 10 асоб.

Уладальнікі актыўна практыкаваліся ў напісанні афіцыйных папер і прыватных лістоў: «Милостивый государь батюшка Артем Петрович и радима моя матушка Ирина Васильевна, от сына вашего Василия Артемьева»; «Андрей Корнеевич, желаю зравия на много лета. На вопрос прошу от тебя ответа: “Почему ты так вино возлюбляешь и вседневно везде в пиянстве являешь?” Аминь, аминь духови твоему».

Апошні запіс (памінальны) зроблены ў кнізе 3 сакавіка 1933 г. Асобнік паступіў у аддзел рэдкіх кніг і рукапісаў ЦНБ НАН Беларусі ў 1984 г. з абменна-рэзервовага фонду бібліятэкі.

Падрабязна вывучаючы экзэмпляр, нам удалося дапоўніць некаторыя факты з яго асабістай «біяграфіі». Але ўсе сакрэты «Апостал» (3-е выданне, Магілёў, 1638) так і не раскрыў. Застаюцца нявысветленымі ўсе варыянты друку. Удакладніць бібліяграфію выдання дазволіць даследаванне выяўленых асаблівасцяў у іншых захаваных асобніках.

Алена ЦІТАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?